Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў і благаславіў ўстаноўленыя крыжы на касцёле святога Казіміра ў Стоўбцах

Главное Культура

На новабудоўлі касцёла святога Казіміра ў Стоўбцах на вежы ўстаноўлены крыжы. Іх асвяціў і благаславіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Гэтыя тры крыжы відаць здалёку. Як і сам гмах касцёла, які стаў асабліва прыцягальным сваёй блізкасцю да завяршэння будаўніцтва.

У гэты сонечны лістападаўскі дзень на касцёльным двары сабралася так шмат вернікаў, як і ў святочныя дні. Гэта ж сапраўднае доўгачаканае свята. Спачатку ж у звыклай для вернікаў капліцы адбылося набажэнства, якое правёў арцыбіскуп. Затым Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама ксяндзы канцлер Дзмітрый Пухальскі і прэлат Андрэй Стэцкевіч здзейснілі благаславенне крыжоў.

Падчас набажэнства і ў прамаўленні на цырымоніі благаславення і ўсталявання крыжоў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч засяродзіўся на сімволіцы і значэнні Крыжа ў жыцці хрысціян.

«Езус сваёй пасхальнай таямніцай смерці і ўваскрэсення выбавіў чалавецтва з палону граху. Дзякуючы гэтаму крыж, вядомы як прылада жудаснай смерці, стаў знакам збаўлення. Крыж з’яўляецца сімвалам любові Бога да чалавека, знакам надзеі. Крыж дае сэнс нашаму жыццю. З хрысціянскага пункту гледжання жыццё чалавека нельга ўспрымаць толькі як нараджэнне, працу, цярпенне і смерць, якой усё завяршаецца. Перад намі вечнасць, да якой вядзе Крыж», – прамовіў арцыбіскуп. Ён адзначыў, што крыжы над стаўбцоўскім касцёлам будуць паказваць усім, хто на іх глядзіць, шлях да неба.

«Касцёл – гэта месца сустрэчы чалавека з Богам. Да гэтай сустрэчы кліча нас крыж на касцёльнай вежы. І ў мітусні свету ён заклікае нас адарваць позірк ад зямлі і скіраваць яго да неба. Гэта натхняе жыць не толькі справамі мірскога свету, але і духоўнымі»,  – адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч.

Было сказана і аб асаблівым значэнні ўсталявання крыжоў. У перыяд ваяўнічага атэізму іх нішчылі, ламалі, скідвалі з вежаў касцёлаў. Сёння прыйшоў іншы час. «Мы ўсталёўваем крыжы, вяртаем іх на самыя ўзнёслыя месцы. Але гэтага замала: неабходна, каб Крыж быў у нашых сэрцах, бо тады мы будзем яго праўдай», – сказаў Тадэвуш Кандрусевіч.

І вось урачысты момант. «Бо праз Крыж і муку свет адкупіў Ты», – пад спевы вернікаў асвечаныя крыжы ўзносяцца на верхавіну касцёла.  Большы з іх устаноўлены на сігнатуры – касцёльнай вежы, дзе адвечна ў касцёлах знаходзіўся звон, які абвяшчаў важнасць момантаў у набажэнствах. Два іншыя высяцца побач, на выступах бакавых сцен. З’явіцца крыж і на галоўнай вежы святыні.

Набліжаецца час, калі вернікі стануць збірацца на Імшу ў новым касцёле, і паспрыяе таму дапамога саміх людзей, ахвярадаўцаў. І на згаданай урачыстасці (гэты момант вы бачыце на здымку) былі адзначаны падзякамі ад парафіі святога Казіміра тыя, хто выдзеліў свае сродкі на выраб гэтых крыжоў. Цёпла ўсе віталі шчодрасць сям’і Таццяны Навасельскай, Івана і Тэрэзы Лемешаў, калектыву ТАА «Моцны рэсурс», дзе кіраўніком з’яўляецца Віктар Шымак. Ахвяраваць на святую справу – гэта высакародна і ўдзячна, тым больш, што ўсё бліжэй час, калі званы стануць склікаць у новы храм. Шмат залежыць ад спонсараў, усіх, хто ўнёс сваю лепту ў святую справу.

Усім бачна тая самаадданасць, з якой рупіцца над узвядзеннем касцёла ксёндз Ігар Лашук. У штодзённым пастырскім служэнні ён не шкадуе часу і на справы будаўніцтва, стварэння ўтульнасці для вернікаў.

Божай дапамогі!

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Святланы ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *