Жыхары Наваколасава прыйшлі са спісам пытанняў

Афіцыйна Важное

Старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень правёў прыём грамадзян у Наваколасаўскім сельвыканкаме.

Грамадзян на прыёме было няшмат, але большасць прыйшла адразу са спісам пытанняў, праз якія можна было атрымаць усебаковае ўяўленне пра жыццё пасёлка. Асноўнае – гэта рамонт жыллёвага фонду, якасць жыллёва-камунальных паслуг і добраўпарадкаванне тэрыторый вакол дамоў. Звярнуліся, акрамя таго, і прадстаўнікі камерцыйных прадпрыемстваў, зацікаўленыя ў расшырэнні свайго бізнесу на тэрыторыі сельсавета.

Жыльцы вуліцы Перамогі пасёлка Наваколасава Валянціна Осіпава і Алена Марчанка не толькі ўзнялі шэраг жыццёва важных пытанняў, але і для пацвярджэння іх прадставілі яскравы фотаматэрыял. Так, на даху дома № 6 адсутнічае належны адліў, і вада зацякае ў пад’езд, перад уваходам стаяць лужыны.

– Па недахопах, што  існуюць, будзем выпраўляць сітуацыю, – зрабіў выснову, выслухаўшы людзей, Дзяніс Колясень. – «Ліўнёўку» зробім у найбліжэйшы час – у студзені, а ўваход у пад’езд прывядзём у парадак з надыходам вясны, калі будуць спрыяльныя ўмовы надвор’я.

Што датычыць капітальнага рамонту жыллёвага фонду (а ў Наваколасаве ён у ліку найстарэйшых у раёне; першыя дамы ўзводзіліся яшчэ ў 50-х гадах мінулага стагоддзя), то, як зазначыў старшыня райвыканкама, у першую чаргу вырашаюцца самыя вострыя пытанні (напрыклад, зроблены рамонт дома № 4 па вуліцы Алфёрава). Адрамантаваць усё адразу немагчыма – фінансавыя сродкі не дазваляюць.

У зваротах жанчын прагучалі нараканні на дрэнную работу ў доме сістэмы каналізацыі, а ў адной з кватэр – ацяплення на кухні, прытым што яе ўладальніцай заменены батарэя і трубы. Пытанні гэтыя не новыя, не раз узнімаліся перад работнікамі Стаўбцоўскага АКС, таму Дзяніс Колясень даручыў намесніку старшыні райвыканкама Аляксандру Цываку ўзяць іх на кантроль, разабрацца з імі, прычым, магчыма, камісійна.

Наконт тратуарных дарожак і ўвогуле добраўпарадкавання двара каля дома № 6 па вуліцы Перамогі старшыня райвыканкама паабяцаў, што пытанне будзе вывучана. Аналагічныя просьбы паступаюць фактычна ў кожным населеным пункце (да прыкладу, падчас прыёму жыхар Наваколасава Іван Ганчароў падказаў адрас дрэннай дарогі – вуліца Зарэчная ў вёсцы Яблынаўка (Заямнаўскі сельсавет)).

– Бяром усё на заўвагу і паступова будзем уключаць у адпаведную праграму, – сказаў Дзяніс Колясень.

У размове старшыня Наваколасаўскага сельвыканкама Дзмітрый Каршункоў удакладніў, што, у адпаведнасці з планам добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, у пасёлку чакае сваёй чаргі жылы дом № 11 па вуліцы Перамогі. Там двор у вельмі разбітым стане, яміна на яміне, і, да таго, фактычна адсутнічае тратуар.

Жыхары Наваколасава не першы год узнімаюць пытанне арганізацыі аўтобусных зносін пасёлка са Стоўбцамі. Маўляў, у раскладзе электрычак бываюць вялікія перапынкі. Ішла размова і пра заезд у гэты перыяд маршрутак са Стоўбцаў, якія кіруюцца на Мінск. Дзяніс Колясень зазначыў, што пытанне будзе вывучана і перададзена на разгляд пасажырскіх перавозчыкаў. Аднак неабходна разумець тое, што заезд у Наваколасава маршруткі са Стоўбцаў выкліча павелічэнне кошту праезду для тых, хто едзе з райцэнтра, павялічыць працягласць іх знаходжання ў дарозе.

Узнімаліся і агульныя пытанні, якія не лепшым чынам уплываюць на настрой жыхароў пасёлка. Гэта занядбаныя пабудовы, антысанітарыя вакол рынка, дзе ажыццяўляецца гандаль, бытавое п’янства… У адказ на апошняе вырашана ўжо ў студзені 2020 года арганізаваць комплексную адпрацоўку сельсавета райаддзелам міліцыі сумесна з іншымі суб’ектамі прафілактыкі. Асобнае даручэнне дадзена аддзелу ДАІ – вызначыць з пункту гледжання бяспекі месца для катання дзяцей на веласіпедах, роліках з урэгуляваннем пытання з дапамогай дарожных знакаў.

Падчас прыёму размова ішла аб развіцці двух прадпрыемстваў – ТАА «Унілайн» і ТАА «ПронікКруп». Для расшырэння вытворчасці і стварэння адпаведнай інфраструктуры ім неабходныя дадатковыя будынкі, нармальныя пад’язныя шляхі. Кампетэнтныя тлумачэнні давала начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Таццяна Юнцэвіч. Высветлілася, што прыватныя структуры таксама не супраць удзельнічаць у вырашэнні пэўных пытанняў добраўпарадкавання. «Не трэба чакаць, калі да цябе прыйдуць, а неабходна ісці самому, размаўляць і сумесна паляпшаць сітуацыю», – адрэагаваў Дзяніс Колясень. Старшыня райвыканкама пацікавіўся, якія ў гэтых прадпрыемстваў аб’ёмы вытворчасці, выказаў зацікаўленасць іх экспартнай арыентаванасцю.

Варта прыгадаць, што летась у Наваколасаве прайшоў агульны сход з удзелам старшыні райвыканкама, і менавіта на ім жыхары пасёлка агучылі надзённыя пытанні. Шмат чаго ўжо вырашана. Да прыкладу, у 2019 годзе адсыпана асфальтагранулятам тратуарная дарожка ўздоўж аўтадарогі да чыгуначнага вакзала, завершана добраўпарадкаванне тратуарнай дарожкі па вуліцы Школьнай уздоўж школы, заасфальтаваны ўчастак аўтадарогі ад аўтамагістралі М1 да чыгуначнага пераезда, вуліца Спартыўная, пад’езд  і пляцоўка да цэнтра культуры з добраўпарадкаваннем. Увогуле Дзяніс Колясень прапанаваў зірнуць шырэй:

– У Наваколасаве пытанняў існуе значна больш, чым у тым спісе, з якім прыйшлі на прыём жыхары пасёлка. Вырашэнне ўсіх іх для раённай улады – прыярытэтная задача.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *