«Чакаем навагодніх цудаў»: дашкольнікі пра наступаючы Новы год

Адукацыя Главное Дзіцячы «Праменьчык» Спецвыпускі «Праменя»

Новы год з кожным днём усё бліжэй і бліжэй. Людзі ўпрыгожваюць дамы і кватэры, выбіраюць падарункі для сваіх блізкіх.

Маладыя мамы і таты бегаюць па магазінах дзіцячых цацак і ніяк не могуць вызначыць, што хоча іх дзіця на свята. Напярэдадні Новага года я завітала ў Засульскі дзіцячы сад і пагутарыла з дзеткамі, якія расказалі мне, што азначае для іх свята Новы год.

Маргарыта Сахар:

– Новы год – гэта такое свята, дзе трэба спяваць песні, вадзіць карагод і расказваць вершы. Я веру ў Дзеда Мароза. Ён апрануты ў чырвонае футра, на галаве – бела-чырвоная шапка, на ногі абувае чырвоныя боты. Каб ён прыйшоў, трэба спачатку заснуць, а пасля яго чакаць. Звычайна мы ставім ёлку, я пішу пісьмо Дзеду Марозу і кладу яго пад ёлку. Тут можна знайсці розныя падарункі: машынкі, лялькі, дзіцячую касметыку. У гэты дзень да нас прыходзяць госці, мае сяброўкі. Мы глядзім тэлевізар, п’ём чай, напітак, ядзім пячэнне, гуляем у розныя гульні. У Новы год я жадаю маме і тату, каб у іх было ўсё добра і яны не сумавалі.

Арсеній Дзядовіч:

– Новы год – гэта тады, калі трэба ляпіць снегавікоў, гуляць у снежкі. Дзед Мароз нас парадуе ў гэты дзень. Мне падабаюцца яго белая барада, вочы, адзенне. Ад Дзеда Мароза чакаю машынку-трансформер, якая ловіць на хаду і трансфармуецца ў паветры. У Новы год да нас прыходзяць госці. Пад ёлкай можна знайсці робатаў, машынкі, трансформеры. Хачу, каб на свята бацькі не злаваліся на мяне.

Анастасія Доўгая:

– Новы год – гэта такое свята, калі мы сям’ёй лепім снегавіка, аздабляем ёлку, вешаем гірлянды, шары. Я люблю Дзеда Мароза, ён прыносіць падарункі. Я ведаю, што ў яго чырвоная шапка, белая барада, футра, боты. Не магу дачакацца Дзеда Мароза! Так хочацца, каб ён прынёс мне ляльку. Дзеці будуць рады, калі ўбачаць пад ёлкай машынкі, лялькі, цукеркі. Хачу пажадаць маме і тату, каб яны былі заўсёды ў добрым настроі, радавалі мяне, давалі розныя падарункі, былі здаровымі.

Ганна Фенька:

– Новы год – гэта зіма. У Белавежскай пушчы жывуць Дзед Мароз і Снягурка, яны прыходзяць зімой з падарункамі, каб павіншаваць нас са святам. Дзеткі пішуць пісьмо і адпраўляюць яго на пошту. Пасля Дзед Мароз убачыць пісьмо, прачытае яго і на санях прывязе падарункі. Калі дзеці прачнуцца, то пад ёлкай іх убачаць. Перад святам мы павесім сняжынкі, гірлянды, паставім ёлачку. Напэўна, мы яшчэ купім торт. Пад ёлкай дзеці знойдуць цукеркі, цацкі, лялькі, машынкі, робаты. У Новы год я жадаю маме новую кнігу рэцэптаў кактэйляў, сваёй сястрычцы Паліне я жадаю набыць дамашняга гадаванца ці машыну, а тату – гадзіннік, каб не забываў своечасова мяне адводзіць у дзіцячы сад.

Віктар Скроб:

– На Новы год дораць добры настрой, падарункі, танцуюць, упрыгожваюць ёлку, спяваюць. Я веру ў Дзеда Мароза. Ён такі прыгожы, з чырвонай шапкай, футрам, ботамі! Чакаю ад Дзядулі Мароза машынку і яшчэ чагосьці, пакуль што не прыдумаў. У гэтае свята мы любім танцаваць, спяваць, ядзім смачна, чакаем гасцей. Жадаю бацькам, каб дарылі мне розныя цацкі, не крыўдзіліся на мяне, былі радаснымі і вясёлымі.

Яраслаў Аммер:

– Новы год – гэта такое свята, калі да нас прыходзяць ёлка і Дзед Мароз са Снягуркай. Дзядуля Мароз носіць белую бараду, чырвоную шапку, футра, боты. Я вельмі чакаю яго ў госці, бо хачу атрымаць чырвонага дэльфінчыка і майку з крышталем. У гэты дзень мы будзем прыбіраць ёлку, Арцёма адзенуць у касцюм мішкі, а я буду дыназаўрам. Пад ёлкай я хачу ўбачыць свой задуманы падарунак, таму што вельмі люблю яго. Спадзяюся, што ў Новы год Дзед Мароз маме прынясе ружовую сукенку, а тату… не ведаю.

Варвара Шкель:

– Новы год – гэта шчасце. Дораць падарункі, салодкасці, ёлка прыгожая. Усе радуюцца прыходу Дзеда Мароза. Усе ведаюць, як ён апрануты: чырвоная шапка, футра можа быць сінім, абуты ў боты. Так хочацца, каб ён прыйшоў да нас у госці і падарыў Зуму з мультсерыяла «Шчанячы патруль». У Новы год мы садзімся за стол, у зале ставім тэлевізар і лічым: «Раз, два, тры – Новы год!» Пад ёлкай можна ўбачыць розныя скрыначкі, у якіх будуць салодкасці. Я хачу пажадаць сваім бацькам шчасця, радасці, каб не хварэлі.

Сяргей Лапуцкі:

– На Новы год мы лепім снегавіка, гуляем у снежкі, упрыгожваем ёлку рознымі цацкамі і цукеркамі. Дзед Мароз сапраўдны! Ён прыходзіць да нас на свята з рознымі падарункамі. У яго прыгожая шапка, чырвонае футра і боты. Пад Новы год я загадаў жаданне. Вельмі хачу, каб Дзед Мароз прынёс мне машынку. Пажадаю маме і тату, каб яны ніколі не хварэлі, шмат чаго мне куплялі, былі вясёлымі.

Валерыя Карабін:

– Новы год – гэта такое свята, калі мы з сям’ёй збіраемся ўсе разам, прыбіраем ёлку, лепім снегавікоў. Дзед Мароз існуе. Ён носіць чырвоную шапку, касцюм, боты. Я вельмі моцна яго чакаю. Хачу, каб Дзед Мароз прынёс розныя падарункі. Для дзяцей ён можа пакласці пад ёлку і машынкі, і лялькі. Думаю, што мама і тата падораць мне ляльку. Хачу ім пажадаць добрага настрою і здароўя.

Ксенія Кулішова:

– Новы год – такое свята, калі дзецям уручаюць падарункі. Люблю з мамай упрыгожваць ёлачку, ляпіць снегавіка. Я чакаю Дзеда Мароза ў госці. Так хачу, каб ён прынёс падарункі – цукеркі, ляльку, каляску і соску з бутэлечкай. Усе ведаюць, як Дзед Мароз выглядае. Ён носіць шапку (яна можа быць або чырвонай, або сіняй), белую бараду, футра, валёнкі, рукавіцы. Галоўнае – мяшок з падарункамі. Жадаю маме, каб яна не хварэла, заўсёды ўсміхалася.

Марына КУТАС, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *