Падводзім вынікі і будуем планы разам з падпісчыкамі «Праменя»

Соцыум

image_pdfimage_print

Нашы падпісчыкі і чытачы, сустракаючы новы, 2020 год, падводзяць вынікі свайго жыцця і будуюць планы. Самае галоўнае для іх – не стаяць убаку,  верыць у тое, што мары збываюцца.

Ірына Макарэвіч:

– У нас на новы год шмат планаў, ідэй. З мужам мы ўжо больш за пяць гадоў займаемся арганізацыяй дзіцячых свят. Наш клоўн Міня і іншыя казачныя героі пабывалі ў карэкцыйным цэнтры, дзіцячым прытулку, тэрытарыяльным цэнтры… Ёсць сітуацыі, калі тэлефануюць бацькі, і мы з задавальненнем дорым іх дзецям усмешку. Да ўсіх можна знайсці падыход, для ўсіх адшукаць час. Наш 11-гадовы сын не так даўно зразумеў, што Дзеда Мароза не існуе. У яго былі слёзы… Хочацца, каб дзеці верылі ў казку, дабро, і гэта працягвалася як мага даўжэй. Каб яны марылі, таму што мары збываюцца. Для гэтага трэба мець цярпенне і працавітасць, не стамляцца чакаць. Радуйцеся не матэрыяльным падарункам, а жыццёвым дробязям.

Віктар Маліноўскі:

– Мінулы год быў для нашай сям’і вельмі ўдалым. Дачка Вера паступіла ў Баранавіцкі ўніверсітэт, на бюджэтнае аддзяленне. Вывучае англійскую і нямецкую мовы. Жадаем ёй атрымаць запатрабаваную спецыяльнасць, каб быць карыснай для грамадства і радаваць нас, бацькоў. Што будзе ў новым годзе – прадбачыць цяжка, але, спадзяёмся, усё складзецца лепшым чынам. На старонках «Праменя» чакаем сустрэч з цікавымі людзьмі. Магу нават падказаць адрас у маёй роднай вёсцы Варнавугал – гэта Анатоль Іларыёнавіч Цвік. Такія людзі, якія ўсяго дасягаюць сваімі рукамі, мне вельмі імпануюць. Раёнку чытаю з дзяцінства, яшчэ калі выпісвалі бацькі. Ёсць пажаданне для газеты: каб усе яе старонкі былі каляровыя.

Кацярына Жашкевіч:

– Чакаем ад новага года толькі добрага. У нашай сям’і падрастае дачушка Анютка. Ёй два гады. Сыну Паўлу – 12. Ён малайчына! Заняў другое месца ў конкурсе баяністаў і акардэаністаў. Выдатнік. Дачушка ў новым годзе пойдзе ў дзіцячы сад № 8 г. Стоўбцы, а цяпер ходзім туды на адаптацыю. Дзіцячы сад да свята так упрыгожаны, што ў яе ад здзіўлення не закрываецца рот. Да водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў я працавала ў бальніцы, у аддзяленні пералівання крыві. На даны момант усе чакаем тату з рэйса. Сумуем. У нашай сям’і газету «Прамень» выпісваюць і бабуля, і мама. Падабаецца чытаць навіны раёна, бачыць на фотапартрэтах знаёмых людзей. Хочацца, каб у новым годзе ўсе былі шчаслівыя і добразычлівыя, не мелі расчараванняў.

Юлія Нядзвецкая:

– У новым годзе жадаю ўсім жыхарам раёна здароўя, поспехаў. І – абавязкова чытаць «Прамень». Дзякуючы раёнцы мы даведваемся пра самае важнае ў сваім горадзе. У нашай сям’і сувязь з «Праменем» ідзе ад прабабулі. Цяпер яе актыўна падтрымлівае бабуля, Фаіна Іванаўна Дрозд. Яна чытае раёнку «ад і да», таму, калі трэба, то і нас інфармуе, папярэджвае аб нечым. Настройвае на пазітыў. Апошнім часам наш горад развіваецца і, адпаведна, дае магчымасці і для нашага развіцця. Я працую ў індывідуальнага прадпрымальніка прадаўцом нехарчовых тавараў. У вольны час ходзім з дачкой-школьніцай у басейн. Яшчэ яна займаецца харэаграфіяй, англійскай мовай, маляваннем, – а мы ёй ва ўсім дапамагаем.

Раіса Акалот:

– Мне нескладана прыгатаваць цудоўны стол, таму што ўсё жыццё працавала ў рэстаране поварам. Гэта першы Новы год, калі я дома, на заслужаным адпачынку, і магу ўдзяліць сваю ўвагу блізкім. У нас з мужам два сыны. Адзін працуе ў Коласаве, другі – вадзіцель-міжнароднік, акурат паехаў у рэйс. З Масквы да нас павінны прыехаць госці, нашы знаёмыя. Усім даспадобы такія святочныя стравы, як фаршыраваная рыба, заліўное, дамашнія рулеты. А «Прамень» мы выпісваем з 1981 года. Выпісваем раёнку і на дачу, у Семенчыцы.

Ніна МІНІНА:

–       2019 год прайшоў спакойна, у коле родных і блізкіх. Гэты год прынёс толькі добрыя навіны. Новы год для мяне – гэта сямейнае свята. Па традыцыі яго заўсёды чакаем і адзначаем. Кожны год мы збіраемся ўсёй сям’ёй: я, дачка, зяць, унукі, праўнукі. Новы год – гэта заўсёды надзея на лепшае. Спадзяюся, што ў наступным годзе жыць стане яшчэ лепш. Усім шчасця, радасці, і, самае галоўнае, няхай будзе добрае здароўе.

Анастасія БОНАХАВА:

–       Новы год – гэта ў першую чаргу сямейнае свята. Звычайна на гэтае свята збіраемся ўсе разам: мая сям’я, бацькі, сёстры і браты, цёткі, бабулі. Мы гутарым, дзелімся ўспамінамі пра мінулае і будуем планы на будучыню. Для мяне час ідзе хутка, бо я знаходжуся ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. Чакаю ад 2020 года магчымасці самаразвіцця, прыемных падзей. Думаю, у мяне з’явіцца больш часу – змагу яго прысвяціць як свайму развіццю, так і развіццю майго сына.

Святлана БУГЕРА:

–       Адыходзячы год быў паспяховым, здароўе і работа радавалі. Навагодняе свята ў нас не абыходзіцца без ёлкі, вешаем агеньчыкі на вокны, звычайна ідзём паглядзець  на гарадскую ёлку. Хачу, каб 2020-ы толькі палепшыў наша здароўе, каб усё, што было добрым у мінулым годзе, не стала горшым. Веру, што новы год апраўдае самыя смелыя спадзяванні, прынясе стабільнасць і дабрабыт.

Апытанні падрыхтавалі Таццяна ПЯТКЕВІЧ і Марына КУТАС, фота аўтараў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *