Цюбінг можна параўнаць з аўтамабілем без тармазоў

Ахова правапарадку Важное

Фото носит иллюстративный характер

Чым небяспечная зімовая забава

Леташняй зімой можна было заўважыць дзяцей і падлеткаў з надзіманымі «ватрушкамі». Да месца катання яны цягнулі іх па снезе.

На змену традыцыйным санкам і мяшкам з сенам прыйшла новая модная забава – цюбінг.

Цюбінг набірае папулярнасць як сярод моладзі, так і сярод дарослых. Шмат каму, напрыклад, боязна стаць на сноўборд і спусціцца са схілу, а надзіманыя санкі здаюцца бяскрыўднымі і зручнымі. Але гэта не зусім так.

Тэарэтычна паветраная камера цюбінга змякчае ўдары пры падзенні або сутыкненні і, нягледзячы на вялікую хуткасць, зніжае магчымасць траўмы да мінімуму, аднак працуе гэтая тэорыя толькі пры строгім захаванні правілаў бяспекі. У адваротным выпадку катанне на цюбінгах, тым больш у неўстаноўленых і непрыстасаваных для гэтага месцах, можа стаць прычынай розных траўмаў (пераломаў, удараў, вывіхаў), а ў выключных выпадках прывесці да гібелі.

Пры катанні на цюбінгу траўму можна атрымаць нават без падзення. Напрыклад, падскочыў на трампліне ці рэзка прагнуўся наперад, у выніку – пералом аднаго або некалькіх пазванкоў. Акрамя нанясення траўмы сабе існуе верагоднасць траўміравання тых, хто побач.

У 2018 годзе ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі паступалі дзеці і дарослыя, якія атрымлівалі сур’ёзныя траўмы пры сутыкненні з тымі, хто ехаў са схілу. Нагадаю, што вечарам 6 студзеня ў Магілёве, катаючыся з несанкцыянаванай горкі на цюбінгу, загінуў 24-гадовы малады чалавек…

Магчыма, узнікне пытанне наконт таго, чым надзіманыя камеры больш небяспечныя за звычайныя санкі. У адрозненне ад санак, «ватрушка» здольная разганяцца да 100 км/гадз, закручвацца вакол сваёй восі, пры гэтым ніякай тармазной прылады ў яе няма. «Ватрушку» можна параўнаць з аўтамабілем, у якога перасталі дзейнічаць тармазы.

Правілы катання на «ватрушках»

1. Не рэкамендуецца катацца са звычайных горак, нават калі з выгляду яна здаецца бяспечнай. Паверхня горкі павінна быць роўнай, без трамплінаў і зачэпак. У гарналыжных цэнтрах выраўноўванне паверхні горкі адбываецца ў пачатку кожнага працоўнага дня з дапамогай спецыяльнай тэхнікі (адмысловыя трасы ёсць у гарналыжных цэнтрах «Сілічы», «Раўбічы», «Лагойск», «Якуцкія горы», «Веста»).

2. Паблізу горкі не павінна быць дрэў, дамоў, дарог і машын.

3. Нельга, каб на адной горцы каталіся і на санках, і на спрынце, і на цюбінгах.

4. Ехаць з горкі можна толькі тады, калі з яе сышлі ўбок тыя, хто з’ехаў да вас. Калі дзеці стартуюць хаатычна, яны могуць сутыкнуцца і атрымаць траўмы.

5. Бацькі павінны кантраляваць увесь працэс. Іх абавязак – агледзець горку, на якой збіраюцца катацца дзеці.

Зварот да медыкаў

Калі ў дзіцяці пасля катанняў затрымліваецца дыханне, ён скардзіцца на боль у пазваночніку, трэба неадкладна звярнуцца да траўматолага. У 60-70 працэнтах выпадкаў бацькі на гэта не звяртаюць належнай увагі. Пабаліць і пройдзе – такая асаблівасць дзіцячых траўмаў. А насамрэч гэта можа быць пералом пазваночніка, які часцей за ўсё дыяагнастуецца праз некалькі месяцаў і нават гадоў, калі ў падлетка з’яўляюцца іншыя праблемы са здароўем (да прыкладу, астэахандроз, скаліёз).

Адказнасць бацькоў

Дзеці заўсёды знойдуць сабе прыгоды, такая іх натура. Яны толькі набіраюцца жыццёвага вопыту і не думаюць пра наступствы і небяспеку. Прыгадаем таксама, што ў дзяцінстве і юнацтве ў кожнага пакалення таксама былі свае небяспечныя забавы.

Каб зыход быў спрыяльным, трэба кантраляваць вольны час сваіх дзяцей. Просяць яны пакатацца з горкі – неабходна ісці разам з імі і рабіць агляд, наколькі бяспечны спуск. Часцей за ўсё непрыемныя выпадкі адбываюцца тады, калі дзіця гуляе само па сабе, без нагляду дарослых.

Раённы аддзел унутраных спраў

Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *