Валянціна Угрыновіч адна з лепшых у прафесіі сацыяльных работнікаў

Соцыум

Галубка мая прыйшла. Так ласкава сустракаюць у вясковых дамах Валянціну Угрыновіч. Сярод 88 сацыяльных работнікаў раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Валянціна Іосіфаўна – адна з лепшых у прафесіі, што пацвярджае такі факт: яе фотаздымак занесены на раённую Дошку гонару.

Валянціна Угрыновіч жыве ў вёсцы Зарэчча Рубяжэвіцкага сельсавета і абслугоўвае дзевяць пажылых людзей навакольных населеных пунктаў: акрамя Зарэчча – у аграгарадку Засулле, вёсках Ждановічы і Татаршчына.

Пра сваіх падапечных гаворыць з цеплынёю і любоўю. У ліку дзевяці чалавек – тры інваліды, двое жанчын маюць узрост больш за 90 гадоў. Галіне Валяр’янаўне  Варывоцкай са Ждановічаў гэтымі днямі споўнілася 95 гадоў. Усе яны, мілаваў Бог, на сваіх нагах. Аднак узрост і фізічныя немачы не дазваляюць ім справіцца ўжо самастойна з дамашнімі клопатамі. Таму так чакаюць яны Валянціну Іосіфаўну. Ёй патрэбна не толькі дапамагчы прыбраць у доме, прыгатаваць ежу, прынесці дроў, камусьці прапаліць стаяк, але яшчэ і пагутарыць, выслухаць радасныя і смутныя навіны. Валянціна Іосіфаўна гаворыць, што пра кожнага са сваіх падапечных яна ведае ўсё, як пра роднага чалавека. Мінуты бягуць хутка. Пажылыя людзі не хочуць з ёй расставацца, просяць пабыць яшчэ з гадзінку.

У мінулым ветэрынарны ўрач, Валянціна Угрыновіч ужо  мае стаж працы сацыяльным работнікам 20 гадоў. Да сваіх падапечных яна дабіраецца за рулём уласнай машыны. Гэта дапамагае ёй сэканоміць каштоўны час, прывезці прадукты, больш увагі ўдзяліць пажылым людзям. У некаторых з іх ёсць дзеці, але і яны ўжо пенсійнага ўзросту і жывуць не побач. Некаторыя – адзінокія, таму так чакаюць увагі і падтрымкі ад сацыяльнага работніка. Валянціна Іосіфаўна гатова праявіць да іх такую міласць сэрца, абагрэць, прыгалубіць. Яна гаворыць, што ёй часта прыходзяць такія думкі: кожнаму прыйдзецца перажыць старасць, калі Бог падоўжыць век, і трэба думаць пра гэта, плаціць людзям дабром і ласкай, зарабляючы сабе рыштунак на Нябёсах.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *