Айчыннай медыцыне – кваліфікаваныя кадры

Важное Медыцына

Наша інтэрв’ю з галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы Святланай Глебка прысвечана важнаму пытанню падрыхтоўкі кадраў, што было галоўным акцэнтам падчас сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

–       Святлана Здзіславаўна, стаўбцоўская раённая бальніца неаднаразова ў бягучым годзе станавілася базай для правядзення рэспубліканскіх і абласных мерапрыемстваў па пытаннях работы з маладымі кадрамі. Гэта і рэспубліканскі злёт сельскай моладзі, і нядаўняе мерапрыемства ў нашым раёне з ідэалагічным актывам вобласці. Які вопыт найбольш запатрабаваны іншымі з практыкі вашай работы з кадрамі?

–       Кадры – гэта адзін з самых значных рэсурсаў усёй медыцынскай сістэмы. Каб вырасціць кваліфікаванага ўрача, тут не можа быць другарадных момантаў. Важна і тое, як яго сустрэнуць у калектыве, хто працягне руку дапамогі, якія ўмовы працы, якія меры стымулявання, у якім кабінеце ён будзе працаваць, на якім абсталяванні, якую зарплату атрымае, дзе будзе жыць, як адпачываць… Гэты спіс можна працягваць: каб быў стымул для прафесійнага росту, патрэбна стварыць пазітыўны настрой і абараніць ад бытавой неўпарадкаванасці. Мы расказваем аб практыцы сваёй работы з кадрамі ў падрыхтаваных відэапрэзентацыях, з наведваннем аддзяленняў медыцынскай установы. У нас прыняты загад галоўнага ўрача «Аб замацаванні настаўнікаў за маладымі спецыялістамі». Ажыццяўляецца комплекс мер па падтрымцы маладых спецыялістаў з матэрыяльным стымуляваннем іх дзейнасці. Асаблівая ўвага – жыллёвым пытанням. Медыцынская ўстанова мае тры інтэрнаты, якія выдзяляюць 45 месцаў, і дзве кватэры, 23 месцы медыцынскім работнікам дадзены ў інтэрнатах іншых арганізацый райцэнтра. Маем ведамасны дом у Цеснавой, кватэры ў аг. Шашкі, аг. Вішнявец, аг. Слабада. Райвыканкамам выдзелены для медыкаў чатыры арэндныя кватэры. Комплекс прынятых мер дазваляе нам паспяхова ўтрымаць маладыя кадры, аб чым засведчвае статыстыка. На сучасны момант мы цалкам забяспечаны кадрамі сярэдняга медперсаналу, па ўрачах ёсць нязначныя вакансіі.

Маладыя спецыялісты, якія папоўнілі сёлета калектыў цэнтральнай раённай бальніцы (злева направа): памочнік урача Дар’я Міснік, урач агульнай практыкі Анастасія Байкачова, участковая медсястра Дзіяна Крупянкова, памочнік урача Алена Бойка, участковая медсястра Юлія Лусевіч

–       А якая практыка прафарыентацыйнай работы з вучнёўскай моладдзю?

–       Сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама складзены графік наведвання агульнаадукацыйных школ раёна. Падчас сустрэч з выпускнікамі паказваем відэапрэзентацыі, расказваем аб прафесіях. Паспелі ўжо з’ездзіць перад размеркаваннем у Гомельскі і Гродзенскі медыцынскія ўніверсітэты, зрабілі відэапрэзентацыю нашай бальніцы. Гэта дапаможа нам прыцягнуць кадры акрамя тых, якія навучаюцца па нашых мэтавых накіраваннях. Штогод мы выдаём да 15 накіраванняў для паступлення ў медыцынскія ўніверсітэты, прычым не толькі выпускнікам школ нашага раёна, але і Мінска, Брэсцкага і Гомельскага рэгіёнаў. Выдача накіраванняў ажыццяўляецца з улікам патрэбнасці, вакансій, якія ёсць, і перспектыўнага плана развіцця медыцынскай установы.

–       Разглядваючы пытанне работы з маладымі спецыялістамі, нельга не ўлічваць і такі важны момант, як магчымасць кар’ернага росту для іх. Наколькі вы давяраеце сваім маладым калегам?

–       Безумоўна, у нас праводзіцца планаванне рэзерву кадраў. Усе маладыя спецыялісты, у якіх мы заўважылі арганізатарскія здольнасці, высокі прафесіянальны патэнцыял, знаходзяцца на асаблівым рахунку. Мяркуйце самі: у нас пяць маладых спецыялістаў загадваюць аддзяленнямі ў раённай бальніцы, маладыя ўрачы з’яўляюцца загадчыкамі ўрачэбных амбулаторый у сельскай мясцовасці. Прыемна прывесці і такі прыклад: раённы анколаг Анастасія Цярэшка назначана галоўным няштатным абласным спецыялістам па анкалогіі, яна ў нашым  рэзерве кадраў на кіруючыя пасады.

–       Нельга абысці і такі момант, як умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, што таксама з’яўляецца добрым стымулам для маладых кадраў застацца і не шукаць лепшага месца. Ведаючы, колькі ў гэтым плане зроблена за апошнія гады, папрашу вас акцэнтаваць увагу на набытках 2019 года.

–       Мы разумеем пазіцыю моладзі, якая жадае працаваць у прыгожа абсталяваных медыцынскіх кабінетах і на прагрэсіўным сучасным абсталяванні. За апошнія пяць гадоў толькі на інфарматызацыю медыцынскай установы затрачана больш за 330 тысяч рублёў. У бягучым годзе бальніца ўкамплектавана новым апаратам ультрагукавога даследавання, абсталяваннем для даследавання страўніка і кішэчніка,  для дыягностыкі і лячэння жаночых хвароб, ёсць усё неабходнае аснашчэнне для работы ўрачоў агульнай практыкі. Чакаем паступлення новай лапараскапічнай стойкі і яшчэ аднаго апарата для даследавання страўніка і кішэчніка. Мы стымулюем жаданне маладых урачоў павышаць свой прафесіянальны ўзровень, забяспечваем вучобу на кафедрах акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Усведамляем прыярытэтныя задачы, якія ставяць перад айчыннай медыцынай кіраўнік дзяржавы і ўрад, – павышэнне якасці жыцця нашых суайчыннікаў. Нясём высокую адказнасць за здароўе насельніцтва. Дзейнасць нашай лячэбнай установы скіравана на забеспячэнне якаснай і даступнай медыцынскай дапамогі. Гэтаму аддаём свае веды, вопыт і ўменні.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *