Завяршыўся чэмпіянат Беларусі па футболе ў другой лізе

Важное Спорт

Завяршыўся чэмпіянат Беларусі па футболе ў другой лізе, у якім прыняла ўдзел стаўбцоўская каманда «Нёман-Агра».

Пераможцамі турніру сталі футбалісты «Арсенала» з Дзяржынска. На працягу ўсяго чэмпіянату дзяржынцы лідзіравалі, упэўнена перамагаючы сваіх сапернікаў. Больш за сто галоў забітых і толькі 14 прапушчаных – нагляднае сведчанне багатай узброенасці «Арсенала». Моцны састаў, у якім ёсць і ігракі, якія выступалі ў зборнай Беларусі. Як сведчыць прэса, у футбольным развіцці Дзяржынска сталі ўдзельнічаць багатыя замежныя спонсары. Усім гэтым, памножаным на баявы настрой, можна патлумачыць магутны рывок у нашых суседзяў, якія яшчэ летась не былі заяўлены на рэспубліканскай футбольнай арэне.

Пра футбольны клуб з Ашмян сведчыць абрэвіятура ў яго назве. Лёгка расшыфроўваецца, што БДУФК – гэта Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, з якім, зразумела, ашмянцы маюць цесныя стасункі. А яшчэ сярод іх партнёраў – структуры ФК «Дынама» (Брэст), галоўная каманда якога сёлета заваявала званне чэмпіёна Беларусі.

Права пераходу ў першую лігу дадзена і трэцяму прызёру турніру – ФК «Маладзечна». Горад з багатай інфраструктурай становіцца не толькі адным з культурных, але і спартыўных цэнтраў Беларусі.

Зайздросціць ці ўзяць як прыклад для дзеянняў? Прыгадаем, што ў гісторыі нашых нёманцаў быў перыяд, калі яны мелі пэўныя сувязі з агракамбінатам «Ждановічы» і выступалі пад назвай «Дарыда». Сёння ж гэтае багатае сельгаспрадпрыемства апякуецца над клубам «Іслач», які ў чэмпіянаце краіны сёлета ўвайшоў у пяцёрку наймацнейшых.

Сапраўды, у спартыўных прадстаўнікоў вялікіх прамысловых гарадоў са значнай фінансавай базай і кадравымі рэзервамі магчымасці значна большыя. Але ж прыклад футбольных клубаў «Гарадзея», «Арсенал», «Смалявічы», «Ашмяны» паказвае: пры належнай падрыхтоўцы, кадравым умацаванні, падтрымцы спартыўны калектыў можа «выстраліць».

Сёлетні сезон нашы нёманцы правалілі, інакш не скажаш. Вельмі важна цяпер вучыцца на добрым вопыце, а свае памылкі асэнсаваць і іх не паўтараць. Усё ж, аналізуючы вынікі футбольнага сезона, трэба назваць і аб’ектыўныя прычыны няўдалага выступлення.

Свайму станаўленню каманда «Нёман-Агра» шмат абавязана трэнеру Андрэю Мікалаевічу. Стаўбчане двойчы станавіліся чэмпіёнамі вобласці, заваявалі права выступаць у другой лізе чэмпіянату рэспублікі, затым – у першай. На жаль, заўчасная смерць настаўніка, справядліва сказаць, асіраціла і каманду. Відаць, у любым калектыве, а ў спорце – асабліва, адсутнасць вопытнага кіраўніка расхалоджвае. Як бы спартсмен ні трэніраваўся самастойна, ні падтрымліваў рэжым, але вынік не той.

Пасля Мікалаевіча з’явіўся трэнер са сталіцы. Але не спадабалася ў Стоўбцах, і праз нейкі час ён з групай «прывезеных» ім ігракоў пакінулі каманду. Паследавалі паражэнні з буйным лікам, становішча стала трывожным. «Выводзіць з піке» асноўную футбольную каманду Стаўбцоўшчыны даверылі дзеючаму

футбалісту – нападаючаму Дзмітрыю Даўбейку. Спецыялісту з вышэйшай адукацыяй не хапала вопыту, і справа не паляпшалася. І да сёлетняга сезона каманда як след не падрыхтавалася. Да таго ж, рад мясцовых спрактыкаваных ігракоў пакінулі калектыў. Аляксей Рудзянок і Максім Талейка апынуліся ў Мінскім НФК, Валерый Карніцкі і Арцём Сукала – у дзяржынскім «Арсенале», Уладзіслаў Карніцкі, Павел Туміловіч і Уладзіслаў Рубін – у ФК «Узда». Можна ўявіць настрой нашых маладых ігракоў, якія як ні стараліся, з паездак у іншыя гарады вярталіся з горыччу паражэнняў з разгромным лікам. І на сваім стадыёне вынік быў не лепшым. Ужо нават ад роспачы гаварылі аб зняцці са спаборніцтваў. Як гэта зрабілі ў Жыткавічах, дзе мясцовая каманда была расфарміравана, і ў другой лізе паменшала на аднаго ўдзельніка. Вельмі добра, што шляхам ЮАС з Жыткавічаў не пайшла каманда «Нёман-Агра». Рукі падымаць, здавацца ў баі – апошняя справа.

– Нашы футбалісты ўдзячны старшыні райвыканкама Дзянісу Колясеню, які заўсёды падтрымліваў і падтрымлівае раённы спорт, футбольную каманду, – гаворыць трэнер Дзмітрый Даўбейка, – а таксама намесніку старшыні Жанне Лысай і ўсім, хто дапамагае камандзе. І нашым верным балельшчыкам, якія заўсёды запаўнялі стадыён, нават пры няўдалых выніках. Будзем старацца, каб у наступным сезоне нараканняў не было.

Сапраўды, калектыў каманды «Нёман-Агра» пераважна малады, ігракі набіраюцца вопыту. Стараліся варатар Павел Нятрэба, палявыя ігракі Мікіта Калодзінскі, Мікіта Дзенісевіч, Дзмітрый Сцепаненка, Станіслаў Ліхадзіеўскі, Павел Бычынскі, Ігар Рудзянок. Гэтым хлопцам па дзевятнаццаць-дваццаць гадоў. Дружна разам выступаюць Станіслаў Макась, Вячаслаў Пратасюк, Павел Кійко, Андрэй Петрашкевіч, Мікіта Арцюшкевіч. Іх падтрымлівалі, разам дружна ігралі ў камандзе і тыя, каго даўно ведаюць балельшчыкі: Максім Шкураценка, Аляксандр Паляшчук, Сяргей Каток. Разам з вопытнымі таварышамі ў нападзенні дзейнічаў і Дзмітрый Даўбейка.

Цяпер у галоўнага трэнера каманды «Нёман-Агра» клопаты ўжо аб новым сезоне. Згодна з аб’яўленымі ўмовамі спаборніцтваў, дзве апошнія каманды пакідаюць турнір, а значыць, і спыняюць удзел у рэспубліканскім першынстве. Аднак жа могуць ажыццявіцца прапановы аб змяненні рэгламенту спаборніцтваў. Магчыма, аб пашырэнні другога ці стварэнні трэцяга дывізіёна рэспубліканскага турніру за кошт абласных чэмпіянатаў. У любым выпадку ў Стоўбцах будуць гатовы і да выступленняў галоўнай каманды ў прэстыжных спаборніцтвах, і да ігравой практыкі ў турнірах абласнога маштабу маладых дублёраў – выпускнікоў ДЮСШ.

– Пастараемся вярнуць нашых хлопцаў, – выказвае намер Дзмітрый Даўбейка. – Умовы ў тых, хто ва Уздзе, не лепшыя, чым у нас. А калі на радзіме запатрабаваныя, чаго ж думаць? Практыка папаўнення саставу майстравітымі іншагароднімі ігракамі таксама звычайная для ўсіх калектываў. Галоўнае, каб яны не адчувалі сябе «гастралёрамі», а спаўна ўсведамлялі адказнасць за лёс калектыву. І нашых маладых будзем актыўна падключаць да выступленняў. Добра падрыхтуемся – будзе і вынік.

Футбольная Стаўбцоўшчына мае добрыя традыцыі, і яны павінны памнажацца. Сучасная спартыўная база: стадыён, фізкультурна-аздараўленчы комплекс – усё для паўнацэнных трэніровак. Справа гонару нашых спартсменаў – выступаць належна, радаваць перамогамі сваіх прыхільнікаў. А футбол – спорт нумар адзін ва ўсім свеце. І ён візітная картка, ад рэгіёнаў да цэлых краін. Няхай жа Стаўбцоўшчына дастойна выглядае на спартыўнай карце.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *