Моладзь Стаўбцоўшчыны расказала, што для іх значыць студэнцкае жыццё

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны

Міжнародны дзень студэнта адзначаўся ў лістападзе. Пра тое, што значыць студэнцкае жыццё для сучаснай моладзі, расказалі чытачы «Праменя», якія вучацца ў розных установах адукацыі.

Аліна Калкоўская, аг. Шашкі, студэнтка другога курса Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (прыборабудаўнічы факультэт):

–       Студэнцкае жыццё для мяне – самы лепшы час за мае 18 гадоў. Зразумела, галоўнае – гэта вучоба. На першым курсе ў нас былі школьныя прадметы, было лягчэй. Цяпер – другі курс, вельмі цікава даведацца пра нешта новае. Але апрача гэтага захапляе і само жыццё ўніверсітэта. Нядаўна мы ўдзельнічалі ў мерапрыемстве «Дзень першакурсніка», былі арганізатарамі, таксама дапамагалі ў квэст-гульні. Сесіі праходзяць вельмі цікава, хаця бывае і крыху страшна. У кожнага выкладчыка свой падыход і розны метад здачы экзаменаў і залікаў. Першы семестр аказаўся лёгкім, так як мы былі навічкамі. Сярод  прадметаў – фізіка, матэматыка, хімія, інжынерная графіка… Хочацца прыгадаць дысцыпліну «Стандартызацыя нормаў дакладнасці». Мы здавалі залік па некалькі разоў – па тры ці чатыры, а некаторыя і па сем разоў. Гэта было вельмі складана, бо ты павінен умець рашаць задачы і ведаць тэорыю. Я адна дзяўчына ў групе.  Мне пашанцавала быць у ёй: рабяты вельмі добрыя і вясёлыя. Самае лепшае – гэта жыццё ў інтэрнаце. Я вельмі рада, што паступіла ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

Вольга Юнцэвіч, аг. Засулле, студэнтка чацвёртага курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (Інстытут інклюзіўнай адукацыі):

–       Студэнцкае жыццё для мяне – гэта пераадоленне цяжкасцяў у вучобе, набыццё вопыту па спецыяльнасці, а таксама прыемны вольны час у коле аднакурснікаў. Гаворачы пра студэнцкае жыццё, я ўспамінаю найперш слова «сесія». Падчас яе ўсе студэнты, і я ў тым ліку, спрабуюць ухапіцца за ўсё тое, што ўпусцілі. Час сесіі праходзіць вельмі хутка, бо перад кожным экзаменам ты рыхтуешся практычна цэлыя суткі. З аднаго боку, сесія – гэта вынік ведаў за семестр, пасля чаго наступаюць канікулы, што з’яўляецца плюсам. З другога боку, сесія – гэта тое, што хочацца адкладаць на доўгі час. Але ў пачатку зімы і летам трэба здаваць экзамены, шукаць шмат інфармацыі, і ад гэтага нікуды не дзецца. Самая складаная дысцыпліна для мяне, бадай, лагапедыя, таму што ёсць матэрыял, які вывучаецца толькі тэарэтычна і на практыцы не прымяняецца. Нягледзячы на гэта, лагапедам я ўсё ж такі хачу стаць, бо люблю дзяцей і працаваць з імі мне вельмі падабаецца.

Хрысціна Тарасевіч, в. Зарэчча, студэнтка чацвёртага курса Баранавіцкага тэхналагічнага каледжа:

–       Я атрымоўваю спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага харчовых вытворчасцяў і кандытара. Момант паступлення ў каледж для мяне быў хвалюючым – іншы горад, новыя знаёмствы, новыя прадметы, якіх не было ў школе, і новыя патрабаванні. Цяпер я ўжо на чацвёртым курсе і з лёгкасцю магу сказаць, што студэнцтва – гэта лепшы час у жыцці маладых людзей. Гэта спачатку: аж 10 прадметаў, патрабавальныя выкладчыкі – магу і не справіцца. Пасля ўзнікаюць думкі: «Навошта ты сюды паступіла?» Я вельмі баялася, што першую сесію не здам, прыйдзецца ісці працаваць без адукацыі. Аднак экзамены вытрымала паспяхова і зразумела, што баяцца няма чаго: у цябе ёсць канспект, выкладчык дае табе дастаткова матэрыялу. Таму ў гэтай сітуацыі ўсё залежыць ад адказнасці студэнта. Ты паўдня знаходзішся ў каледжы, а табе яшчэ трэба прыдумаць, што прыгатаваць на вячэру. Мне здаецца, ад студэнцкага жыцця трэба браць усё, бо гэты час не вернеш ужо ніколі.

Марына КУТАС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *