Да абеліскаў, помнікаў прыходзім

Дзякуй, салдат! Нумары

9 Мая – чырвоны дзень у календары. У душы – гэта свята асабліва шчымлівае, непараўнальнае, хаця гісторыя з кожным годам усё больш аддаляе нас ад таго доўгачаканага пераможнага мая 1945-га… Ветэранаў, салдатаў Перамогі веліч гэтага святочнага дня кліча на галоўную плошчу нашага горада – плошчу Бессмяротнасці, дзе ўстаноўлены сімвалічны манумент. І  побач з  сівымі шаноўнымі ветэранамі – юныя прыгожыя стаўбчане. З кветкамі ў руках.

Што прывяло іх сюды? Што думаюць яны, народжаныя праз шмат дзесяцігоддзяў пасля вайны, пра Дзень Перамогі? 

Ігар Янькоў, настаўнік англійскай мовы школы № 3 горада Стоўбцы:

– 9 Мая мы збіраемся ў школе, потым ідзем на мітынг на плошчу Бессмяротнасці. Так  заўсёды: калі сам быў вучнем гэтай школы і цяпер, калі вярнуўся працаваць настаўнікам у родную школу. Памятаю, як з аднакласнікамі пасля мітынгу ішлі гуляць па горадзе. З шарыкамі ў руках. Ва ўсіх прахожых – усмешкі, добры настрой. Запомніліся паходы дамоў да ветэранаў вайны.  Пілі чай, размаўлялі… Мне ў тым узросце было цяжка слухаць іх успаміны. Думалася, які мужны гэты ветэран, які ён бясстрашны, што змог так паваяваць і вярнуцца дамоў цэлым, жывым, уладкаваць сваё жыццё. Але быў і падсвядомы страх – за тое, каб гэтае пекла не паўтарылася, бо тады нам прыйдзецца насамрэч перажыць тое, што выпала яму і яго пакаленню. Мір – неацэнная каштоўнасць, яе трэба берагчы.       

Рыта Качановіч, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Навасвержанскай школы:

– Разам з аднакласнікамі на працягу вучэбнага года шэфствуем над ветэранам вайны. Гэта жыхар Новага Свержаня Анатоль Андрэевіч Дзягіль. Напярэдадні 9 Мая віншуем яго са святам, уручаем яму віншавальную паштоўку. Па магчымасці імкнемся дапамагчы ў гаспадарчых клопатах. Мы задаем яму шмат пытанняў пра вайну. У яго – слёзы на вачах, у нас – таксама… Ветэраны заслугоўваюць нашай пашаны, удзячнасці за здзейснены подзвіг. Для іх мы спяваем ваенныя песні. У нашай школе створаны хор. Выступаем з канцэртамі ў школе, а таксама каля помніка, устаноўленага на тэрыторыі сельсавета, на сцэне мясцовага Дома культуры, у Стоўбцах. Я вельмі люблю спяваць (займаюся спевамі з першага класа), асвойваю ігру на цымбалах і хачу звязаць сваё жыццё з музыкай. Дзякуй ветэранам, што падарылі нам мір і цудоўную музыку мірнага жыцця!

Кацярына Таратута, старшыня пярвічнай арганізацыі БРСМ школы № 2 горада Стоўбцы:

– Не толькі ў пярэдадзень свята, а і на працягу года мы стараемся не забываць ветэранаў. Любім іх бязмежна і імкнемся дапамагаць ім. Напрыклад, трэба папыласосіць у доме, управіцца на агародзе… Для нас гэта нескладана. А вось ім, старэнькім, калі не ва ўсіх ёсць родныя, наша дапамога неабходна. Вельмі прыемна, калі яны цікавяцца нашым школьным жыццём. Мы іх запрашаем у школу. Напярэдадні 9 Мая ў нас праходзіць асабліва шмат тэматычных мерапрыемстваў – класных гадзін, урокаў мужнасці. 9 Мая мы ўсім класам пойдзем на мітынг на плошчу Бессмяротнасці. З кветкамі, вянкамі, каб аддаць даніну памяці героям вайны – тым, якія побач з намі, і тым, якіх не ведаем, якія маладымі пайшлі ў вечнасць. Вучні нашай школы дапамагалі сёлета камунальнай службе ў пасадцы дрэў – каб горад наш быў больш зялёным, прыгожым, радаваў кожнага з нас. Мы, выпускнікі, спадзяемся, што пакінулі свой след у школе.

Вераніка Бурдукевіч, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Дзераўнянскай школы:

–  Адзіны ветэран вайны ў Дзераўной  Аляксандр Іванавіч Жарскі жыве акурат насупраць школы. З ахвотай ідзем да яго, з любоўю рыхтуем  для яго віншавальныя паштоўкі. У нас ёсць валанцёрская група, якая прыходзіць да Аляксандра Іванавіча  з дапамогай. Не так даўно ў нашым 10 класе быў адкрыты ўрок па гісторыі. Напярэдадні мы сустракаліся з ветэранамі і занатоўвалі іх успаміны. Мой дзядуля  Іосіф Уладзіміравіч Доўнар, якому цяпер 77 гадоў – дзіця вайны. Ён мне таксама шмат расказваў пра вайну – менавіта тое, што перажылі яго бацькі. Да Дня Перамогі ў нас праходзілі конкурсы – вучні з дапамогай кіраўніка аб’яднання па інтарэсах «Літаратурны ветразь» Леакадзіі Пятроўны Кароткай пісалі вершы, рыхтавалі малюнкі. Будзе святочны канцэрт. Нізкі паклон ветэранам  за тое, што ў нас мірнае неба над галавою, што мы можам вучыцца і выбіраць любімую для сябе прафесію.

Дзмітрый Клаўшун, механік аўтапарка № 17:

– Будучы вучнямі школы № 3 мы хадзілі да ветэранаў вайны дамоў. 9 Мая ішлі на парад (і цяпер працягваем гэта рабіць). Памятаю, як адзін дзядуля расказваў нам пра сваю кантузію. У мяне былі горкія адчуванні: «Як можна было яго, маладога, параніць? Яму трэба жыць!» Мой прадзядуля – Мікалай Мікалаевіч Булаш – таксама ваяваў. Калі яго не стала, мне было толькі тры годзікі, але пра яго мне расказалі бацькі. Мае бабулі і дзядулі ў вайну дапамагалі партызанам прадуктамі, цёплай вопраткай. Дзень Перамогі для сённяшняй моладзі – свята вельмі пазітыўнае і, безумоўна, хвалюючае, настальгічнае. На жаль, ветэранаў становіцца сярод нас усё менш і менш. Дай Бог ім здароўя! У аўтапарку наша служба працуе кругласутачна, каб на лінію выходзілі спраўныя аўтобусы, грузавы транспарт. Аўтобусы перавозяць шмат пасажыраў, і  вельмі прыемна сярод іх бачыць ветэранаў вайны і працы. Дзякуй ім, бо гэта іх заслуга, што мы маем магчымасць любіць тэхніку і футбол, любіць жыццё!

ГутарылаТаццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *