Канферэнцыя прафсаюзаў АПК прайшла ў Стоўбцах

Важное Сельская гаспадарка

Адбылася ІХ справаздачна-выбарная канферэнцыя Стаўбцоўскага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Канферэнцыі папярэднічала выбарчая кампанія, якая прайшла ва ўсіх 29 прафсаюзных пярвічках. Выбраны адзінаццаць новых старшынь прафсаюзных камітэтаў.

З дакладам аб рабоце райкама прафсаюза за справаздачны перыяд выступіла старшыня райкама прафсаюза Тамара Калошыч, якая адзначыла, што ў сваёй рабоце райкам прафсаюза кіраваўся праграмай асноўных напрамкаў дзейнасці Беларускага прафсаюза работнікаў АПК на 2015 – 2020 гады. Асноўныя яе мэты – абарона сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза, павышэнне ўзроўню іх жыцця, забеспячэнне занятасці, павелічэнне матэрыяльнага і духоўнага дабрабыту людзей працы, стварэнне для іх здаровых і бяспечных умоў для работы, умацаванне сацыяльнага партнёрства, развіццё маладзёжнай палітыкі, арганізацыйнае ўмацаванне структуры прафсаюза. Дарэчы, важнасць шматпрофільнай работы прафсаюзаў адзначыў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на V Усебеларускім народным сходзе.

У прэзідыуме (злева направа) дырэктар ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Дзяніс Дзішук, старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч,
галоўны бухгалтар абкама прафсаюза работнікаў АПК Ларыса Кучура, старшыня прафкама ДУ «Стаўбцоўская раённая ветэрынарная станцыя» Марыя Каспяровіч і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў

У аграпрамысловым комплексе раёна заключана і дзейнічае трохбаковае пагадненне паміж упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, райкамам прафсаюза і раённым саветам Аграпрамысловага саюза. Дзякуючы гэтаму сацыяльнаму партнёрству станоўча вырашаюцца многія надзённыя пытанні.

Гарантам абароны правоў членаў прафсаюза з’яўляюцца калектыўныя дагаворы, якія заключаны і дзейнічаюць у 27 пярвічках. Райкам прафсаюза пастаянна працуе над іх удасканаленнем. Даныя дакументы папаўняюцца канкрэтнымі палажэннямі. Цяпер у калектыўных дагаворах усіх сельгаспрадпрыемстваў прадугледжаны кампенсацыйныя выплаты сем’ям работнікаў, якія загінулі на вытворчасці, у памеры дзесяці гадавых заработных плат. Работнікі, якія страцілі працаздольнасць у выніку няшчаснага выпадку або прафесійнага захворвання, атрымліваюць аднаразовую кампенсацыю ў памеры сярэднямесячнага заробку за кожны працэнт страты працаздольнасці. Такая норма прапісана ў 22 дагаворах. Сёлета ўпершыню заключаны калектыўныя дагаворы ў чатырох арганізацыях прыватнай формы ўласнасці. Аднак, як падкрэсліла Тамара Калошыч, пакуль не ўдалося станоўча вырашыць гэтае пытанне з кіраўнікамі СЗАТ «Агракамбінат «Колас», філіяла «Птушкаферма» СЗАТ «Агракамбінат Колас», СТАА «Мясапрадукт», ТАА «Коласбел Лагістык» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Работа ў даным напрамку будзе працягвацца.

Старшыня райкама прафсаюза адзначыла станоўчую дынаміку мэтанакіраванай і сістэмнай работы па ўнясенні ў калектыўныя дагаворы нормы аб адлічэнні наймальнікамі прафкамам 0,3 працэнта ад фонду аплаты працы на правядзенне культурна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы, прапаганду здаровага ладу жыцця, адраджэнне нацыянальнай культуры. За мінулы год гэтая норма склала ў сярэднім 0,44 працэнта: у ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» пералічваецца адзін працэнт, у ААТ «Стаўбцоўская ПМК» – 0,7 працэнта, у ААТ «Вялікі Двор» – 0,5 працэнта і, што варта ўвагі, у поўным аб’ёме ў эканамічна слабай гаспадарцы – ААТ «Рочавічы».

Найважнейшай задачай для райкама і прафсаюзных камітэтаў застаецца ўключэнне у калектыўныя дагаворы палажэнняў Генеральнага, тарыфнага, абласнога і раённага пагадненняў. Акрамя гэтага, у наступным годзе ўступае ў сілу новая рэдакцыя Працоўнага кодэкса, што пацягне за сабой змяненні і дапаўненні ў калектыўныя дагаворы.

Здароўе і жыцці людзей з’яўляюцца прыярытэтам у рабоце прафсаюзных арганізацый і наймальнікаў. Таму першачарговае значэнне мае стварэнне для іх бяспечных умоў працы і быту. За справаздачны перыяд на вытворчасці адбылося 36 выпадкаў, у тым ліку пяць са смяротным зыходам і 14 – з цяжкімі наступствамі. Тамара Калошыч падкрэсліла, што прычыны застаюцца ранейшымі, таму неабходна і надалей умацоўваць працоўную і выканальніцкую дысцыпліну, ажыццяўляць пастаянны кантроль за работай працаўнікоў,

асабліва падчас напружаных палявых кампаній. Грамадскія інспектары па ахове працы павінны атрымліваць даплату за работу, якая прыносіць станоўчы вынік.

Прафсаюзны актыў галасуе за прыняцце чарговай пастановы

Дакладчыца спынілася і на парушэннях наймальнікамі працоўнага заканадаўства. За справаздачны перыяд абаронены інтарэсы 165 работнікаў, членаў прафсаюза. Па патрабаванні прафсаюзных органаў вернута незаконна ўтрыманых або нявыплачаных грашовых сродкаў на суму 18,6 тысячы рублёў.

Найважнейшы рэсурс прафсаюзнай работы – інфармацыйнасць, якую старшыням пярвічак неабходна актывізаваць, бо ў атрыманні рэгулярнай інфармацыі маюць патрэбу як члены прафсаюза, так і людзі, якія не ахоплены членствам у грамадскай арганізацыі.

Асаблівае месца ў дзейнасці раённай прафсаюзнай арганізацыі займае работа з моладдзю, якая складае амаль чвэрць колькаснага саставу членаў прафсаюза. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з раённым камітэтам грамадскага аб’яднання БРСМ, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Праводзяцца сумесныя конкурсы, арганізавана працоўнае спаборніцтва сярод рабочай моладзі. У раёне склалася добрая традыцыя прымаць у аграпрамысловую сям’ю маладых спецыялістаў, якія прыехалі на работу ў гаспадаркі. Сёлета 25 маладых людзей атрымалі наказ ад старшыні райвыканкама і падарункі ад райкама прафсаюза АПК на раённым свяце «Дажынкі».

У спрэчках выступілі казначэй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» Святлана Кажура, слесар па малочным абсталяванні МТФ «Заброддзе» ААТ «Дзераўное» Аляксандр Руч’ёў, старшыня прафкама ААТ «Рочавічы» Жанна Навіцкая, старшыня прафкама ААТ «Стаўбцоўская ПМК» Вольга Дземідовіч. Ад кіраўнікоў раёна – дырэктар ААТ «Агранёманскі» Дзяніс Захарчук. Работа райкама прафсаюза работнікаў АПК за справаздачны перыяд была ацэнена адзнакай «добра».

У рабоце канферэнцыі браў удзел старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень. Дзяніс Сяргеевіч падкрэсліў, што ў вертыкалі ўлады і прафсаюзаў агульная задача – клопат аб людзях і абарона іх сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў. І рэалізуецца яна праз сістэму сацыяльнага партнёрства. Таму пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі павінны быць створаны на ўсіх прадпрыемствах, і недзяржаўнай уласнасці ў тым ліку. Работа ў даным напрамку працягваецца, і ёсць упэўненасць, што яна будзе паспяхова завершана. За справаздачны перыяд райкамам прафсаюза была праведзена вялікая работа па рэалізацыі намечаных планаў, аб чым гаварылася ў дакладзе. Стаўбцоўскі райкам прафсаюза работнікаў АПК вызначаны базавым у вобласці па падрыхтоўцы і правядзенні навучальных семінараў для прафсаюзнага актыву. Гэта высокая ацэнка працы яго старшыні Тамары Калошыч, якая аднагалосна была выбрана старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК.

На канферэнцыі ад імя абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу прысутнічала і выступіла галоўны бухгалтар Ларыса Кучура.

Матэрыял падрыхтавала Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *