У Стоўбцах уручылі грашовыя сертыфікаты пераможцам агляду-конкурсу двароў

Важное Соцыум

У Стоўбцах уручаны грашовыя сертыфікаты пераможцам агляду-конкурсу двароў. Сумы значныя, таму чым не нагода сцвярджаць: «Мой двор – мой гонар!»

Нагадаем, што па выніках агляду-конкурсу ў ліку пераможцаў названы двары дамоў па вуліцы Сацыялістычнай, 3 (намінацыя «Дамы, якія маюць да двух паверхаў») і па вуліцы Энгельса, 4-а (намінацыя «Дамы, якія маюць звыш двух паверхаў»). Рашэнне аб уручэнні пераможцам грашовых сертыфікатаў на суму 5 тысяч і 20 тысяч рублёў адпаведна прынята раённым выканаўчым камітэтам і падтрымана дэпутатамі раённага Савета дэпутатаў.

Жыльцамі названых дамоў на працягу многіх гадоў шмат укладзена ўласных сродкаў у добраўпарадкаванне тэрыторый вакол сваіх дамоў, а дзякуючы сертыфікату ў наступным, 2020 годзе на гэтыя мэты ім будзе аказана значная падтрымка з бюджэту (грошы выдзелены ў безнаяўнай форме).

– Сертыфікат прадугледжвае выкананне работ па добраўпарадкаванні, прычым у першачарговым парадку. Што менавіта неабходна зрабіць, вы вырашыце самі, – звярнуўся да жыльцоў падчас яго ўручэння намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака.

Ганарацца сваім дваром жыльцы дома № 3 па вуліцы Сацыялістычнай

Да будучай вясны ў жыльцоў названых камунальных дамоў ёсць час падумаць, абмеркаваць і скласці, так бы мовіць, спіс сваіх жаданняў. Жыльцам іншых дамоў – таксама нагода задумацца, таму што агляд-конкурс двароў пад эгідай Стаўбцоўскага АКС працягнецца і ў наступным годзе, а сумы, выдаткаваныя пераможцам, – гэта сур’ёзны стымул працаваць над аздабленнем сваіх двароў.

Жыльцы дома № 3 па вуліцы Сацыялістычнай выказалі ўдзячнасць за сюрпрыз у выглядзе грашовага сертыфіката. «У нас ужо сёння ёсць што паказаць, але будзем працаваць і далей, каб ганарыцца сваім дваром», – выказалася сям’я Аляксандра Шарапы.

Дом № 3 невялікі, на чатыры кватэры, таму яго атмасфера сапраўды нагадвае дамашнюю, унутрысямейную. Нездарма нехта падаў ідэю сабрацца ўсім дваром, каб адзначыць уручэнне сертыфіката.

Ад жыльцоў дома № 4-а па вуліцы Энгельса дружна прагучала: «Дзякуй, што ацанілі нашу творчасць!»

Уручэнне сертыфіката жыльцам дома № 4-а па вуліцы Энгельса

Сапраўды, у гэтым доме не чатыры, а 24 кватэры, таму «голас» дома чутны здалёку. Больш таго, тут шмат дзяцей. «20 тысяч рублёў! Вось і папрацавалі!» – не пераставалі здзіўляцца самі сабе жыльцы-суседзі.

Сертыфікат быў уручаны Таццяне Лаўрыновіч, якая прапанавала ідэю стварэння ў двары дзіцячай пляцоўкі. А рэалізоўвалі яе ўсе разам, сем’ямі, каля двух месяцаў. Варта назваць найбольш актыўных. Гэта Галіна Шчэцька, Наталля Яўсейчык, Наталля Лапко, Мікалай Стома, Генадзь Шчэцька, Вадзім Лаўрыновіч, Дзмітрый Яўсейчык і інш.

– У добраўпарадкаванні двароў нам без удзелу жыльцоў не абысціся, – падсумаваў Аляксандр Цывака. – Стэрэатып, што ўсё зробіць арганізацыя ЖКГ, ужо застаецца ў мінулым. Ды адна справа прыбраць двор ад смецця, і зусім іншая – аздобіць і аснасціць яго, каб ён цешыў вока і быў утульным, камфортным і, немалаважна, выхоўваў і прывучаў цаніць і берагчы тое, што зроблена для сябе і ўсіх, уласнымі рукамі і сумесна.

Аляксандр Цывака, улоўліваючы агульны настрой, зазначыў: «Калі жыльцы гатовы, будзем працаваць разам».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *