Стаўбцоўскія перапрацоўшчыкі распрацаваны больш за 200 рэцэптур фруктова-ягадных напаўняльнікаў

Главное Эканомiка

На Стаўбцоўскім філіяле ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» распрацаваны больш за 200 рэцэптур фруктова-ягадных напаўняльнікаў для малочных прадуктаў.

На эксперыментальным участку па вытворчасці фруктовых напаўняльнікаў шчыруюць галоўны тэхнолаг Таццяна Палякова (злева) і вядучы тэхнолаг Вольга Барысевіч

Без напаўняльнікаў нельга вырабіць ёгурты, сыркі, марожанае і іншыя любімыя ўсімі прадукты. Стаўбцоўскія перапрацоўшчыкі пастаўляюць напаўняльнікі розным вытворцам, сярод якіх – прадпрыемствы «Молочный мир», Мінскі малочны завод № 1, «Бабушкина крынка», «Милкавита», Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання, Магілёўская фабрыка марожанага, «Беллакт», «Здравушка милк» і многія іншыя. За восем месяцаў бягучага года выпушчана 595 тон напаўняльнікаў, каля 70 працэнтаў з іх адгружана ў Расійскую Федэрацыю.

– Супрацоўніцтва пачынаецца з заяўкі, і наша задача – дабіцца пэўнага водару, колеру і смаку напаўняльніка, – адзначае галоўны тэхнолаг Таццяна Палякова. – Да прыкладу, маем 20 водараў клубніцаў, і для кожнага вытворцы трэба знайсці свой. Над гэтым працуем ад месяца да паўгода. Распрацоўваем дзясяткі лабараторных узораў, перш чым выйсці на вытворчы аб’ём.

На эксперыментальным участку пануе творчая «кухня». Вядучы тэхнолаг Вольга Барысевіч і лабарант Марына Кукалевіч працуюць тут з першага дня. У вопытных калег вучацца маладыя спецыялісты – Любоў Рываненка і Святлана Дягцярык, абедзве дзяўчыны закончылі Магілёўскі ўніверсітэт харчавання.

Нагадаем, што фруктова-ягадныя напаўняльнікі вырабляюцца на прадпрыемстве з 2014 года на тэхналагічнай лініі фірмы Боема (Італія), разліваюцца ў мяхі асептычныя па 25 кг, а таксама ў ёмістасці па 500, 800 і 1000 літраў. Вытворчасць не прадугледжвае кансервантаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *