Заслужаныя работнікі сельскай гаспадаркі адзначаць свае юбілеі ў 2020 годзе

Важное Сельская гаспадарка

На сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна працуе нямала заслужаных і добрасумленных людзей, якія ў наступным годзе адзначаць свае юбілеі. На іх жыццёвым і працоўным шляху адбылося нямала важных і радасных падзей, як асабістых, так і грамадскіх.

Васьмідзесяцігоддзе адзначыць адна з самых тытулаваных жанчын, равесніца і легенда раёна, брыгадзір МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Зінаіда Ярашэвіч. Зінаіда Пятроўна пяцьдзясят сем гадоў рупіцца ў самай нялёгкай галіне – жывёлагадоўчай, а агульны працоўны стаж у яе складае звыш шасцідзесяці гадоў. Самым знамянальным для Зінаіды Ярашэвіч, на той час аператара машыннага даення, стаў 1988 год, калі прыйшла нечаканая слава – атрымала званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Загадчыца збожжасклада Лідзія Ваўчок, у недалёкім мінулым ідэолаг і спецыяліст па кадрах, а таксама трактарыст Міхаіл Кажамяка з ААТ «Рубяжэвічы» – сямідзесяцігадовыя юбіляры. Па некалькі дзясяткаў гадоў яны прысвяцілі працы ў сельскай гаспадарцы і сёння працуюць на адказных участках.

У ААТ «Вішнявецкі-агра» заслугоўваюць павагі брыгадзір паляводчай брыгады Вячаслаў Ермаковіч, брыгадзіры жывёлагадоўчых фермаў Людміла Семянкевіч і Павел Лабажэвіч, вадзіцель Міхаіл Астравух. Усе яны адзначаць шасцідзесяцігоддзі і маюць шматгадовы працоўны стаж. Кожны сумленна шчыруе на сваім участку работы, прымнажаючы здабыткі гаспадаркі. У гэтай кагорце і інспектар па кадрах ААТ «Жацерава» Ганна Новік (на працягу дзевятнаццаці гадоў жанчына ўзначальвала пярвічную прафсаюзную арганізацыю таварыства), а таксама механізатары, якія складаюць касцяк працаўнікоў данай прафесіі – Віктар Гоцкі і Генадзій Ярмак. Дарэчы, шасцідзесяцігоддзе – адзіны юбілей у жыцці кожнага чалавека, які, па ўсходнім календары, супадае з годам той жывёлы, пад знакам якой ён нарадзіўся.

Галоўны заатэхнік ТАА «СЖК «Налібакі» (флагмана раёна па вытворчасці малака) Уладзімір Чарняўскі будзе святкаваць пяцідзесяцігоддзе. Уладзімір Іосіфавіч – граматны спецыяліст, на гэтай пасадзе сямнаццаць гадоў, практычна з заснавання таварыства. Залаты юбілей і ў намесніка дырэктара – галоўнага агранома ААТ «Агранёманскі» Івана Скварчэўскага, які больш за чвэрць стагоддзя ўзначальвае раслінаводчую галіну гаспадаркі. Два дастойныя юбіляры з ААТ «Дзераўное» – галоўны бухгалтар Валянціна Бець, трактарыст Станіслаў Дзям’янка (яго фотаздымак упрыгожвае раённую Дошку гонару).

Не займаць вопыту механізатару Аляксандру Тарабэшу з ААТ «Вялікі Двор». У працоўнай скарбонцы хлебароба – двухтысячны намалот збожжа. Разам з жывёлаводам Валерыем Жылка, які дабіваецца высокіх сярэднясутачных прываг жывёлы на адкорме, яны адзначаць свае саракагоддзі.

Кожны з вышэйназваных юбіляраў чакае ў наступным годзе толькі добрых навін, радасці і шчасця для родных, блізкіх і сяброў, у акружэнні якіх плануе сустрэць свой дзень нараджэння.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *