«Адна на ўсіх прафесія». Міліцэйская дынастыя сям’і Рыбакоў

Главное Міліцэйскі веснік Спецвыпускі «Праменя»

Такую міліцэйскую дынастыю, як сям’я Рыбакоў, у раённым аддзеле ўнутраных спраў наўрад ці знойдзеш. Сувязь з міліцыяй ідзе ў іх з трэцяга пакалення, ці ўжо больш за шэсць дзесяцігоддзяў, і іх міліцэйскі радавод налічвае шэсць чалавек, палова з іх – гэта дзеючыя супрацоўнікі міліцыі.

Так, Ірына Аляксандраўна, не зважаючы на пенсійны ўзрост, працягвае працаваць у райаддзеле старшым інспектарам групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці. Сын Ілья – оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку РАУС. Дачка Алена – інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Цэнтральнага РУУС г. Мінска.

На работу ўзяў… будучы муж

Але аб усіх членах гэтай разгалінаванай дынастыі па парадку.

Пачынальнікам яе з’яўляецца Крывашчокі Аляксандр Сцяпанавіч, які працаваў у Стоўбцах у 60-х гадах мінулага стагоддзя намеснікам начальніка міліцыі. З гэтай пасады быў пераведзены начальнікам райаддзела міліцыі ў г. Чэрвень, адкуль і выйшаў на заслужаны адпачынак.

Дачка Аляксандра Сцяпанавіча, Ірына, закончыла ў свой час палітэхнікум. У міліцыі працаваць не збіралася, але, тым не менш, трапіла ў гэтую сістэму. Першым яе працоўным месцам было ўпраўленне пажарнай аховы УУС Мінаблвыканкама. Калі вярнулася ў Стоўбцы, знаёмая з інспекцыі выпраўленчых работ, А. А. Сідарэнка, у размове незнарок паведаміла: «Ідзі ў РАУС. Нам патрэбна машыністка».

Ірына Аляксандраўна параілася дома з бацькам. «Ён, як заўсёды, падтрымаў. Але самае цікавае, – заўважае Ірына Рыбак, – на работу браў мяне… будучы муж».

Да шлюбу і жыў на рабоце

Пётр Рыбак працаваў на той момант «замполитом». Быў вопытным кіраўніком, выпускніком Ленінградскага вышэйшага палітычнага вучылішча імя 60-годдзя ВЛКСМ МУС СССР.

У міліцыю Пётр Пятровіч прыйшоў па прыкладзе свайго дзядзькі Рыбака Якава Рыгоравіча.

– Пасля арміі закончыў сярэднюю спецыяльную школу міліцыі імя Фрунзэ ў Мінску. Гэта быў 1980, алімпійскі, год, таму мяне накіравалі ахоўваць правапарадак у Стайкі, дзе пражывалі спартсмены з розных краін свету, – прыгадвае ветэран міліцыі.

У яго, ураджэнца Дзяржынскага раёна, міліцэйская біяграфія выдалася вельмі насычанай. Служыць давялося ў аддзелах міліцыі ў Маладзечне, Смалявічах, Барысаве… Асабліва запомнілася служба ў Смалявічах, дзе на працягу пяці гадоў працаваў у аддзяленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Шмат чаму навучыўся ў Ф. Я. Глушакова, В. К. Буднікава, В. І. Курлёнка.

У 1990 годзе Пётр Рыбак быў пераведзены на пасаду намесніка начальніка Стаўбцоўскага РАУС. Вучыў моладзь прафесійным якасцям, прычым, як і патрабаваў тадышні начальнік Валерый Рыбальчанка, – асабістым прыкладам. Не зважаючы на час і графік дзяжурстваў, у складзе рэйдавай групы разам з Г. Б. Круцько, А. І. Пілінкевічам, Ю. С. Каленчыцам, М. М. Віцько, А. К. Дзяржынскім выязджаў на затрыманне п’яных вадзіцеляў, на месцы здарэнняў і да т. п.

– Да шлюбу муж фактычна і жыў у райаддзеле, – дадае Ірына Рыбак.

Стаўшы сямейным чалавекам, Пётр Пятровіч   перайшоў працаваць у пашпартна-візавую службу. Кіраваў ёю да сярэдзіны 2006 года, абапіраючыся ў першую чаргу на такія каштоўныя кадры, як пашпартыстка Марыя Шыманская.

У адстаўку пайшоў, маючы за плячыма 28 гадоў міліцэйскага стажу. Але без справы не сядзіць і сёння. Знайшоў сабе прымяненне ў падраздзяленнях аховы.

«Адно акно» міліцыі

Старшы інспектар групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці Ірына Рыбак па-жаночы тонка рэагуе на мікраклімат у райаддзеле. За яе амаль 30-гадовую працоўную дзейнасць змянілася нямала начальнікаў міліцыі, і Ірына Аляксандраўна з удзячнасцю называе тых, каму ўдавалася сеяць у калектыве прыстойнае, справядлівае, інтэлігентнае. Гэта А. М. Савасцей, У. І. Лобач. У іх ліку і цяперашні кіраўнік – І. А. Мамайка.

Група рэжымна-сакрэтнай дзейнасці адказвае за дакументаабарот, у тым ліку за работу са зваротамі грамадзян. Яна аснашчана адмысловымі камп’ютарнымі праграмамі. Ірыне Аляксандраўне дапамагла з іх асваеннем маладая калега, загадчыца групы Ірына Цярэня.

– Нагрузка вялікая, але ёсць жаданне не падвесці свой калектыў і райаддзел у цэлым, – робіць выснову Ірына Рыбак.

Сын – капітан, дачка – старшы лейтэнант

Дзеці Ірыны і Пятра Рыбакоў ганарацца сваімі бацькамі і ўжо самі даюць падставы для бацькоўскай гордасці.

Сын Ілья пачынаў у РАУС з міліцыянера патрульна-паставой службы, радавога, на даны момант ён оперупаўнаважаны, капітан. Зарэкамендаваў сябе на пасадах участковага інспектара, інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх. Юрыдычную адукацыю атрымаў у Беларускім інстытуце правазнаўства.

Гэтую ж ВНУ закончыла і дачка Алена. У яе мара працаваць у міліцыі нарадзілася яшчэ ў дзяцінстве. «Гэта – ад таты», – упэўнена матуля. Падчас вучобы ў Алены была практыка ў розных праваахоўных органах – міліцыі, пракуратуры, судзе. Атрымаўшы дыплом у 2015 годзе, прыйшла служыць у Цэнтральны РУУС г. Мінска, у якім раней практыкавалася.

Алена мае званне старшага лейтэнанта. Сёлета (пасля дадатковага вывучэння англійскай мовы) прымала ўдзел у абслугоўванні ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Сямейныя сюрпрызы

– У міліцэйскай сям’і шмат гавораць пра работу? Якое месца займаюць прафесійныя святы? – цікавімся ў Ірыны і Пятра Рыбакоў.

– Зразумела, што гаворым пра работу шмат, але ў нас усё вельмі дружна. Нядаўна ў мяне быў дзень нараджэння – дык усе рыхтавалі сюрпрызы, – прызнаецца Ірына Аляксандраўна. – Мы заўсёды рады адзін аднаму незалежна ад таго, свята гэта ці не. А прафесійныя святы адзначаем па-сямейнаму цёпла, хоць часцей за ўсё – не ў поўным саставе. Нехта абавязкова на рабоце.

Такая ў гэтай сям’і прафесія – адна на ўсіх…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *