У Стоўбцах прайшоў адборачны рэгіянальны этап «Міс Беларусь — 2020»

Главное Культура

У суботу, 14 снежня, у раённым Доме культуры прайшоў кастынг «Міс Беларусь-2020».

Прысутныя сталі сведкамі цудоўнай падзеі – дзяўчаты спаборнічалі за права прадставіць Стаўбцоўскі раён на абласным этапе кастынга «Міс Беларусь-2020». Усе з трапятаннем сачылі за выступленнем дзяўчат і падтрымлівалі іх бурнымі апладысментамі. Арганізатарамі кастынга былі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Стаўбцоўскага райвыканкама, а таксама дзяржаўная установа «Стаўбцоўскі раённы цэнтр культуры». Інфармацыйную падтрымку аказала рэдакцыя газеты «Прамень» і праграма радыёвяшчання «Радыё «Стоўбцы».

Мэтай і задачамі кастынга з’яўляліся эстэтычнае, творчае і духоўнае выхаванне моладзі; развіццё творчай актыўнасці; адбор пераможніц данага кастынга для іх далейшага ўдзелу у нацыянальным конкурсе прыгажосці «Міс Беларусь».

У кастынгу маглі прымаць удзел дзяўчаты з добрымі знешнімі данымі, якія адпавядаюць наступным патрабаванням: маюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь і па стане пражываюць на яе тэрыторыі ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў уключна на дату правядзення фіналу; маюць рост не ніжэй за 174 см; не маюць татуіровак, пірсынгу і не знаходзяцца ў шлюбе; не маюць дзяцей. Спонсарскую падтрымку кастынгу аказалі: раённы камбінат бытавога абслугоўвання (дырэктар Аляксандр Рубін), ААТ «Паслугі фотасалона» (дырэктар Святлана Жэрнак), УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» (галоўны ўрач Святлана Глебка), ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна» (дырэктар Мікалай Мазур), індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Латушка.

У склад журы кастынгу ўвайшлі: Жанна Лысая, намеснік старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама, Дзмітрый Слесарчык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Стаўбцоўскага райвыканкама, Юрый Ларычэў, старшыня Стаўбцоўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, Ягор Падольскі, першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Юлія Бохан, харэограф, кіраўнік харэаграфічнага ансамбля «Шчабятушкі». Журы ацэньвала дзяўчат па наступным крытэрыям: знешнія даныя, пластыка, творчыя здольнасці, арыгінальнасць падачы матэрыялу.

Усяго было 13 удзельніц. Яны радавалі прысутных і музычнымі, і харэаграфічнымі нумарамі, расказамі пра сябе. Кожная імкнулася пакінуць пасля сябе добрае ўражанне. Пакуль журы раілася ў дарадчым пакоі, для гасцей выступалі народны вакальны ансамбль «Святлана» Наваколасаўскай школы мастацтваў, Яраслаў Найдзён, Руслан Кім і інш.

Журы кампетэнта падышло да прыняцця рашэння. Юрый Ларычэў адзначыў, што ім было цяжка прыйсці да адзінага меркавання. Не трэба звяртаць ўвагу на вынікі. Самае галоўнае тое, што дзяўчаты на сцэне, такія маладыя, прыгожыя, таленавітыя. Юрый Іванавіч выказаў словы ўдзячнасці за ўдзел, за цудоўнае свята. Ён пажадаў дзяўчатам, каб ім спадарожнічала ўдача на любой сцэне. Звяртаючыся да ўдзельніц, Ягор Падольскі ўпэўнены, што гэта толькі першая прыступка, якую дзяўчаты ставяць перад сабой. Пажадаў ім удачы і поспехаў. Дзмітрый Слесарчык уручыў падарункі ад спонсараў: абанементы на спа працэдуры Ульяне Мілашэўскай, Кацярыне Кажамяка, Мілене Шахавай; абанемент на наведванне басейна Вікторыі Матусік; флэш-карты Анастасіі Мілашэўскай, Аксане Бець, Хрысціне Барсук; цырульныя паслугі Аляксандры Смоліч, Алесі Квач, Ганне Дударэвіч; удзел у фотасесіі з 20 снежня па 10 студзеня Ганне Карнячэнка.

Жанна Лысая адзначыла, што ў наступным годзе гэты конкурс стане традыцыйным, і на сцэне будуць не 13 удзельніц, а значна болей. Таму што наша стаўбцоўская зямля прыгожая, пяшчотная, у тым ліку і дзяўчатамі-ўдзельніцамі. Пажадала ім моцнага здароўя, поспехаў, удачы, каб збываліся ўсе мары. Жанне Мікалаеўне выпала важная місія – назваць пераможніц у адборачным рэгіянальным туры «Міс Беларусь-2020». Імі сталі Валерыя Кістанава, 18 гадоў, і Анастасія Коўтун, 24 гады. Яны будуць прадстаўляць г. Стоўбцы на абласным конкурсе «Міс Беларусь-2020».

Марына КУТАС

Фота Аляксандра ПЯТРОВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *