
Незвычайнае абласное навагодняе свята прайшло ў Цэнтры экатурызму «Станькава».
Дабрачынная акцыя насіла назву «Бацькі-пераможцы, прызёры і іх дзеці». Такім чынам, на свята былі запрошаны не толькі дзеці, але і іх бацькі. Прычым бацькі – прызёры, якія адзначаны граматамі і іншымі ўзнагародамі ў сваёй працоўнай і грамадскай дзейнасці. І іх дзеці – таксама ўладальнікі ўзнагарод за сваю паспяховую вучобу, удзел у конкурсах і актыўнасць у грамадскім жыцці. Восем сямейных пар атрымалі гонар пабыць на гэтай урачыстасці.
Такіх пераможцаў на абласным свяце з прывітальным словам павіншаваў намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Маркевіч.
Для дзяцей і іх бацькоў было створана вясёлае дзейства з карагодамі ля ёлкі. Кожная дэлегацыя з раёнаў Мінскай вобласці ехала са сваімі казачнымі персанажамі – Дзедам Марозам і Снягуркай. Ім было прапанавана паўдзельнічаць у конкурсе, атрымаць прызы за свае таленты.
Удзельнікі дабрачыннай абласной урачыстасці маглі паглядзець цырк пад шатром на вуліцы. Да ўсіх гэтых радасцей дзеці атрымалі і салодкія падарункі. Усе засталіся задаволеныя такім прыемным адпачынкам.
Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара