Стоўбцы сустракаюць новы год росквітам святочных агнёў

Важное Эканомiка

У вячэрніх Стоўбцаў з’явіўся асаблівы шарм, атмасфера свята, якая кліча не сядзець дома, а часцей прагульвацца пад зіхаценне святочных лямпачак.

Стаўбчане, госці горада разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі з году ў год спецыяльна выязджаюць на ўскраіну горада. Кіруюцца да адміністрацыйнага будынка мясакансервавага камбіната. Гэта нязменнае месца сустрэчы дзетвары з неонавай навагодняй казкай, якой прадпрыемства ўпрыгожвае сваю тэрыторыю і, адпаведна, наш з вамі горад. У свой час кіраўніцтва камбіната падышло да гэтага пытання вельмі не шаблонна і, у выніку, атрымала прыгожую самарэкламу, да ўзроўню якой варта імкнуцца і іншым. Найбольш актыўныя, як, да прыкладу, цэнтральная раённая бальніца, ужо падхапілі эстафету, прапанавалі свой варыянт светлавога шоу.

Для стаўбчан ужо другі год  месцам сустрэчы з вулічнай навагодняй казкай стала пляцоўка побач з раённым Цэнтрам культуры. Нарэшце яна, размешчаная на скрыжаванні чатырох вуліц, ажыла, зайграла агнямі-фігуркамі, сімваламі Новага года.

Незвычайна сёлета ля касцёла. Зроблена інсталяцыя Божага Нараджэння, устаноўлена вялікая ёлка. Ёсць на што паглядзець!

У цэнтры святочных забаў, зразумела, – прыгажуня-ёлка, якая сёлета «пераехала» ў парк «Дружба народаў». Штогод яе ўпрыгожваюць работнікі камунальнай службы, дабаўляюць новыя цацкі і гірлянды. Але на мяжы 2019–2020 гадоў ёлка выглядае асабліва прыгожа «апранутай».

Вачэй не адвесці ад алеі ў цэнтры вуліцы Ленінскай, побач з раённым выканаўчым камітэтам, рэдакцыяй газеты. Было добра бачна, як завіхаліся работнікі Стаўбцоўскага АКС на чале з галоўным энергетыкам Леанідам Хіневічам, майстрам Дзмітрыем Шабунем, каб засвяціліся колерамі розных адценняў шаты высокіх дрэў і спецыяльна ўстаноўленыя канструкцыі, што імітуюць карлікавыя дрэўцы.

У зіхатлівых навагодніх агеньчыкаў, як вядома, век кароткі. Наш добры настрой і камфортнае знаходжанне на вуліцах у многім залежыць ад нармальнага функцыянавання вулічнага асвятлення. У Стоўбцах многія ліхтары ўжо заменены на сучасныя энергазберагальныя, якія і свецяць ярчэй, і праслужаць даўжэй. У Новым Свержані энергетыкі завяршылі рэалізацыю буйнога інвестыцыйнага праекта па рэканструкцыі электрасетак. Вечарам ад ліхтароў так светла, як днём, і хочацца, як у дзяцінстве, верыць у цуды, у спаўненне запаветных мар.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *