Філіял «Стаўбцоўскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» далучыўся да атамнай энергетыкі

Важное Эканомiка

Філіялам «Стаўбцоўскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» рэалізавана другая чарга буйнога праекта па рэканструкцыі падстанцыі 220 кВ «Стоўбцы» (з пераводам на напружанне 330 кВ і будаўніцтвам паветранай лініі 330 кВ Стоўбцы – Баранавічы) для выдачы магутнасці ад Беларускай АЭС.

Наперадзе – яшчэ дзве чаргі будаўніцтва, якія таксама запатрабуюць ад стаўбцоўскіх энергетыкаў не толькі намаганняў, але і прафесіяналізму самага высокага ўзроўню. Над гэтым у калектыве вядзецца пастаянная работа. Дырэктар філіяла Уладзімір Рублеўскі падкрэслівае:

– На прадпрыемстве (нагадаем, што абслугоўвае яно пяць раёнаў Мінскай вобласці, у ім працуюць 633 чалавекі. – Т. П.) асаблівая ўвага нададзена падрыхтоўцы кадраў. Сістэма прадугледжвае прафесійнае навучанне і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў розных катэгорый без адрыву ад вытворчасці. У нас ёсць вучэбны і камп’ютарны класы, функцыянуе вучэбна-трэніровачны палігон, дзе адпрацоўваем прыёмы бяспечнага і аператыўнага выканання работ.

І стаўбцоўскія энергетыкі штогод пацвярджаюць сваю высокую кваліфікацыю на конкурсах прафесійнага майстэрства. Да прыкладу, сёлета каманда Уздзенскага РЭС пад кіраўніцтвам намесніка галоўнага інжынера Віталія Шарафановіча прадстаўляла РУП «Мінскэнерга» на рэспубліканскіх спаборніцтвах брыгад па рамонце і абслугоўванні размеркавальных сетак 0,4–10 кВ, на якіх заняла другое месца.

Да прафесійнага свята адзначаны Ганаровай граматай ДВА «Белэнерга» электраманцёр Стаўбцоўскіх электрычных сетак Іван Мілашэўскі, ганаровымі граматамі і падзякамі РУП «Мінскэнерга» – электраслесар СЭС Сяргей Сабалеўскі, электраманцёр Стаўбцоўскага РЭС Аляксандр Сахута, дыспетчар СЭС Віктар Папоўскі, электраманцёр СЭС Мікалай Анфалаў. На Дошку гонару «Мінскэнерга» занесены фотаздымак старшага майстра СЭС Рамана Войткі.

Сёлета галоўнаму інжынеру філіяла Аляксандру Ліхачэўскаму прысвоена ганаровае званне «Выдатнік Беларускай энергасістэмы». З ім мы пагутарылі наконт развіцця прадпрыемства.

На аб’екце займаюцца рэканструкцыяй размеркавальных сетак 0,4–10 кВ брыгадзір Стаўбцоўскага РЭС Аляксандр Кулініч і майстар Сяргей Стома

– Аляксандр Аляксандравіч, сёння ў дачыненні да электратэхнічнага абсталявання і ўстройстваў гавораць не толькі пра надзейнасць і безаварыйнасць іх эксплуатацыі, але і пра эканамічнасць. Як на практыцы рэалізуецца гэты актуальны комплекс задач?

– Каб выканаць яго, на прадпрыемстве ўкараняюцца дасягненні навукі і тэхнікі.  Да прыкладу, у вулічным асвятленні населеных пунктаў ідзе пераход на энергазберагальныя свяцільнікі. Больш таго, ва ўсіх пяці раёнах укаранёна разумная сістэма кіравання вулічным асвятленнем, у выніку чаго дыспетчар атрымлівае інфармацыю анлайн. Прымяняецца аўтаматыка для ўключэння і адключэння вулічнага асвятлення, што значна эканоміць бюджэтныя сродкі. На ўсіх падстанцыях укаранёна тэлекіраванне.

– Што новага з’явілася ў матэрыяльна-тэхнічнай базе філіяла?

– Мы забяспечаны акрэдытаванымі выпрабавальнымі лабараторыямі, якія аснашчаны ўсім неабходным для механічных і электрафізічных выпрабаванняў. За апошні час значна абнавіўся машынна-трактарны парк, з дапамогай якога вырашаем пытанні ў сціслыя тэрміны нават на самых аддаленых энергааб’ектах. На балансе філіяла – 170 адзінак тэхнікі, уключаючы спецтэхніку для ліквідацыі пазаштатных сітуацый. Усе аўтамабілі аснашчаны сістэмай кантролю перамяшчэння «Азімут».

– Што значнага зроблена прадпрыемствам у адыходзячым 2019 годзе?

– Маштабныя работы з выкарыстаннем самых сучасных тэхналагічных рашэнняў выкананы па рэканструкцыі падстанцыі 220 кВ «Стоўбцы», яны працягнуцца ў рамках трэцяй і чацвёртай чэргаў і ў 2020 годзе.

Сёлета завершаны работы па рэканструкцыі сетак у Новым Свержані, у выніку чаго пабудавана амаль 22 км паветраных ліній 0,4 кВ і 1,3 км паветраных ліній 10 кВ (выкананы ізаляваным провадам), ажыццёўлена пракладка 12,2 км кабельных ліній 10 кВ і 8 км кабельных ліній 0,4 кВ, зманціравана дзевяць новых трансфарматарных падстанцый і праведзена замена абсталявання на трох існуючых падстанцыях з устаноўкай сучаснага абсталявання, сістэм аўтаматычнага кіравання і абароны. Такім чынам, у Новым Свержані ўкаранёна аўтаматызаваная сістэма кантролю ўліку электраэнергіі.

Таксама ў 2019 годзе заканчваем рэканструкцыю размеркавальных сетак 0,4–10 кВ у вёсцы Кнотаўшчына.

Галоўная задача энергетыкаў – якаснае і надзейнае забеспячэнне электраэнергіяй як аб’ектаў народнай гаспадаркі, так і насельніцтва.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *