На працягу тыдня ў магазінах горада можна было змераць ціск

Важное Медыцына

На працягу тыдня ў нашым раёне цэнтральнай раённай бальніцай актыўна праводзілася асветніцкая акцыя «Экспрэс-здароўе ў новым годзе».

У магазіне «Дзіцячы свет» і ў супермаркеце «Дабраном» на вуліцы Міру ў Стоўбцах з 12 да 16 гадзін усе жадаючыя маглі змераць ціск, зрабіць аналіз на ўтрыманне глюкозы ў крыві, узважыцца.

Наколькі актыўна скарыстоўвалі наведвальнікі магазінаў такую паслугу медыкаў?

–       Вельмі актыўна, – гаворыць  памочнік урача агульнай практыкі Хрысціна Барсук, якая працавала ў дні асветніцкай акцыі ў магазіне «Дзіцячы свет». – У ліку жадаючых былі не толькі пакупнікі, але і людзі з горада, якія нам гаварылі, што яны прачыталі ў раённай газеце абвестку аб правядзенні акцыі і прыйшлі памераць ціск і глюкозу крыві. Мы вядзём спіс усіх, каго даследавалі, праводзім кансультацыі, адказваем на ўсе пытанні, пры патрэбе даём лякарства для зніжэння артэрыяльнага ціску. Нам было дзіўна, што некаторыя людзі не ведалі свае рост і вагу і былі рады ўзважыцца. Нам прыемна, што стаўбчане і госці горада не адмаўляюцца ад нашай прапановы памераць ціск, з цікавасцю прысаджваюцца за стол медыка. І я таксама атрымліваю задавальненне працаваць у такім людным месцы, мець прыемныя зносіны.

У прыўзнятым настроі была і памочнік урача агульнай практыкі Алена Бойка, якая працавала ў магазіне «Дабраном». Яна пацвердзіла актыўнасць людзей, сказала, што некаторыя ўжо чакалі прыходу медыкаў. За 20 мінут з пачатку старту акцыі ў панядзелак у спісе было ужо 12 даследаваных.

Гэта не адзіная практыка цэнтральнай раённай бальніцы, калі не пацыенты ідуць да ўрача, а медыкі выязджаюць на прадпрыемствы, у арганізацыі, людныя грамадскія месцы. І такія ініцыятывы маюць добры плён у справе матывацыі чалавека сачыць за сваім здароўем.

А падчас акцыі  «У новым годзе – экспрэс-здароўе» медыкі і ўдзельнікі акцыі ўзаемна жадалі адзін аднаму дабра і міру ў новым годзе.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *