Пасланне да Ражджаства Хрыстовага
епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла пастырам, манахам і ўсім верным дзецям Маладзечанскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы
«Весялецеся праведныя, нябёсы, радуйцеся; узыграйце горы, бо нарадзіўся Хрыстос! «
(Сціхіра на хваліцех).
Узлюблёныя ў Госпадзе шаноўныя айцы! Дарагія браты і сёстры!
Ад усяго сэрца віншую вас з вялікім спасіцельным святам Ражджаства Госпада нашага Іісуса Хрыста!
Божай Міласцю прайшоў яшчэ адзін год, і сэрца ў пэўным сэнсе кожнага хрысціяніна зноў звяртаецца да падзей Божага Нараджэння. Доўгачаканы Месія з’явіўся ў плоці, спраўдзілася прароцтва Ісайі: «народ, які хадзіў у цемры, убачыць святло вялікае; над жыхарамі краіны ценю смяротнага святло заззяе» (Іс. 9,2). Чарговы раз у глыбіні нашых душ нараджаецца Богадзіця Хрыстос і нагадвае нам пра тое, што Ён з намі «ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мф. 28, 20).
«Узрадуемся, дарагія, – Спасіцель наш цяпер нараджаецца! Не павінна быць месца скрусе там, дзе знаходзіць нараджэнне Жыццё, якое, знішчыўшы страх перад смерцю, дае нам радасць валодання абяцанай вечнасцю. Ніхто не адлучаны ад саўдзелу ў гэтай радасці, бо нагода да радасці агульная для ўсіх. Гасподзь наш, пераможца граху і смерці, не адшукаўшы хоць бы аднаго бязвіннага, прыйшоў, каб усіх зрабіць вольнымі. Няхай жа радуецца святы, бо набліжаецца да славы! Няхай радуецца грэшнік, бо даруецца яму прабачэнне!» – кажа свяціцель Леў Вялікі.
Нарадзіўшыся ад Прасвятой Дзевы Марыі, Хрыстос, «быўшы вобразам Божым, … выракся Самога Сябе, прыняўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным да людзей і з выгляду стаўшы, як чалавек» (Флп. 2,6-7). Прыняўшы чалавечае аблічча, Хрыстос становіцца адным з нас. Гасподзь чарговы раз здзяйсняе акт найвышэйшага даверу да грэшнага роду чалавечага. Мэта прышэсця на зямлю Сына Божага адна – «знайсці і выратаваць тое, што загінула» (Лк.19; 10). У Сваю чалавечую сям’ю Ён заклікае не толькі родзічаў па плоці з роду Іосіфа, але ўсіх людзей, хто любіць свайго Творцу і варты Яго запаведзяў, кажучы: «бо хто будзе выконваць волю Айца Майго Нябеснага, той Мне брат, і сястра, і маці». (Мф.12; 50).
Кожны раз, калі мы святкуем Божае Нараджэнне, нашы сэрцы перапаўняюцца ўрачыстай радасцю ад сустрэчы з народжаным Богадзіцяткам. Ні ў кога нават не ўзнікае думкі пра тое, што Ён нарадзіўся даўным-даўно, у чужой краіне, у сям’і, якая не з’яўляецца для нас нават далёкімі сваякамі. Гэта сведчыць пра тое, што ўсе мы адна вялікая сям’я і радасць Ражджаства Хрыстовага адносіцца да кожнага з нас.
Яшчэ раз вітаю вас, дарагія айцы, браты і сёстры, са святам Божага Нараджэння! Жадаю ўсім моцнага здароўя і Божага благаслаўлення!
Няхай Ісціна, якая з’явілася тут у плоці, навучыць нас пазнанню таго, што ёсць воля Божая, «бо воля Божая ёсць асвячэнне ваша» (1Фес. 4; 3).
Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел
Ражджаство Хрыстова 2020 года