Серабрыстыя таполі юнацтва

Год малой родины

Фото носит иллюстративный характер

Днямі ў рэдакцыю зазірнуў Яўген Хвалей. «Ну як жа я без «Праменя»? Свая газета. Некалі ж і сам, хаця і няшмат часу, але ў праменеўскім калектыве працаваў. Цяпер вось ужо пяты дзясятак  гадоў жыву ў Мінску, ды сэрцам заўсёды з радзімай. Раней спяшаўся да маці, а цяпер вось у бацькоўскую хату еду, каб разам з братам пайсці да яе магілы…»

Белькаўшчына, яна па другі бок Нёмана ад Мікалаеўшчыны. Свежы, гаючы рачны і лясны водар. І ўяўна – няўлоўны жыватворны дух нібы заўсёды прысутнага тут, у родным куце, вялікага песняра. Якуб Колас – ад яго ўсе творчыя пуцявіны нашчадкаў.

Яўген Хвалей першыя вершы надрукаваў у «Прамені». Потым былі публікацыі ў рэспубліканскіх газетах, часопісах. І кнігі паэзіі, прозы. Аповесць «Пацукі, або Таямнічы дзённік» удастоена высокай адзнакі – Нацыянальнай літаратурнай прэміі «Залаты Купідон». Твор вытрымаў некалькі выданняў і быў ухвалены многімі чытачамі.

Звяртаю ўвагу Яўгена на, так бы мовіць, актуальнасць і назвы, бо наступае ж год Пацука. Вядома, гэта гучыць жартам, бо аповесць аб сур’ёзным – няпростых узаемаадносінах, жыццёвых памылках маладога пакалення. Пра тое, аб чым доўга замоўчвалася і ў нашай прэсе, і ў літаратуры. Але ж праўдзівыя гісторыі дапамогуць іншым не скіраваць на згубны шлях…

Прыхільна і чытачамі, і крытыкай сагрэта аповесць Яўгена Хвалея «Серабрыстыя таполі». Гэта ўжо твор на гістарычную тэму, дзе ўвасоблены воблік Валенція Ваньковіча, мастака, аўтара партрэтаў Адама Міцкевіча, Аляксандра Пушкіна, Васіля Жукоўскага і іншых творцаў, вядомых усяму свету. Прыгадваем, што ў наступным годзе будзе адзначацца 220-годдзе з дня нараджэння знакамітага беларускага жывапісца.

«Рамантыка, – удакладняе Яўген, – бо калі пабываў на радзіме Ваньковіча, у Бярэзінскім раёне, адчуў тое адметнае адценне яго карцін. Серабрыстыя ў інеі таполі – як упершыню сам убачыў на сваёй радзіме. Наш родны кут – і малая радзіма, і вялікія гарады, і куточкі Беларусі – кожны са сваёй гісторыяй і лёсамі людзей. Лепшай, чым наша Беларусь, зямлі няма нідзе!» І гэта гучыць не паэтычна, не дэкларатыўна, што прысутна ўжо і пачынаючым аўтарам, а шчыра, прадумана. Так распарадзіўся лёс, што Яўгену Іванавічу даводзіцца часта выязджаць, адлятаць за мяжу. У Іспаніі жыве адна яго дачка, на Кіпры – другая. «Унукаў паслухаць, ды і самому замежнай размовы павучыцца. У Барселоне летам у садах ды нават паўз вуліцы спеюць апельсіны, мандарыны. А так хочацца беларускай бульбы ды чорнага здаровага хлеба. Галоўнае ж – шчырасць, душэўнасць нашых людзей. Дзе ж ёсць яшчэ такая рака, як наш Нёман, такія шчодрыя лясы, як нашы, беларускія», – гаворыць Яўген аб гэтым, а на стале – яго новыя вершы. «Прыйду на берагі твае крутыя, дубоў дзе караніцца род, дзе хвалі срэбна-залатыя калышуць памяць, як чарот…» А за вершам «Хронас-Нёман» – наступныя радкі: «Рву гасцям на Кіпры я лаванду, а ўяўляю: кветкі сінія – табе, быццам, я дару ў зялёным траўні твой любімы беларускі бэз…»

Беларусь – гэта роднае, агледжанае, аблашчанае цяплом сэрцаў продкаў. І наша Стаўбцоўшчына – непаўторны кут жыццёвых падзей, надзей, спадзяванняў. «Мае іспанцы і кіпрыёты ў захапленні ад Беларусі, мясцін Наднямоння. Зрэдзьчас прыязджаюць, а можа, хто і захоча жыць, абсталявацца на радзіме дзядулі і бабулі. У іх жа няма такога Нёмана. І зноў вершы: «Ты рушыш зноў – рака жыцця і часу, – аддаўшы плынь гарэзу-быстраку. І доўга буду я з маімі днямі разам рукой махаць, праводзячы раку».

Плынь ракі, плынь часу. Акурат 1 студзеня, на Новы год, у Яўгена Хвалея дзень нараджэння. Думаю, што чытачы «Праменя» далучацца да шчырых віншаванняў у адрас Яўгена Іванавіча. Моцнага здароўя, новых творчых здабыткаў!

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *