Другі этап конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» прайшоў на Стаўбцоўшчыне

Адукацыя Главное

На фінішы 2019 года ў нашым раёне прайшло важнае мерапрыемства – другі этап рэспубліканскага конкурсу  «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь».

У сярэднюю школу № 3 г. Стоўбцы на фінальныя выпрабаванні вочнага тура прыбылі 15 канкурсантаў – пераможцаў першага тура конкурсу. А ўсяго ў конкурсе прынялі ўдзел 23 педагогі.

Конкурс праходзіў у некалькі тураў: на кожным этапе ўдзельнікі прадстаўлялі свой педагагічны вопыт  –  тэхналогіі, методыкі, прыёмы, стыль работы з вучнямі, дэманстравалі свае прафесіянальныя і асобасныя якасці.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Сямён Юрчык віншуе Сяргея Новікава

Гэтыя этапы ўключалі завочнае прадстаўленне вопыту ўласнай педагагічнай дзейнасці, які быў вывучаны спецыялістамі вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Канкурсантам давялося таксама прайсці псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, якое паказала веды ў галіне выкладання прадмета, педагогікі і псіхалогіі. Вялікага майстэрства і ўнутранай сабранасці патрабавала правядзенне адкрытага ўрока ў незнаёмым класе ці групе. Умовамі конкурсу прадугледжвалася правядзенне майстар-класа для калег. І самым яркім этапам стала творчае самапрадстаўленне на сцэне, дэманстрацыя вопыту ўласнай педагагічнай дзейнасці ў фінальным туры.

У зале знаходзіліся групы падтрымкі са школ і дашкольных устаноў, што было не лішнім, таму што публічная самапрэзентацыя патрабуе прыкладання немалых унутраных сіл. Педагогі заваявалі сімпатыі сваім уменнем трымацца на публіцы, цікавымі педагагічнымі напрацоўкамі, творчым падыходам.

З узнагародамі Марына Крукава

Калі журы адасобілася для падвядзення вынікаў, сцэну занялі вучні – з прыгожымі нумарамі мастацкай самадзейнасці, чым даставілі настаўнікам добры настрой.

Перад тым як пачалася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людміла Стонька выказала сваім калегам удзячнасць за прыкладзеныя старанні для падрыхтоўкі да конкурсу. Кіраўнік адзначыла, што паспяховы ўдзел у прафесійным спаборніцтве павышае прэстыж прафесіі педагога ў грамадстве. Конкурс працуе не толькі на выяўленне таленавітых педагогаў, але і спрыяе распаўсюджванню найлепшага педагагічнага вопыту.

Удзельнікам конкурсу былі ўручаны граматы, прыгожыя букеты кветак, каштоўныя падарункі.

Калегі – з салідарнасцю

Прызавымі месцамі адзначаны: настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Налібацкай СШ Сяргей Новікаў, настаўніца геаграфіі Шашкоўскай СШ Таццяна Копач, настаўніца пачатковых класаў Заямнаўскай СШ Святлана Фенька, выхавацель Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Радуга» Марына Крукава, выхавацель Заямнаўскага дзіцячага сада Алена Шэлін, настаўніца матэматыкі Мікалаеўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплексу Таццяна Хвалей, настаўніца фізікі СШ № 2 Алена Кручок. Усе яны прадставілі цікавыя аўтарскія прэзентацыі з дэманстрацыяй асабістых напрацовак у педагогіцы.

Прадстаўляць наш раён на абласным этапе конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» будуць: настаўніца англійскай мовы СШ № 3 Наталля Наркевіч, настаўніца геаграфіі Дзераўнянскай СШ Таццяна Арленка, настаўніца рускай мовы і літаратуры Коласаўскай СШ Таццяна Язвінская, выхавацель дзіцячага сада № 8 Надзея Радзівановіч, настаўніца фізікі Залужскага вучэбна-педагагічнага комплексу Алена Манцывода, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Алена Вярэмская, настаўніца хіміі Старасвержанскай СШ Мілана Чыневіч, настаўніца працоўнага навучання СШ № 2 Марына Кіслова.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *