У тэрытарыяльным цэнтры адбылося святочнае пасяджэнне клуба «Гады – не бяда»

Главное Соцыум

На Стаўбцоўшчыне вясёлы Новы год завітаў не толькі да дзяцей, але і да пажылых людзей, і іх эмоцыі, як яны самі прызналіся, былі такімі ж моцнымі і шчырымі, як некалі ў дзяцінстве.

Наталля Паўлючэнка – майстар аўтарскай песні і актыўны валанцёр

На святочнае пасяджэнне клуба «Гады – не бяда» ў тэрытарыяльны цэнтр былі запрошаны даўнія і верныя сябры са Стаўбцоўскага раённага цэнтра народнай творчасці Марына Халецкая і Ала Янская, якія, пераўвасобіўшыся ў Снягурачку і Шапакляк (і Дзеда Мароза прывезлі з сабою), разыгралі казачнае дзейства і гульню з залай. Але і самі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту аказаліся не менш творчымі і крэатыўнымі. Як яны толькі ні спявалі! Сольна, дуэтамі, квартэтамі, у складзе хору… Аздобіць іх свята прыйшоў і юны саксафаніст Раман Шайноў. Вельмі хутка ў зале, упрыгожанай аўтарскімі ёлкамі і выстаўкай лялек Ніны Малюшкінай, запанавала атмасфера, якую цяжка перадаць словамі. Гэта быў імпульс дабрыні, шчасця, любові і павагі адзін да аднаго.

Свае віншаванні з Новым годам і Калядамі адрасавалі ўдзельнікам свята дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Блашко і старшыня раённага савета ветэранаў Наталля Лапко. Савет ветэранаў дапамог з набыццём сувеніраў для святочнага дзейства.

Сола ад саксафаніста Рамана Шайнова

Закончылася сустрэча чаяпіццем за агульным сталом, куды кожны мог прынесці свой пачастунак, а значыць – падзяліцца з іншымі часцінкай уласнай душы. Многія з прысутных у зале з’яўляюцца валанцёрамі і робяць добрыя справы не толькі з нагоды свята.

– У новым годзе будзем і далей працаваць з пажылымі людзьмі, каб яны адчувалі сябе карыснымі, развівалі свае таленты, – зазначыла загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра Аксана Жыбуль.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *