«Панямонь». Жыццё і подзвіг Уладзіміра Царука

Главное Панямонь Спецвыпускі «Праменя»

Крыху фактаў пра камандзіра Стаўбцоўскага партызанскага злучэння ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сакратара Стаўбцоўскага раённага камітэта кампартыі, Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Царука, з нагоды 120-годдзя з дня яго нараджэння. 

Нарадзіўся напрыканцы ХІХ стагоддзя

Малой радзімай Уладзiмiра Царука з’яўляецца вёска Вялікая Вобрына Kарэліцкага раёна, што суседнічае з цяперашнім аграгарадком Ярэмічы. Нарадзіўся ён 20 снежня 1899 года. Бацькі  Зянон Венядзіктавіч і Лізавета Усцінаўна жылі небагата. Тым не менш яны знаходзілі сродкі, каб сын мог вучыцца ў Ярэміцкім чатырохкласным народным вучылішчы. У малалецтве Уладзіміру давялося і шмат папрацаваць – як на бацькоўскай сядзібе, так і па найме ў мясцовых заможных гаспадароў.

У 1916 годзе, каб дапамагчы сям’і пражыць у няпросты перыяд (ішла Першая сусветная вайна, і родная вёска знаходзілася ў прыфрантавой зоне), Валодзя ўладкаваўся ў адну з крам на чыгуначнай станцыі Замір’е (цяпер – Гарадзея). У той час там канцэнтравалася вялікая колькасць вайсковых падраздзяленняў. Таму ў краме заўсёды было поўна салдат. Некаторыя з іх былі даволі гаваркімі і вялі размовы пра палітыку. Знаходзіліся і тыя, хто прапаведаваў ідэі бальшавікоў, распаўсюджваў лістоўкі з заклікамі аб звяржэнні памешчыкаў, пра зямлю – сялянам, пра ўладу – саветам…

Cлужыў у палку ВЧК

Калі рэха рэвалюцыйных падзей 1917 года ў Петраградзе дакацілася да Наднямоння, У. Царук, для якога навука салдат-агітатараў не прайшла дарма, ужо добра арыентаваўся ў тагачаснай палітыцы. Гэтая акалічнасць узняла аўтарытэт юнака сярод землякоў, і яны выбралі яго сакратаром Ярэміцкага валаснога рэўкама. Аднак на гэтай пасадзе прабыў ён нядоўга, бо Савецкая ўлада праіснавала тады ўсяго некалькі месяцаў. Спачатку немцы, а за імі палякі сталі гаспадарыць у нашай мясцовасці.

У пачатку 1919 года ў выніку так званага Заходняга паходу Чырвонай арміі ў ярэміцкім наваколлі з’явіліся савецкія войскі, і Уладзімір добраахвотнікам уліўся ў іх рады. Даволі хутка «палітычна правільнага» юнака запрыкмецілі і прызначылі палітруком роты 10-га Мінскага палка ВЧК – падраздзялення створанай Ф. Дзяржынскім Усерасійскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам. Пасля далучэння ў 1921 годзе Заходняй Беларусі да Польшчы У. Царук перабраўся цераз савецка-польскую мяжу ў родныя мясціны, дзе разгарнуў падпольную работу.

Правёў 13 гадоў у турме

Вярнуўшыся дадому, У. Царук уладкаваўся прадаўцом кааператыўнага магазіна ў Ярэмічах. Стоячы за прылаўкам ці возячы тавар на продаж у Мір, Стоўбцы, Карэлічы і ў навакольныя з імі вёскі, ён прыглядваўся да людзей, даведваўся пра іх погляды. Паступова вакол яго ўтварылася кагорта аднадумцаў,  якія ўзяліся праводзіць сярод жыхароў Наднямоння агітацыю, накіраваную супраць польскіх улад, займаліся распаўсюджваннем антыўрадавых лістовак і г. д. Яшчэ большы размах іх дзейнасць (а яна распаўсюджвалася і на тэрыторыю сучаснай Стаўбцоўшчыны) атрымала пасля 1924 года, калі быў створаны Мірскі падпольны райкам кампартыі Заходняй Беларусі, сакратаром якога выбралі У. Царука.

Аднак з часам у шэрагі падпольшчыкаў пранік правакатар, па наводцы якога ў верасні 1926 года супрацоўнікі дэфензівы (орган палітычнай паліцыі ў міжваеннай Польшчы) правялі серыю арыштаў. У ліку іншых за краты трапіў і У. Царук. На судзе абвінаваўца патрабаваў для Уладзіміра Зянонавіча і яго паплечнікаў Паўла Жалезняковіча, Сямёна Носа і Мікалая Царука смяротнага пакарання. Пры пераглядзе справы было вынесена новае рашэнне – пажыццёвае зняволенне для кожнага з арыштантаў.

У. Царук і яго таварышы правялі за кратамі 13 гадоў. І, хутчэй за ўсё, гэты тэрмін для кожнага з іх доўжыўся б яшчэ і яшчэ, але 1 верасня 1939 года грымнула Другая сусветная вайна. Невялікі горад Равіч, непадалёку ад якога праходзіла польска-германская мяжа, нямецкая артылерыя абстраляла. Адміністрацыя і ахоўнікі мясцовай турмы, у сценах якой адбывалі пакаранне і мірскія падпольшчыкі, пасля гэтага разбегліся. Застаўшыся без аховы, вязні ўзламалі дзверы камер і апынуліся на свабодзе.

Пераехаў на працу ў Стоўбцы

З Равіча У. Царук дабіраўся дадому пешшу, і там яго застала радасная вестка: 17 верасня 1939 года Чырвоная армія перайшла савецка-польскую мяжу і распачала вызваленне ад палякаў тэрыторыі Заходняй Беларусі. Арганізатарскі вопыт і няўрымслівы характар Уладзіміра Зянонавіча аказаліся зноў запатрабаваныя: ён узначаліў валасны сялянскі камітэт у Турцы, быў выбраны дэлегатам і з’яўляўся членам прэзідыума Народнага сходу Заходняй Беларусі. На гэтым форуме У. Царук прымаў актыўны ўдзел у выпрацоўцы шэрага дакументаў. Ён таксама ўваходзіў у састаў Паўнамоцнай камісіі, якая была дэлегавана ў Маскву для абвяшчэння на 5-й пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета СССР рашэння Народнага сходу аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў СССР і ўз’яднанні яе з БССР.

Пасля вяртання з Масквы У. Царукa накіроўваюць на працу ў Стоўбцы. Ад лістапада 1939 года ён выконвае абавязкі намесніка старшыні Часовага ўпраўлення Стаўпецкага павета, а пасля 15 студзеня 1940 года, калі быў утвораны Стаўбцоўскі раён, яго зацвердзілі намеснікам старшыні райвыканкама. 29 лістапада 1940 года Уладзімір Зянонавіч змяніў на пасадзе першага старшыню Стаўбцоўскага райвыканкама Іосіфа Сацэвіча.

Узначальваў  партызанскае злучэнне

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны У. Царуку давялося эвакуіравацца з часцямі Чырвонай арміі на ўсход. Да восені 1942 года ён служыў у Беларускім штабе партызанскага руху, у яго абавязкі ўваходзіла баявое забеспячэнне падрыхтаваных да закіду ў тыл груп.

У сакавіку 1943 года У. Царук быў накіраваны на акупіраваную тэрыторыю Баранавіцкай вобласці памочнікам упаўнаважанага ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху, упаўнаважаным Беларускага штаба партызанскага руху па Баранавіцкай вобласці. Пасля прыбыцця ў Налібацкую пушчу ён быў выбраны членам Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)Б, кіраўніком Стаўбцоўскага падпольнага міжрайпартцэнтра. У кастрычніку таго ж года Уладзіміра Зянонавіча прызначылі сакратаром Стаўбцоўскага падпольнага раённага камітэта кампартыі і камандзірам Стаўбцоўскага партызанскага злучэння. У яго падпарадкаванні знаходзілася пяць падпольных райкамаў партыі, шэсць партызанскіх брыгад і некалькі атрадаў – усяго больш за 3,6 тыс. чалавек.

Быў вопытным стратэгам

Пры непасрэдным камандаванні У. Царука народнымі мсціўцамі Стаўбцоўскага партызанскага злучэння было праведзена некалькі бліскучых баявых аперацый. Так, у ноч на 22 сакавіка 1943 года ён асабіста ўзначаліў аперацыю па разгроме нямецкага гарнізона ў Міры, які налічваў каля 150 гітлераўцаў.

Летам таго ж 1943 года падчас правядзення фашыстамі (50-тысячнай карнай экспедыцыяй) аперацыі «Герман» Нёман стаў мяжой, на якой партызаны вялі жорсткія баі, не дапускаючы фарсіравання ракі ворагам. Каля Івянца партызаны атрада «Бальшавік» захапілі штаб палкоўніка-карніка Оскара Дзірлевангера, пасля чаго карта-план знішчэння партызанскіх атрадаў у рамках аперацыі «Герман» апынулася ў руках У. Царука. У адпаведнасці з гэтым планам народныя мсціўцы Стаўбцоўскага партызанскага злучэння сталі манеўраваць і ладзіць засады ў самых нечаканых для ворага месцах. Страціўшы нямала людзей і баявой тэхнікі, карнікі сваёй мэты па «вызваленні» Налібацкай пушчы ад партызан не дабіліся.

На працягу яшчэ цэлага года народныя мсціўцы Стаўбцоўскага партызанскага злучэння пад камандаваннем У. Царука паспяхова грамілі ворага. І толькі 6 ліпеня 1944 года яны злучыліся з часцямі наступаючай Чырвонай арміі.

Пасля вызвалення ў пачатку ліпеня 1944 года нашага Наднямоння ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Уладзімір Зянонавіч пэўны час, да канца верасня, працягваў працаваць сакратаром Стаўбцоўскага райкама КП(б)Б. На гэтай пасадзе ён і сустрэў 15 жніўня вестку аб прысваенні яму звання Героя Савецкага Саюза. У прадстаўленні да гэтай высокай узнагароды, падпісаным начальнікам штаба Беларускага партызанскага руху П. Калініным, адзначалася: «… тав. Царук у сакавіку 1943 г. ЦК КП(б)Б быў накіраваны ў тыл праціўніка ў Баранавіцкую вобласць для арганізацыі партызанскага руху і стварэння партыйных падпольных арганізацый. Знаходзячыся ў тыле праціўніка, тав. Царук у Стаўбцоўскім і Мірскім раёнах Баранавіцкай вобласці з разрозненых груп стварыў партызанскія атрады, аб’яднаўшы іх у брыгады… За перыяд кіраўніцтва партызанскім рухам у Стаўбцоўскім і Мірскім раёнах партызанскімі брыгадамі пад кіраўніцтвам тав. Царука нанесены праціўніку наступныя страты ў жывой сіле і тэхніцы: пушчана пад адхон 555 воінскіх эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай, разбіты і пашкоджаны 531 паравоз. Разбіта і пашкоджана 3263 вагоны і платформы. Забіта 33 773 і паранена 13 949 гітлераўцаў. Узарвана 325 аўтамашын. Знішчана 646 чыгуначных і шашэйных мастоў».

З 1 кастрычніка 1944 года У. Царук працаваў у Савеце народных камісараў БССР. У красавіку 1947 года яго прызначылі намеснікам старшыні Баранавіцкага аблвыканкама, а ў лістападзе 1951-га – старшынёй Баранавіцкага гарвыканкама. Памёр Уладзімр Зянонавіч 27 студзеня 1957 года. Яго імем названы вуліцы ў Стоўбцах, Баранавічах, Карэлічах і Лідзе, сельгаспрадпрыемства ў Карэліцкім раёне, а ў аграгарадку Ярэмічы ўстаноўлены бюст героя.

Сяргей ГАЛОЎКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *