Першы Новы год пасля арміі

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны

Маладыя людзі, у якіх напрыканцы года закончылася тэрміновая ваенная служба, рыхтуюцца сустрэць дома свой першы Новы год. Адно толькі згадванне пра свята ўжо выклікае ў хлопцаў шырокую ўсмешку. 

Сустрэча ля навагодняй ёлачкі ў райваенкамаце (злева направа): начальнік групы прызыву Аляксей Луцэвіч рады вітаць сваіх былых прызыўнікоў Дзмітрыя Лявонцьева, Андрэя Праневіча і Дзмітрыя Галімскага

– Які Новы год без падарункаў? – кажа за ўсіх Дзмітрый Галімскі. – Але самы галоўны падарунак – гэта тое, што мы дома.

Дадому вельмі цягнула, сумавалі па бацьках і дамашняй абстаноўцы, як прыгадваюць хлопцы апошнія год-паўтара са свайго жыцця. Кожнаму было няпроста прывыкнуць жыць паводле рэжыму і навучыцца цярпліва пераносіць цяжкасці службы, а ў цэлым у памяці засталося толькі добрае пра сваю часць, камандзіраў і саслужыўцаў. З імі, дарэчы, не губляюць сувязі і сёння.

Дзмітрый Галімскі адслужыў у войсках сувязі ў Валожынскім раёне. Яго заўважылі яшчэ пры здачы нарматываў і, за высокія вынікі, вылучылі для ўдзелу ў сустрэчы з міністрам абароны рэспублікі. На ўшанаванне лепшых салдат была запрошана і яго мама – Анжаліка Пятроўна. Сын ганарыцца ёю, салісткай эстраднай студыі «Арыенцір». Дзякуючы матулі вяртанне сына-сяржанта было аздоблена плакатамі, кветкамі, шарыкамі, і яго не маглі прапусціць нават суседзі. Пасля службы Дзмітрый беражліва захоўвае падарунак міністра – наручны гадзіннік.

У яго цёзкі, Дзмітрыя Лявонцьева, служба праходзіла ва ўнутраных войсках у Мінску. Было патруляванне вуліц сталіцы, у тым ліку і ў адказны перыяд правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў. «Не верыцца, але за змену праходзілі па маршруце 20-25 км», – звяртае ўвагу Дзмітрый на фізічныя нагрузкі. Разам з тым падкрэслівае, што ніводнага разу за паўтара года не даводзілася ляжаць у лазарэце, бо арганізм выпрацаваў моцны імунітэт.

Андрэя Праневіча лёс закінуў падалей ад гарадскога тлуму, на ахову дзяржаўнай мяжы з Украінай. Пагранічнікі абыходзілі за суткі і па 40 км, прычым нярэдка былі на нагах і ў начны час. Самае складанае – гэта адказнасць за зброю, за яе захаванасць. І яшчэ – пад’ём па камандзе «У ружжо!», на які строгія армейскія правілы адводзілі лічаныя мінуты…

А самым дзіўным момантам для Андрэя Праневіча, інтэлектуала з дыпломам аднаго з самых прэстыжных факультэтаў БДУ – факультэта міжнародных адносін, было першае прабуджэнне на заставе… Ён гэта акрэслівае так: «На гадзінніку – усяго 06.30, а ўставаць трэба вельмі хутка…» Для сябе ён вынес важнасць страявой падрыхтоўкі. Давялося атрымаць і многія карысныя навыкі падчас працы на падсобнай гаспадарцы.

Сёння на змену армейскім патрабаванням прыйшлі іншыя, тыя, якія хлопцы самі да сябе прад’яўляюць. І гэтыя патрабаванні сведчаць пра сур’ёзнасць іх жыццёвых мэт і планаў.

Так, Андрэй Праневіч пасля нашай сустрэчы ў райваенкамаце (акурат ля навагодняй ёлачкі) паспяшаўся ў БДУ – па даведку, неабходную для вырашэння пытання з працаўладкаваннем. «Хачу працаваць па сваёй, юрыдычнай, спецыяльнасці», – дзеліцца надзённым Андрэй. У райваенкамаце ён таксама падаў дакументы – для афармлення афіцэрскага звання.

А два Дзмітрыі ўжо ўладкаваліся на працу: Галімскаму  прапанавалі заняць вакантную пасаду вадзіцеля ў райваенкамаце, Лявонцьеў выбраў філіял маторнага завода, хоць яму не раз паступалі прапановы наконт працягу службы ў органах правапарадку. На новы, 2020 год Дзмітрый Галімскі ўскладае асаблівыя надзеі: плануе паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову.

А пакуль хлопцы з ахвотай дапамагаюць бацькам у звычайных дамашніх клопатах. Зразумела, што яны ўжо адаспаліся ўволю і свой апетыт залагодзілі, які ў арміі не даваў спакою. Яны будуюць планы на Новы год.

– Ёлку ўпрыгожу, накрыю святочны стол, – дае зразумець Дзмітрый Лявонцьеў. – Мая мама працуе ў лазні, 31 снежня вернецца позна, і ёй будзе вельмі прыемна ўбачыць усё гатовае да сустрэчы Новага года.

Напэўна, ля ёлачкі будуць загадваць жаданні і мама, і сын, і іх блізкія. Перад вачыма будзе мірная сямейная ідылія. Так і ў іншых сем’ях, дзе хтосьці ўжо адслужыў, а нехта – служыць або збіраецца на ваенную службу.

«Чаму навучыла армія?» – цікаўлюся, падводзячы вынікі 2019 года, у сваіх суразмоўнікаў. Іх адказы вельмі падобныя, і гучаць яны прыкладна так: ваенная служба навучыла жыць у соцыуме, ставіць перад сабою задачы, несці адказнасць за сябе і за іншых.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *