«Альбуцкі куфэрак». Бавіць час за рукадзеллем

Главное Спецвыпускі «Праменя»

Большасць маладых мам, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, спрабуюць знайсці спосаб адпачыць ад дамашніх клопатаў. Сярод мноства відаў рукадзелля яны шукаюць менавіта сваё. Сафія Буцько вырашыла займацца вырабам упрыгажэнняў з фаамірану.

Сафіі 33 гады, нарадзілася ў г. п. Мір, працуе ў Мірскім замку, жыве ў г. Стоўбцы. З самага дзяцінства захаплялася рознымі відамі творчасці. І вышывала крыжыкам, і вязала. Пазней пляла з паперы кошыкі, рабіла кашпо, шкатулкі, нават столікі. Шмат часу праводзіла за дэкупажам гатовых вырабаў. А менавіта фааміран пачала выкарыстоўваць у сваёй рабоце нядаўна, у асноўным спачатку толькі для ўпрыгажэнняў усё тых жа гатовых вырабаў.

– Раскажыце, чаму вы выбралі менавіта фааміран? Чым ён вас так прываблівае?

– Я вельмі люблю выкарыстоўваць у рабоце новыя матэрыялы, і калі ў продажы з’явіўся фааміран, мне вельмі спадабалася з ім працаваць. Акрамя таго што матэрыял прыемны навобмацак, дык ён яшчэ і падатлівы ў рабоце, лёгка змяняе форму пры награванні, рэжацца, мацуецца. Яго можна і таніраваць, атрымоўваючы патрэбны колер.

У калекцыі Сафіі ёсць шмат вырабаў з фаамірану: букеты, настольныя лямпы, упрыгажэнні для шкатулак, заколачкі, рызіначкі. Дарэчы, на стварэнне ўпрыгажэнняў Сафію падштурхнула яе дачка. Яна падрасла – і адпаведна трэба быць прыгожай. Менавіта для яе маці робіць кветачкі, банцікі і іншыя ўпрыгажэнні.

Шмат узораў упрыгажэнняў і выкраек да іх Сафія бярэ з інтэрнэту. Нешта прыдумвае сама, шмат «падглядвае» на форумах і групах па тэме.

– Што больш за ўсё вам падабаецца ў працэсе стварэння новых упрыгажэнняў?

– Вельмі падабаюцца сам працэс, падрыхтоўка, падбор колеру, форм і, зразумела, вынік. Прыемна, калі атрымоўваецца тое, што ты задумала.

У планах Сафіі – выкарыстоўваць розныя віды гэтага матэрыялу, падбіраць упрыгажэнні ў розных каляровых гамах, пад розныя выпадкі. Цяпер у яе пачалася актыўная падрыхтоўка да Новага года, і ўсе ідэі яна будзе прысвячаць гэтаму святу.

– Як блізкія і сябры адносяцца да вашай творчасці?

– Маім блізкім і сябрам падабаецца тое, чым я займаюся. У многіх мае вырабы ўжо ёсць.

Даным відам творчасці Сафія Буцько займаецца ў вольны час, іншы раз удзяляючы занятку некалькі гадзін у дзень. Бывае, зусім не атрымліваецца знайсці час. У гэтым выпадку яна збірае ідэі, назапашвае матэрыял і плануе работу на будучае.

– Якія яшчэ захапленні ёсць у вашым жыцці?

– Паколькі ў мяне маленькае дзіця, я іншы раз займаюся вырабам цацак для яго. Цяпер планую паспрабаваць працаваць з фетрам.

Сафія Буцько раіць тым, хто захоча працаваць у даным відзе творчасці, не баяцца пачынаць нешта новае: выкарыстоўваць новы матэрыял, шукаць цікавыя ідэі і ўвасабляць задуманае. Зразумела, ёсць асцярога, што нешта не атрымаецца з першага разу, і з другога таксама. І ў яе рабоце не адразу ўсё атрымоўвалася, шмат чаго прыйшлося выкінуць, часам на самым заключным этапе, і пачаць нанава. Галоўнае – каб з’яўляліся новыя ідэі, сілы пераадольваць цяжкасці і радавацца поспехам!

Марына КУТАС

Фота з архіва Сафіі Буцько



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *