Поле яго жыцця

Важное Сельская гаспадарка

Радзевічаў добра ведаюць далёка за межамі Стаўбцоўшчыны. Сялянска-фермерская гаспадарка «Сула», якую заснаваў Уладзімір Піліпавіч і працягнуў гэтую справу Уладзімір Уладзіміравіч, расце і паспяхова развіваецца.

Але не толькі СФГ «Сула» стала практычным увасабленнем творчых ідэй Уладзіміра Піліпавіча. Яго працоўная біяграфія поўная цікавых і важных падзей.

Нарадзіўся У. П. Радзевіч 5 студзеня 1940 года ў г. п. Любча, які цяпер уваходзіць у Навагрудскі раён, у сялянскай сям’і. Бацька Піліп Сцяпанавіч загінуў на фронце Вялікай Айчыннай вайны. Маці Вера Пятроўна засталася ўдавой, выхоўвала двух сыноў. Працавала яна ў калгасе імя Жданава звеннявой па вырошчванні лёну, а таксама такой нязвыклай для нашых палёў культуры, як кок-сагыз. І толькі ў 1965 годзе пераехала да сына ў Стоўбцы.

Справе спецыяліста сельскай гаспадаркі вырашыў прысвяціць жыццё Уладзімір Радзевіч. У 1959 годзе ён з адзнакай закончыў Шчучынскі заатэхнічны тэхнікум, а затым – Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны, атрымаў дыплом вучонага-заатэхніка. Працаваў у Стаўбцоўскім раёне, заатэхнікам калгаса «Праўда».

Ініцыятыўнага маладога спецыяліста прыкмецілі. У 1965 годзе Уладзімір Радзевіч быў выбраны першым сакратаром Стаўбцоўскага райкама камсамола. Гэта быў час, калі моладзь на патрыятычнай хвалі накіроўвалася на адказныя ўчасткі будаўніцтва, уздыму прамысловасці, сельскай гаспадаркі. У райкаме партыі ва Уладзіміра спыталі: «Калі прапануем тваю кандыдатуру на пасаду кіраўніка гаспадаркі, справішся?» Адказ быў станоўчым. І на сходзе працаўнікоў калгаса «Нёман» вяскоўцы яго падтрымалі аднагалосна.

«Нас выбраў час» – такі быў папулярны лозунг. І малады старшыня калгаса, абапіраючыся на актыў, стараўся зрабіць усё магчымае для больш эфектыўнай дзейнасці гаспадаркі, для таго, каб жыццё вяскоўцаў стала і заможным, і культурным. Новай формай паслуг стала стварэнне сельскіх камунгасаў, ініцыятарам дзейнасці якіх з’яўляўся У. П. Радзевіч. Нёманцы свой сельскі камунгас называлі службай добрага настрою. Калі ўзнікала неабходнасць будаваць ці рамантаваць жыллё, правесці водаправод, пасадзіць бульбу і г. д., калгаснік ці інтэлігент звяртаўся ў сельскі камунгас. Гаспадарча-разліковае падраздзяленне з мясцовых майстроў умела і аператыўна выконвала заяўку. Вопыт нёманцаў быў падхоплены ва ўсёй рэспубліцы.

Пастараўся У. П. Радзевіч, каб у Стары Свержань першым у раёне падключылі прыродны газ з камунікацый газаправода, які правялі па тэрыторыі Стаўбцоўшчыны. Сярод новаўтварэнняў можна адзначыць таксама стварэнне ў Старым Свержані і іншых мясцовых вёсках сацыяльна-культурнага комплексу, куды ўключылі аб’екты культуры, адукацыі, сацыяльнага абслугоўвання. Прыгожыя новабудоўлі змянілі воблік сяла, вясковы побыт ужо практычна нельга было адрозніць ад гарадскога.

У 1976 годзе У. П. Радзевіча выбіраюць старшынёй Стаўбцоўскага райвыканкама. З 1980 па 1985 год ён працуе начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Мінскага аблвыканкама, затым –  першым сакратаром Мінскага райкама партыі, намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама. І ўсюды ён працуе творча, актыўна ўвасабляе стваральныя планы і ідэі.

З пачатку двухтысячных гадоў Уладзімір Піліпавіч вяртаецца да кіраўніцтва сельскай гаспадаркай, на гэты раз фермерскай. Як зрабіць яе высокаэфектыўнай, паказаў ён, а затым сын Уладзімір Уладзіміравіч, выдатны спецыяліст, на прыкладзе СФГ «Сула». Не лепшыя ў раёне землі дзякуючы перадавой агратэхніцы, селекцыі, майстэрству працаўнікоў сталі даваць высокую аддачу. Штогод на палях Радзевіча вырошчваюцца багатыя ўраджаі бульбы. У Ячонку на міжнародныя фестывалі поля збіраюцца знакамітыя бульбаводы. Развіваецца перапрацоўка шляхам стварэння даччыных вытворчасцяў.

Уладзімір Піліпавіч не можа заставацца ўбаку ад спраў, яго багаты вопыт, жыццёвая мудрасць заўсёды запатрабаваныя. 5 студзеня У. П. Радзевічу споўніцца 80 гадоў. А 1 студзеня дзень нараджэння быў у яго жонкі Зінаіды Паўлаўны, з якой выгадавалі дваіх сыноў, маюць унукаў і праўнукаў. Пажадаем Радзевічам здароўя, жыццёвай моцы, даўгалецця.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *