Шкатулкі, паштоўкі і шакаладніцы ручной работы. Людміла Няверава расказала аб любімай справе

Соцыум

Людміла Няверава рашыла займацца любімай справай і атрымоўваць добры даход. Ёй 28 гадоў, жыве ў г. Стоўбцы, працуе ў Стаўбцоўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Людміла вырабляе шкатулкі, паштоўкі і шакаладніцы ручной работы.

– Людміла, раскажыце, калі вы пачалі вырабляць шкатулкі?

– Каля чатырох гадоў. Рамесніцтва аформіла тры гады таму. Спачатку гэта былі падарункі для родных. Развіваецца інтарэс да гэтага віду творчасці і падчас работы кіраўніком гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Усё пачалося ад саломапляцення і бісерапляцення. Па інтэрнэту вывучала відэаўрокі. Я адкрыла для сябе розныя тэхнікі (канзашы, пляценне з папяровай лазы, квілінг).

Першай шкатулкай у тэхніцы пляцення стаў велікодны кошык, які стаў узорам на рабоце. Усе былі ў захапленні ад такой прыгажосці.

– Як знайсці час для творчасці?

– Працуючы ў цэнтры, дзе дзве групы дзяцей, свабодны час я знайду. Дома таксама ствараю прыгажосць.

– Якое месца ў доме вы лічыце сваім творчым кабінетам?

– Гэта мой пакой. Зона для творчасці – стол, над ім – палічкі, дзе размяшчаюцца розныя матэрыялы. Мама смяецца: «Колькі не дай палічак, табе ўсё мала».

– Адкуль вы чэрпаеце натхненне?

– Яно можа ўзнікаць само па сабе, могуць паспрыяць і сябры. Напрыклад, яны гавораць: «Давай, паспрабуй!» І я разумею, што магу. Бывае і такое, што «ахутвае» творчы крызіс, нічога не хочацца рабіць. У такой сітуацыі мне трэба адпачыць, і пасля з’яўляюцца новыя сілы.

Для Людмілы выраб шкатулак і хобі, і работа, якая задавальняе. Сёння яна не бачыць свайго жыцця без гэтага. Нават тэлевізар спакойна не можа глядзець, трэба браць нешта ў рукі і ствараць прыгожае.

Свае работы Людміла Няверава выстаўляе ў розных сацыяльных сетках. Калі праходзяць кірмашы ў цэнтры творчасці, яе работы не стаяць убаку.

– Людміла, а для сябе вы вырабляеце што-небудзь?

– Нядаўна зрабіла збан з фаамірана, у які змясціла васількі з рамонкамі. Вельмі ўпрыгожвае наш дом.

Захапленне Людмілы падтрымліваюць бацькі. Калі яна хоча займацца саломапляценнем – бацькі толькі за, трэба паехаць па матэрыял – абавязкова просьба будзе выканана. Бацькі – добрыя дарадчыкі.

Акрамя шкатулак вялікую папулярнасць маюць паштоўкі і шакаладніцы Людмілы. Тут яна карыстаецца тэхнікай квілінгу: з каляровых палосак намотваюцца спіралькі, пасля яны раскручваюцца і ім надаюцца розныя формы, з іх састаўляюцца кветкі, кампазіцыі, робяцца карціны. Попыт на гэтыя вырабы вялікі. Яно і зразумела: паштоўкі вельмі прыгожыя і незвычайныя. Як расказала Людміла, адна пакупніца кожны месяц заказвае розныя паштоўкі. Гэта гаворыць пра давер да рамесніцы.

– Якую б параду вы далі тым, хто хоча таксама ў такім напрамку развівацца?

– Не трэба баяцца спрабаваць, нават рызыкаваць, нельга сумнявацца ў сваіх сілах. На кожную работу знойдзецца свой пакупнік.

У далейшых планах Людміла хацела б здаваць свае вырабы ў арэнду ў Мінску. Пажадаем ёй поспехаў і творчага натхнення!

Гутарыла Марына Кутас, фота аўтара



Tagged

1 комментарий по теме “Шкатулкі, паштоўкі і шакаладніцы ручной работы. Людміла Няверава расказала аб любімай справе

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *