
У 2020 годзе плануецца працягнуць трэцюю і чацвёртую чэргі рэканструкцыі падстанцыі 220 кВ Стоўбцы для выдачы магутнасці ад Беларускай АЭС.
Нагадаем, што з 2018 года Стаўбцоўскімі электрычнымі сеткамі вядуцца работы ў вёсцы Сцяцкі па рэканструкцыі падстанцыі 220 кВ Стоўбцы з пераводам на напружанне 330 кВ і будаўніцтвам паветранай лініі 330 кВ Стоўбцы – Баранавічы. Гэта выклікана фізічным і маральным зносам абсталявання, а таксама неабходнасцю забеспячэння выдачы магутнасці Беларускай АЭС па намечаным транзіце 330 кВ Беларуская АЭС – Стоўбцы – Баранавічы ў адпаведнасці з праектам «Будаўніцтва Беларускай АЭС».
Праектам прадугледжана чатыры чаргі будаўніцтва. У 2019 годзе былі цалкам завершаны работы па рэалізацыі першай і другой чэргаў. У ходзе іх ажыццёўлена будаўніцтва адкрытага размеркавальнага ўстройства і размеркавальнага пункта 10 кВ з пераводам спажыўцоў падстанцыі 220 кВ Стоўбцы ў новы размеркавальны пункт, узведзены новы двухпавярховы будынак закрытага размеркавальнага ўстройства з агульнападстанцыйным пунктам кіравання, зроблены мантаж сістэм пажарнай і ахоўнай сігналізацый, сістэмы відэаназірання аб’екта і інш., выкананы поўны комплекс пусканаладачных работ.
Энергетыкі падкрэсліваюць, што ўвод новай падстанцыі – гэта магчымасць палепшыць якасць электразабеспячэння. На кожным этапе рэканструкцыі прымяняліся сучасныя тэхналагічныя рашэнні, найноўшыя тэхнічныя ўстройствы. У перспектыве за кошт высокай ступені аўтаматызацыі чакаецца значнае зніжэнне эксплуатацыйных выдаткаў.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ