Прымаць удзельнікаў раённага свята «Дажынкі» ў наступным годзе выпаў гонар ААТ «Налібакі Агра». Прыняў эстафету ад калег-суседзяў дырэктар таварыства Віталій Кушнер.
Налібаччане заслужылі такое права сваёй шчырай і напружанай працай. Руплівыя хлебаробы гаспадаркі былі адзначаны на сёлетніх дажынках дыпломамі і прэміямі. А гэтымі днямі быў заахвочаны і кіраўнік. За дасягнутыя высокія паказчыкі ў рабоце калектыву, які ён узначальвае, Віталій Кушнер атрымаў Грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Павіншаваць юбіляра з узнагародай і прафесійным святам сельскіх працаўнікоў, якое супала сёлета з днём нараджэння Віталія Кушнера, завіталі ў таварыства старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень і в. а. начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Іван Загдай.
Варта адзначыць, што за шматгадовую і плённую працу ў галіне сельскай гаспадаркі, дасягненне значных паказчыкаў у рабоце дырэктар ТАА «СЖК «Налібакі» ў 2017 годзе ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».
Віталій Іванавіч скончыў Беларускі інстытут народнай гаспадаркі. Працаваў у Лагойскім раёне, дзе і пачалася яго кар’ера ў якасці кіраўніка. І на Стаўбцоўшчыне, малой радзіме, ён працягнуў любімую справу, назаўсёды звязаўшы свой лёс з вёскай.
На працягу апошніх гадоў сельгаспрадпрыемства з’яўляецца флагманам раёна па вытворчасці малака. Сёлета жывёлаводы СЖК «Налібакі» працуюць з яшчэ большым натхненнем. Яны не толькі захоўваюць лідарства, але і нарошчваюць вынік, не саступаючы заваяваных пазіцый, і ўпэўнена рухаюцца да дзевяцітысячнага рубяжу. Ладзяцца справы і ў раслінаводчай галіне. Па ўраджайнасці збожжавых культур хлебаробы на пятым месцы ў раёне, а па выхадзе збожжа на бала-гектар – на другім. Сабрана на круг 505 цэнтнераў зялёнай масы кукурузы – лепшы паказчык, намалочана звыш 150 цэнтнераў зерня кукурузы. Перавыкананы план па нарыхтоўцы кармоў для грамадскай жывёлы. Віталій Іванавіч – наватар. У гаспадарцы ўкараняюцца новыя, прагрэсіўныя метады работы, што дазваляе аблегчыць працу жывёлаводаў. Будуюцца сучасныя жывёлагадоўчыя памяшканні. Летась узведзены «клюшачнік» з даільнай залай, сёлета плануецца здаць у эксплуатацыю яшчэ адзін. Яно і зразумела: калі ёсць прадукцыя палёў і фермаў, калі ёсць тавар, які карыстаецца попытам, можна гаварыць і аб расшырэнні вытворчасці, набыцці новай тэхнікі.
Віталій Іванавіч узначальвае калектыў дзявяты год. Пад яго кіраўніцтвам работнікі гаспадаркі не толькі дасягаюць высокіх паказчыкаў, а працаўнікі жывёлагадоўчай галіны пастаянна ў прызёрах раённых конкурсаў прафесійнага майстэрства. Падабрана дружная, здольная выконваць пастаўленыя задачы каманда спецыялістаў-аднадумцаў.
Свайго дырэктара работнікі паважаюць. Ён хоць і строгі, трымае дысцыпліну, але справядлівы. Прынцыповы і патрабавальны не толькі да падначаленых, але і да сябе. Ён пастаянна ў таварыстве: на полі або на ферме, там, дзе «слабае месца», дзе патрэбна дапамога або ўзнікла праблема. Мае падыход да людзей і ніколі не пакрыўдзіць словам. Уважлівы і тактоўны. Кожнага наведвальніка абавязкова выслухае і дапаможа вырашыць пытанне, калі гэта ў яго сілах. І калегам не адмовіць, дасць слушную параду.
Мэтанакіраванасць, упартасць у дасягненні мэты, прыстойнасць – якасці характару, якія забяспечылі дырэктару высокі аўтарытэт сярод працаўнікоў гаспадаркі, сярод калег, кіраўніцтва раёна і вобласці.
Шчыра віншуем Віталія Кушнера з высокай адзнакай яго нялёгкай працы і жыццёвым юбілеем. Жадаем здароўя і далейшых поспехаў на ніве сельскай гаспадаркі.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара