Сям’я Астроўскіх стварае эксклюзіўныя пераплёты для Свяшчэнных кніг

Главное Соцыум Спецвыпускі «Праменя» Сям'я

Столькі незвычайна прыгожых Свяшчэнных кніг у выдатных скураных пераплётах бачыць адначасова разам мне ніколі не даводзілася. Гэтую прыгажосць не толькі сузіраеш, але і пранікаешся ёю ўсімі патаемнымі стрункамі душы. Трымаеш у руках гэтыя святыя кнігі – Біблію, Евангелле, Псалтыр, Закон Божы, малітвасловы – і разумееш, які гэта неацэнны скарб.

Такім рэдкім рамяством займаецца шматдзетная сям’я Астроўскіх з вёскі Новы Свержань. Наогул, работа са скурай – з’ява не распаўсюджаная сярод рамеснікаў, а тут яшчэ – эксклюзіўныя пераплёты для Свяшчэнных кніг. Першай пачала сябе спрабаваць у гэтай справе Таццяна. Ёй прапанавалі выконваць заказы для пераплётчыка Свяшчэнных кніг. У яе стала атрымоўвацца.

Калі шляхі Гасподні прывялі Уладзіміра і Таццяну адно да аднаго, яны абое былі ўжо веруючымі людзьмі. Таццяна прапанавала яму паспрабаваць выконваць заказы ад пераплётчыка разам. З цягам часу гэта стала для сям’і Астроўскіх прыватнай справай. Знешнія абставіны спрыялі развіццю такога малога бізнесу. Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама выдзеліла грашовую субсідыю для адкрыцця сваёй справы. Малады чалавек з Мінска, які прыцягнуў у свой час Таццяну да гэтай пераплётнай кніжнай справы, адпраўляўся на Святую Гару Афон і падарыў Астроўскім прэс для ціснення скураных пераплётаў. Ён выказаў спадзяванне, што гэтую справу яны працягнуць, не пакінуць. Уладзімір, які нарадзіўся ў дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы, даведаўся, што гэты старадаўні станок з больш чым 100-гадовай гісторыяй – з Пакроўскага храма. І прыняў такое як знак Божы для яго. Сталі з’яўляцца на іх шляху людзі, якія дапамагалі атрымаць заказы, рэалізоўваць прадукцыю, а па вялікім рахунку – дапамагалі даведацца аб гэтых беларускіх майстрах за межамі нашай краіны. У першую чаргу гэта Выдавецтва Беларускага Экзархата. Уладальнік аднаго з расійскіх інтэрнэт-магазінаў царкоўных кніг не толькі пазнаёміў Астроўскіх з найлепшымі ўзорамі пераплётнай кніжнай справы, але і стаў стымуляваць іх развівацца ў гэтай творчасці. Даваў кнігі, мірыўся з тым, калі па нявопытнасці, што непазбежна бывае ў працэсе навучання, справа не ўдавалася, не патрабаваў вяртання гэтых экзэмпляраў. Дзякуючы такім добрым людзям аб Астроўскіх даведаліся ў расійскіх манастырах. Сталі паступаць і заказы ад прыватных асоб на падарункавыя выданні, якія не сорамна паднесці чалавеку ў самым высокім сане, – трэбнікі, служэбнікі, чыноўнікі архіерэйскага свяшчэннаслужэння. Майстры сталі запатрабаваныя не толькі як стваральнікі новых кніжных пераплётаў для Свяшчэнных кніг, але і пры патрэбе рэстаўрацыі старадаўніх богаслужэбных рэліквій. Гэта падштурхнула Уладзіміра і Таццяну ўдасканальвацца і ў найскладанейшай рэстаўрацыйнай справе. Астроўскія выконваюць заказы па рэстаўрацыі Свяшчэнных рарытэтаў і для беларускіх святых абіцелей – Гомельскага Свята-Мікольскага мужчынскага манастыра, Слуцкага жаночага манастыра св. праведнай Сафіі Слуцкай, Свята-Ксеньеўскага жаночага манастыра…

Напрастольныя Святыя Евангеллі ўзростам сто і больш гадоў у пазалочаных і пасярэбраных чаканных акладах у складаных выпадках Астроўскія рэстаўрыруюць, звяртаючыся па дапамогу да майстроў майстэрняў пазалачэння Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра. Уладзімір і Таццяна прызнаюцца, што, судакранаючыся з гэтымі скарбамі, яны акунаюцца ў патаемнае: кнігі намоленыя, жывыя, захоўваюць каларыт эпохі. Уладзімір расказвае, як аднойчы з Расіі прывезлі Свяшчэнныя кнігі, якія ў карыстанні аднаго архіерэя. Калі іх разгарнулі, дом напоўніўся святым пахам ладану. Уладзімір і Таццяна гавораць, што датыкацца да такіх рэдкіх фаліянтаў вельмі кранальна, а тым больш удыхаць у іх новае жыццё. Тут патрэбны веды, навыкі рэстаўрацыйнай справы, вялікая адказнасць.

Расказваючы аб пераплётнай справе,Уладзімір і паказвае многае з таго, як гэта ажыццяўляецца. Чаго варта толькі паглядзець на рарытэтны чыгунны прэс. Ён патрабуе ручной работы: тэмпература, ціск і іншыя моманты вызначаюцца майстрам навобмацак, так што са станком патрэбна зжыцца. Неабходна мець мастацкі густ, пачуццё меры, прыгажосці, кананічных ведаў, каб размясціць уручную, вакамерам крыж, іконы, рамкі, арнамент на кожнай канкрэтнай вокладцы са скуры. Працэс гэты творчы, патаемны, з малітвай, дбайнасцю.

На сучасны момант у майстроў у наяўнасці багатая калекцыя, поўны набор клішэ для выканання любога заказу, а пачыналі – з малога, з некалькіх элементаў. Эскізы, з захаваннем усіх кананічных патрабаванняў, выконваў Вадзім Русецкі, а клішэ па іх рабілі лепшыя дызайнеры ў сталіцы. Скуру для пераплётаў Астроўскія купляюць у італьянскай фірме з векавымі традыцыямі. Матэрыял выдатна падыходзіць для іх занятку: скура насычана воскам, не прапускае вільгаці, тонкай апрацоўкі, выглянцаваная, высокай якасці, вельмі падыходзіць для пераплётнай справы, што гарантуе Свяшчэнным кнігам доўгае жыццё ў пакаленнях.

Выконваючы такога высокага прызначэння справу, Астроўскія застаюцца простымі, сціплымі людзьмі. Да нядаўняга часу здымалі жыллё ў арэнду. Цяпер перасяліліся ў свой недабудаваны дом, працягваюць яго завяршаць. На прысядзібным участку вызначана месца і для майстэрні, куды пераедзе з цягам часу і царкоўны прэс-рэліквія. Цяпер ён знаходзіцца ў гаспадарчым памяшканні бацькоў Уладзіміра. Маці Таццяна Антонаўна рада такому святому занятку сына. Унікальнае, у скураным пераплёце Евангелле, выкананае  Уладзімірам, – самы лепшы падарунак, які яна калі-небудзь атрымлівала. Двое дзяцей Астроўскіх ужо пакінулі бацькоўскае гняздо, падрастаюць Іван і Мікалай. Аб’ядноўвае Уладзіміра і Таццяну найперш праваслаўная вера, а потым ужо – іх агульная царкоўная справа. І адно, і другое яны ўспрымаюць як вялікую міласць Божую да іх.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *