Няхай збудзецца ўсё задуманае

Афіцыйна Главное

Адыходзіць у гісторыю 2019 год. Гадзіннік адлічвае апошнія дні, гадзіны, імгненні. У гэтыя хвіліны мы асабліва востра адчуваем, як ляціць час, як хутка растуць нашы дзеці, як мы любім сваіх родных і блізкіх людзей. І, безумоўна, падводзім вынікі работы  і ставім задачы на год будучы. Сёння я хачу сказаць дзякуй усім жыхарам Стаўбцоўшчыны за добрасумленную працу і ўсе нашы добрыя справы, бо поспехі кожнага складваюцца ў агульную скарбонку дасягненняў.

Можна ўпэўнена сказаць, што ў 2019 годзе мы спрацавалі нядрэнна. У раёне прасочваецца станоўчая дынаміка амаль па ўсіх напрамках дзейнасці. З чатырох асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, даведзеных рэгіёну на 2019 год, чакаецца выкананне па трох: экспарт паслуг, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове і колькасць працаўладкаваных грамадзян на новыя створаныя рабочыя месцы. Не выконваецца толькі паказчык па экспарце тавараў. Ён будзе выкананы на 95,5 %. Звязана гэта перш за ўсё з тым, што мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы – Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат, агракамбінат «Колас», СТАА «Мясапрадукт» – былі закрыты на пастаўку мяса на рынкі Расіі, а ўдзельная вага толькі Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната дасягала амаль 50 % па Стаўбцоўскім рэгіёне.

Сярод дадатковых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця выконваюцца паказчык вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, паказчык па рознічным таваразвароце праз усе каналы рэалізацыі. На жаль, не выконваецца аб’ём будаўніча-мантажных работ і ўвод у эксплуатацыю жылых дамоў у квадратных метрах.

Заработная плата за студзень – снежань 2019 года чакаецца каля 908 рублёў, тэмп росту складае 108,5 %.

Наш раён – сельскагаспадарчы. Па ўсіх відах сельгаспрадукцыі Стаўбцоўшчына зрабіла крок наперад у параўнанні з мінулым годам. Перавыконваецца даведзены паказчык па тэмпе росту валавой сельскагаспадарчай прадукцыі. Пры даведзеным плане 108,4 працэнта на даны момант мы маем 112 працэнтаў. Ідзе будаўніцтва «клюшачнікаў», аб’ектаў сельскагаспадарчага прызначэння. Сёння хочацца адзначыць станоўчую работу такіх сельгаставарыстваў, як ТАА «СЖК «Налібакі» (дыр. Кушнер В. І.), ААТ «Радзіма Якуба Коласа» (дыр. Дзішук Д. І.), ААТ «Каганец» (дыр. Малахаў П. М.), ААТ «Жацерава» (дыр. Дударэвіч А. Д.), ААТ «Рубяжэвічы» (дыр. Сахарэвіч Д. В.). Хоць год быў няпросты, але аграрыі працуюць нядрэнна, дабіваюцца поспехаў, і гэта радуе.

Аснову прамысловага комплексу нашага раёна складаюць восем прадпрыемстваў. Усяго ў прамысловай сферы занята больш за тры тысячы чалавек. Вялікая ўвага ўдзяляецца іх эфектыўнай рабоце. Калі ў пачатку года 11 прадпрыемстваў спрацавалі са стратамі, то па выніках года чакаюцца тры стратныя прадпрыемствы.

Актыўна працуюць суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. З пачатку года зарэгістраваны 142 індывідуальныя прадпрымальнікі і 23 новыя юрыдычныя асобы. Удзельная вага ў падатковых паступленнях у раён за 10 месяцаў склала 31,4 %, у мінулым годзе гэтая лічба складала 29,5 %. Напрыклад, эфектыўна працуюць ААТ «Алнекс», ТАА «Нёман-інвестмент», якія прыцягнулі ў раён прамыя замежныя інвестыцыі і прадукцыя якіх пастаўляецца на экспарт. На прадпрыемствах створана больш за 30 рабочых месцаў. Інтэнсіўна развіваецца створанае ў мінулым годзе ТАА «БелКазДрев». Прадпрыемства размясцілася на арандаваных плошчах у вёсцы Ніўнае. Створана 36 новых рабочых месцаў. З другой паловы 2019 года таварыства пачало пастаўляць сваю прадукцыю, драўнінны вугаль, на экспарт.

У раёне добра развіваецца і вядзенне сялянска-фермерскіх гаспадарак. Нельга не адзначыць работу СФГ «Сула», ТАА «Сула Плюс», ААТ «Аграцэнтр «Сула». Рыхтуецца да адкрыцця завод па перапрацоўцы бульбы па сучасных тэхналогіях. А гэта новыя віды прадукцыі, павелічэнне экспарту.

У горадзе паступова развіваецца і будаўніцтва. У 2019 годзе пабудавалі і здалі ў эксплуатацыю 60-кватэрны жылы дом. Індывідуальнымі забудоўшчыкамі ўзведзена 15 248 кв. м жылля. 53 шматдзетныя сям’і палепшылі свае жыллёвыя ўмовы: 43 сям’і атрымалі жыллё ў шматкватэрных дамах, 10 – пабудаваліся індывідуальна. У надыходзячым годзе будзе здадзена ў эксплуатацыю новая кацельня, якая прынясе ў горад больш таннае цяпло.

Сёння ва ўмовах пабудовы інавацыйнага грамадства ўзрастае роля і сацыяльнай сферы: адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорту, турызму, СМІ.

Пры падтрымцы аблвыканкама ў адыходзячым 2019 годзе мы змаглі знайсці шляхі вырашэння праблемы школьнай адукацыі ў г. Стоўбцы. Ужо рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя для будаўніцтва сярэдняй школы № 4 у г. Стоўбцы, а ў 2020 годзе плануем прыступіць да яе ўзвядзення. Капітальна адрамантавана СШ № 3 г. Стоўбцы, ідуць бягучыя рамонты школ і дзіцячых садоў горада і раёна. Стаўбцоўскія школьнікі прымаюць удзел у алімпіядах, конкурсах, фестывалях, турнірах рознага ўзроўню і дасягаюць самых высокіх вынікаў. Напрыклад, у гэтым навучальным годзе атрымана два дыпломы на заключным этапе міжнароднай алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гісторыя і духоўная агульнасць», два дыпломы і пахвальны ліст на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды і інш. Мы ганарымся, што стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітых вучняў у 2019 годзе сталі тры вучні і тры педагогі нашага раёна, а дырэктар ДУА «Аталезскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа» С. Войніч заняў другое месца ў абласным конкурсе «Малады дырэктар – 2019».

На тэрыторыі раёна працуюць дзве ДЮСШ і ФАЦ.

Праслаўляюць нашу Стаўбцоўшчыну і ўстановы культуры. Ганаровых званняў «народны» і «ўзорны» ўдастоены 32 калектывы мастацкай самадзейнасці раёна. Народны духавы аркестр «Віціны» Стаўбцоўскай ДШМ атрымаў званне «Заслужаны любіцельскі калектыў Рэспублікі Беларусь», а ў бягучым годзе ён стаў лаўрэатам ІІІ ступені адкрытага міжнароднага фестывалю-конкурсу духавой музыкі «Бессмертный оркестр» (г. Калінінград), а таксама ўладальнікам Гран-пры міжнароднага конкурсу духавых аркестраў і ансамбляў дэфіле-шоу «Бессмертный оркестр». Кіраўнік Аляксандр Нічыпаровіч, калектывы Стаўбцоўскай ДШМ сталі лаўрэатамі ІІІ ступені абласнога фестывалю народнай творчасці «Напеў зямлі маёй», вучаніца Наваколасаўскай ДШМ Марыя Тэрзі стала ўладальніцай заахвочвальнай прэміі спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Адным з найважнейшых фактараў, якія вызначаюць якасць жыцця людзей, з’яўляецца ахова здароўя. Стаўбцоўская ЦРБ набыла сучасны выгляд. Сёлета адкрыта новае прыёмнае аддзяленне, аналагаў якому няма ў Мінскай вобласці, адрамантаваны амаль усе аддзяленні, ФАПы, працуе водагразелячэбніца. Напрыканцы года ў ЦРБ запрацаваў пілотны праект, які дае магчымасць атрымаць меддаведку для вадзіцеляў за кароткія тэрміны. Праводзіцца работа і па інфарматызацыі галіны аховы здароўя.

У бягучым годзе ў раёне праводзілася вялікая работа па добраўпарадкаванні дарог,  навядзенні парадку ў населеных пунктах. Напрыклад, аг. Дзераўная прыняў раённае свята «Дажынкі-2019». Зроблена шмат: пракладзены пешаходныя дарожкі, адрамантаваны дом культуры, участковая бальніца, абноўлена вулічнае асвятленне. Сёння людзі з задавальненнем прагульваюцца па набярэжнай мясцовага возера. Атрымалася сапраўдная «вёска будучага». Шмат робіцца ў гэтым напрамку агульнымі намаганнямі сельсаветаў і сельгаспрадпрыемстваў. Святы вёсак (за бягучы год іх прайшло 10, а ўсяго з 2014 года – 60) спрыяюць таму, каб Стаўбцоўскі край станавіўся ўсё больш прыгожым, чыстым, утульным.

Парк «Дружба народаў» папоўніўся новымі дзіцячымі гульнявымі пляцоўкамі, спартыўнымі трэнажорамі.

Добраўпарадкоўваюцца дарогі як у горадзе, так і ў вёсцы.

2020-ы, як і 2019-ы, – Год малой радзімы. Таму і ў надыходзячым годзе мы будзем старацца працаваць так, каб наш раён выдзяляўся чысцінёй, добраўпарадкаванасцю, быў дастойным сярод рэгіёнаў Міншчыны, бо Стаўбцоўшчына – гэта край не толькі працавітых людзей, але і пісьменнікаў, паэтаў. Гэта край, «дзе льецца Нёман срэбраводны…».

У 2020 годзе зоймемся вывучэннем пытання адкрыцця помніка класіку беларускай літаратуры Якубу Коласу ў г. Стоўбцы, праектаваннем аб’язной дарогі, якая будзе злучаць вул. Задворанскую з дарогай Р2. Будзем прыкладваць усе намаганні, каб вырашыць праблему з адпачынкам моладзі: будзем прапрацоўваць пытанне будаўніцтва маладзёжна-гульнявога цэнтра ў г. Стоўбцы.

Планаў, задумак шмат. Хочацца, каб яны былі рэалізаваны. Мы верым у сябе, у свае сілы, у сваіх людзей і спадзяёмся толькі на ўсё самае лепшае, бо мы жывём і працуем для ўсіх нас, для чалавека і ў імя чалавека.

Сёння я хачу выказаць словы падзякі за працу нашым сродкам масавай інфармацыі, журналістам раённай газеты «Прамень» і праграмы радыёвяшчання «Радыё Стоўбцы». Вы асвятляеце жыццё раёна, даносіце да кожнага чытача ўсе навіны, усебакова і аб’ектыўна расказваеце аб падзеях грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця раёна. Дзякуй вам за працу.

Паважаныя жыхары Стаўбцоўшчыны, шаноўныя землякі!

У гэтае цудоўнае свята я хачу пажадаць вам шчасця, добрага здароўя. Няхай збудзецца ўсё задуманае, у кожны дом прыходзяць толькі радасныя навіны, будзе паразуменне, каханне. Поспехаў вам і вашым блізкім. Міру і росквіту нашай малой радзіме, мілай Стаўбцоўшчыне, і роднай Беларусі. З надыходзячым 2020 годам! З Ражджаством Хрыстовым!

З павагай Дзяніс КОЛЯСЕНЬ, старшыня Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *