У днях добрых і мірных

Соцыум

Сваё 90-годдзе стаўбчанка Вераніка Івашка адзначыла ў дзень парламенцкіх выбараў. Для яе было прыемным сюрпрызам атрымаць на памяць кубак з лагатыпам «Твой дзень – твой выбар». Такі сувенір раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» уручыла выбаршчыкам, у каго дзень нараджэння супаў з днём выбараў.

Вераніка Пятроўна атрымала ў гэты дзень і іншыя падарункі. Яна маці чацвярых дзяцей. Мае шэсць унукаў і шэсць праўнукаў. Яе прыехалі павіншаваць з гэтым адметным юбілеем і пляменнікі. Такі дабрабыт у сям’і  і клопат родных падаўжаюць у радасці зямныя дні Веранікі Пятроўны, даюць сілы. Ёй часта робяць кампліменты, што выглядае яна, як артыстка.

А на самой справе яна былы повар. Калі пераехалі з сям’ёй з Урала ў Стоўбцы, мела вопыт работы ў школьнай сталовай. Яе навыкі былі запатрабаваны ў райспажыўтаварыстве. Многія гады разам са сваёй сястрой Валіцкай Леакадзіяй Пятроўнай, светлай памяці, яна працавала поварам. Сталовая месцілася на першым паверсе будынка рэстарана «Нёман». На той час вялося абслугоўванне бліжэйшых калгасаў, рыхтаваліся абеды для механізатараў і іншых працаўнікоў палявых работ. Свае рабочыя будні Вераніка Пятроўна ўспамінае дабром, гаворыць, што ўсе былі дружныя, справы ладзіліся.

Вераніка Івашка – дзіця вайны. За год да пачатку ваеннага ліхалецця памёр бацька. Маці была цяжарная чацвёртым дзіцем. Вераніцы было тады 12 гадоў. Як і ўсім дзецям ваеннага часу, ёй прыйшлося шмат чаго перажыць. У далейшым яе жыцці былі і іншыя смутныя абставіны: смерць сына, гібель унука. Справіцца з бядою ёй дапамагалі малітва і клопат родных. Вераніка Пятроўна жыве з дачкой Галінай, якая засталася са сваёй сям’ёй у бацькоўскім доме. Галіна Міхайлаўна беражліва адносіцца да маці, праяўляе клопат і любоў, захоўваючы старасць роднага чалавека добрай і мірнай.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *