У гарадскім аддзяленні сувязі прайшоў раённы дзень падпісчыка

Соцыум

У гарадскім аддзяленні сувязі 19 снежня ладзіўся абласны і раённы дзень падпісчыка. Раённую газету «Прамень» выпісалі 55 чалавек. Асобныя – адразу на паўгоддзе.

Такі сімвалічны пераднавагодні падарунак, зроблены «Праменю» нашымі чытачамі, не можа не радаваць. Мы ўдзячныя ім за патрыятызм і адданасць нашай агульнай малой радзіме. Цэнім іх верную дружбу. Будзем старацца апраўдаць давер – працаваць якасна, даносіць аб’ектыўную і аператыўную інфармацыю з жыцця Стаўбцоўшчыны, знаёміць з яе цікавымі людзьмі і падзеямі. Сваіх падпісчыкаў мы ўзнагародзілі каляндарыкамі на новы, 2020 год, а ў адным з першых нумароў студзеня ўсе яны (а гэта каля пяці тысяч чалавек, магчыма, і больш) па добрай традыцыі атрымаюць у падарунак насценны каляровы каляндар.

Традыцыя выпісваць «Прамень» – нязменная

Стаўбчане і нашы даўнія падпісчыкі, як Валерый Рыжых, Аляксандр Клімаш, Анатоль Жылко, Ганна Шынгель, Іван Малікаў і многія іншыя, бяруць удзел у дні падпісчыка не першы раз. У кожнага з іх знайшліся свае добрыя словы ў адрас раённай газеты. Агульнае тое, што чытаюць яны раёнку ад першай старонкі да апошняй. У будучым хацелі б бачыць усе старонкі, на якіх змяшчаюцца фотаматэрыялы, у колеры. Такі сучасны запыт у нашых чытачоў – і нам трэба імкнуцца да яго ўвасаблення.

Работнікі пошты прапаноўвалі падпісчыкам, як заўсёды, часопісы ў падарунак. Дадаткова да афармлення падпіскі на розныя перыядычныя выданні можна было набыць віншавальныя паштоўкі. Іх на пошце – шырокі асартымент. Папулярнасцю карысталася паштовая скрыня Дзеда Мароза і Снягуркі.

Аператар паштовай сувязі Ганна Стаяновіч прапануе падпісчыкам і навагоднія паслугі

Напрыканцы дня падпісчыка традыцыйна прайшоў розыгрыш пяці бясплатных экзэмпляраў квартальнай падпіскі на раённую газету сярод 55 падпісных абанементаў. Удача ўсміхнулася на гэты раз наступным стаўбчанам: Некрашэвіч (вуліца Сацыялістычная, 86), Вецяневіч (вуліца Дружная), Войніч (вуліца Піянерская), Кедышка (вуліца Камарова), Лявіцкі (завулак Прытыцкага). Віншуем пераможцаў!

Усім нашым падпісчыкам жадаем шчасця і поспехаў у новым годзе. Калі нехта яшчэ не паспеў працягнуць падпіску на раённую газету «Прамень» на першы квартал 2020 года, паспяшайцеся ў паштовае аддзяленне (можна запрасіць паштальёна на дом).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *