У Стоўбцах прайшоў семінар, прысвечаны Міжнароднаму дню інвалідаў

Соцыум

Напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў на базе нашага раёна прайшоў семінар. Ён меў сваёй мэтай абмеркаваць пытанні дапамогі інвалідам, якія займаюцца дэкаратыўна-прыкладной і іншай творчасцю, у рэалізацыі іх вырабаў.

Семінар адбыўся ў Стаўбцоўскім цэнтры народнай творчасці. Гэтая ўстанова культуры была выбрана для такога абласнога мерапрыемства не толькі таму, што тут былі праведзены майстар-класы, але і каб паказаць, як рэалізоўваюць сябе інваліды ў жыцці. У складзе калектыву тры чалавекі маюць такі статус па стане здароўя.

Размова аб надзённым старшыні Мінскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Ганны Гарчаковай (злева) са старшынёй Стаўбцоўскай раённай арганізацыі Зінаідай Катлашэўскай

Мерапрыемства прайшло з высокім прадстаўніцтвам: прыбылі старшыня Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімір Патапенка, старшыня Мінскай абласной арганізацыі Ганна Гарчакова. Яны, інваліды-калясачнікі, праводзяць вялікую работу ў грамадстве па сацыялізацыі інвалідаў.

У рабоце семінара бралі ўдзел старшыні раённых арганізацый Беларускага таварыства інвалідаў Мінскай вобласці з дэлегацыямі.

Наталля Макава (справа) і Таццяна Шаўчук (у цэнтры) прэзентуюць выставу

Быў прадстаўлены вопыт работы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Стаўбцоўскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Загадчыца аддзялення Наталля Макава і інструктар па працоўнай тэрапіі Таццяна Шаўчук арганізавалі выставу работ, выкананых маладымі інвалідамі. Як зрабілі акцэнт супрацоўнікі гэтага аддзялення, яны імкнуцца скарыстаць любую магчымасць, каб прадставіць гэтыя работы, прыдатныя ў быце і для падарункаў, аздаблення інтэр’ераў. І звяртаюць увагу, што кожная пакупка – гэта акт дабрачыннасці, накіраваны на падтрымку людзей з абмежаваннямі ў здароўі. Многія з іх па медыцынскіх паказаннях не могуць быць залічаны ў штат, а выконваючы такую мастацкую работу, яны занятыя. І важна знайсці магчымасць рэалізоўваць іх вырабы, што стане для іх матывацыяй да развіцця творчасці і падтрымкай іх бюджэту.

(справа) Старшыня Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімір Патапенка

Ва ўступным слове старшыня Стаўбцоўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Зінаіда Катлашэўская падкрэсліла важнасць вынесенага на парадак дня пытання, яго патрэбна вырашаць з новымі падыходамі, з магчымасцямі, якія даюць сучасныя тэхналогіі.

Удзельнікаў семінара прывітала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль і таксама адзначыла актуальнасць пытання падтрымкі творчых людзей з абмежаваннямі ў здароўі.

Лекцыя Аляксея Языкава

Менавіта на гэтым была сканцэнтравана лекцыя з відэапрэзентацыяй, якую правёў Аляксей Языкаў. Гэта бізнесмен са сталіцы, які мае прыватную справу і лічыць абавязкам сэрца рэалізоўваць такія сацыяльныя праекты, расказваць, як можна стварыць бізнес. Выступленне было вельмі цікава пабудавана на канкрэтных прыкладах. Лектар пазнаёміў прысутных са спецыяльнымі сайтамі, якія з’яўляюцца пляцоўкай для размяшчэння вырабаў ручной работы з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў, даў спасылкі, расказаў, які доступ да гэтых рэкламных пляцовак, а таксама пазнаёміў з механізмам правядзення разліку за прададзеныя рэчы. Прысутныя маглі задаць свае пытанні.

Злева направа: Ганна Кульбака, Валянціна Рабацько, Таццяна Дзярнейка – удзельніцы народнага хорународнай песні «Панямонь»

Такая практычная форма правядзення семінара, якая спрыяла паглыбленню і сістэматызацыі навыкаў работы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве з інвалідамі, пакінула ўдзячныя водгукі. Як і майстар-класы супрацоўнікаў цэнтра народнай творчасці, а таксама паказаны вясельны народны абрад. У выкананні гэтай праграмы акрамя супрацоўнікаў цэнтра народнай творчасці Марыны Халецкай, Алы Янскай, Таццяны Пяткевіч, Мікалая Шпакоўскага ўдзельнічалі спявачкі народнага хору народнай песні «Панямонь» Валянціна Рабацько, Ганна Кульбака, Таццяна Дзярнейка, члены Навасвержанскай пярвічнай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. Гэтую арганізацыю ўзначальвае майстар народных промыслаў, рамёстваў і фальклору цэнтра народнай творчасці Ала Янская. Чалавек творчы, здольны, яна ўмее аб’яднаць вакол сябе таленты.

Семінар гэты даў надзею і паказаў, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі гатовы ў сучасным свеце інфармацыйных тэхналогій шукаць сябе. А кожны з нас на сваім месцы закліканы працягнуць ім руку дапамогі.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *