Працаўнікі ААТ «Агранёманскі» першымі прынялі акцыю «Наш жывёлавод»

Главное Сельская гаспадарка

У раёне стартавала традыцыйная штогадовая акцыя «Наш жывёлавод», аб’яўленая чатыры гады назад Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падтрыманая райкамам прафсаюза работнікаў АПК. Першымі ўшанавалі працаўнікоў ААТ «Агранёманскі».

Руплівых жывёлаводаў віншуе Дзяніс Колясень

Як адзначыў старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень, стараннаму і працавітаму калектыву ёсць чым ганарыцца: аб’ёмы вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі паступова нарошчваюцца. Сёлета дасягнуты даволі неблагія паказчыкі ў вытворчасці малака і мяса. Праца жывёлаводаў – заключнае звяно ва ўсім ланцужку сельскагаспадарчых работ, і менавіта ад рэалізацыі малака і мяса залежаць фінансавы стан і будучае гаспадаркі. Таму трэба старацца, каб прадукцыя фермаў заўжды была якаснай.

Падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункі былі ўручаны брыгадзіру МТФ «Стары Свержань» Таццяне Пальчык (па паказчыках ферма ў ліку лепшых у раёне), тэхніку-асемянатару Іне Крывель,  аператарам машыннага даення Валянціне Нарановіч, Ноне Філінай, Наталлі Наско, жывёлаводам Міхаілу Фалюку і Генадзію Картавусаву.

Валянціну Адамовіч узнагароджвае Уладзімір Талайка

Перадаючы жывёлаводам ад імя рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК каравай, як сімвал пачатку акцыі, яго старшыня Мікалай Лабушаў падкрэсліў, што людзі, якія сабраліся ў гэтай зале, заслугоўваюць самых высокіх слоў удзячнасці за сваю нялёгкую, складаную і карпатлівую працу. А прафсаюзы і ў далейшым будуць садзейнічаць работнікам у вырашэнні  надзённых праблем, абараняць іх  інтарэсы і правы. Мікалай Аксёнавіч узнагародзіў дырэктара ААТ «Агранёманскі» Дзяніса Захарчука юбілейным нагрудным знакам «Прафсаюзу аграпрамысловага комплексу Беларусі 100 гадоў».

Дзяніс Захарчук дзякуе за працу Альфрэдзе Жукавай

Падзякі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Беларускага прафсаюза работнікаў АПК за прафесіяналізм і высокія паказчыкі ў рабоце брыгадзіру МТФ «Ператокі» Людміле Жарко, тэхніку-асемянатару Валянціне Адамовіч, якая адпрацавала ў прафесіі амаль сорак гадоў, аператарам машыннага даення Ірыне Ермаковіч і Тамары Крэнь, жывёлаводу Зінаідзе Шашко ўручыў намеснік старшыні вышэйназванай грамадскай арганізацыі Уладзімір Талайка. Атрымала грамату Беларускага прафсаюза работнікаў АПК аператар машыннага даення Людміла Зянько, якая ўваходзіць сёлета ў топ-15 лепшых у раёне прадстаўніц гэтай нялёгкай прафесіі.

Каравай Людміле Зянько ўручае Мікалай Лабушаў

Падзякавалі жывёлаводам за працу і прадстаўнікі перапрацоўчых заводаў. Ушанаваны дзяржаўным прадпрыемствам «Малочны гасцінец» галоўны заатэхнік Таццяна Вотчыц і галоўны ветурач Мікалай Дрозд, ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» – жывёлаводы Юрый Сачук і Тадэвуш Цвірка.

– Дзякую ўсім дбайным жывёлаводам за шчырую працу, – сказаў Дзяніс Захарчук. – З пачатку года вытворчасць малака ў нашым таварыстве дасягнула звыш 10,5 тысячы тон – гэта самы высокі паказчык у раёне. Перавышаны шасцітысячны рубеж па надоях малака ад каровы. Таварнасць малака складае 90,8 працэнта пры тлустасці 3,7 працэнта, сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы на вырошчванні і адкорме – 632 грамы. Расход кармоў на адзінку прадукцыі ў нас адзін з самых нізкіх сярод гаспадарак раёна.

Таццяна Пальчык і Тамара Рабянок

Дырэктар таварыства ўручыў ганаровыя граматы: ветурачу Наталлі Шэлест, брыгадзірам Вячаславу Дзярнейку (МТФ «Залужжа») – работнікі фермы ўтрымліваюць сёмае месца ў рэйтынгу – і Тамары Рабянок (МТФ «Казейкі») – працаўнікі займаюць трынаццатае месца, аператарам машыннага даення Іне Дзядовіч, Надзеі Калько, Альфрэдзе Жукавай, жывёлаводу Галіне Окунь,  а таксама дыплом жывёлаводу Аліне Пяцінкінай.

Зінаіда Шашко, Ірына Ермаковіч, Людміла Жарко і Тамара Крэнь

Словы падзякі выказала прысутным старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч, якая павіншавала жывёлаводаў з паспяховым завяршэннем чарговага працоўнага года, пажадала і ў далейшым ажыццяўлення ўсіх намечаных планаў.

Благаславіў жывёлаводаў на плённую працу настаяцель храма Уваскрасення Хрыстовага айцец Віталій.

Музычную праграму для перадавікоў падрыхтавалі работнікі Старасвержанскага цэнтра культуры.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *