У ААТ «Жацерава» ўшанавалі механізатараў, якія вызначыліся на нарыхтоўцы кармоў

Главное Сельская гаспадарка

У ААТ «Жацерава» прайшло раённае мерапрыемства па ўшанаванні механізатараў, якія вызначыліся на нарыхтоўцы кармоў. У мясцовай сталовай сабраліся пераможцы і прызёры раённага спаборніцтва ў гэтым відзе палявых работ. Ва ўрачыстасці прыняў удзел старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень. Дзяніс Сяргеевіч цёпла павіншаваў прысутных з навагоднімі святамі, пажадаў усяго найлепшага і ўручыў самым руплівым дыпломы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і заслужаныя прэміі.

Дырэктары калектываў-пераможцаў (злева направа) Дзмітрый Сахарэвіч, Аляксандр Дударэвіч і Дзяніс Дзішук

– Калі раней самай важнай і адказнай сельскагаспадарчай кампаніяй лічылася жніво, то ў апошнія гады прыярытэты крыху змяніліся, і на першым плане цяпер нарыхтоўка травяных кармоў, – сказаў Дзяніс Сяргеевіч. – Кіраўніком дзяржавы, вертыкаллю ўлады і губернатарам ставіцца задача павышэння іх якасці, каб знізіць сабекошт вытворчасці малака і мяса – асноўнай экспартнай прадукцыі нашай аграрнай рэспублікі. Таму ад таго, як вы папрацуеце ў перыяд корманарыхтовак, залежаць у цэлым патэнцыял краіны, наш рэйтынг і дабрабыт людзей.

Старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень уручае дыплом механізатару ААТ «Рубяжэвічы» Іосіфу Поку

Падкрэслівалася, што работа механізатараў, якія напружана шчыруюць на палетках з вясны да позняй восені (а летась у сувязі з цёплым надвор’ем кармы рыхтавалі і ў лістападзе) і практычна без выхадных, даволі цяжкая. Аднак людзі разумеюць важнасць сваёй работы і выконваюць яе з поўнай аддачай, за што заслужылі самыя шчырыя словы ўдзячнасці.

Механізатар ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Генадзій Янскі

– Па вытворчасці малака і мяса наш раён займае дастойныя пазіцыі ў вобласці і ў цэлым па рэспубліцы, – дадаў старшыня райвыканкама. – Гэта і ваша заслуга. Сёння ў зале прысутнічаюць людзі, якія складаюць касцяк механізатарскага саставу раёна. Вы лепшыя з лепшых. Сярод прадстаўнікоў старэйшага пакалення і маладыя людзі, якія не адстаюць ад вопытных працаўнікоў гэтай прафесіі, паказваючы прыклад у рабоце. Прыходзіць на змену новае пакаленне, але, на жаль, не такімі тэмпамі, як хацелася б. І праблема з кадрамі механізатараў на вёсцы па-ранейшаму стаіць востра. Жадаю кожнаму з вас моцнага здароўя, цярпення і, калі будзе жаданне, працаваць не толькі да пенсіі, але і пасля выхаду на заслужаны адпачынак, бо дапамога ветэранаў нам вельмі патрэбная. Мы спадзяёмся на вас.

Малады механізатар ААТ «Дзераўное» Станіслаў Пячурка

Пераможцам раённага спаборніцтва за павелічэнне вытворчасці кармоў і павышэнне іх якасці прызнаны калектыў ААТ «Жацерава» (дырэктар – Аляксандр Дударэвіч). Другое месца ў руплівых працаўнікоў ААТ «Рубяжэвічы» (дырэктар – Дзмітрый Сахарэвіч) і трэцяе – за ўвішнымі работнікамі ААТ «Радзіма Якуба Коласа» (дырэктар – Дзяніс Дзішук).  Усе кіраўнікі сельгаставарыстваў маладыя, перспектыўныя, здольныя і цяпер, і ў будучым вырашаць пастаўленыя перад работнікамі сяла задачы.

Сярод узнагароджаных – бацька і сын Генадзі Янскія, Аляксандр Андронаў, Вікенцій Шыбіцкі, Мікалай Ус,  Генадзій Рымашэўскі і Яўгеній Проць з ААТ «Радзіма Якуба Коласа», Сяргей Лабун, Анатолій Марцінкевіч, Іосіф Пока, Эдуард Неўмяржыцкі з ААТ «Рубяжэвічы», Ігар Козак з ААТ «Жацерава» і Станіслаў Пячурка  з ААТ «Дзераўное», Генадзій Юнцэвіч, Вячаслаў Новік, Віктар Лысы з ААТ «Шашкі», Казімір Дамброўскі, Арцём Дарашэвіч, Анатолій Шабуня з ААТ «Агранёманскі», Валерый Шахно, Уладзімір Чарнецкі з ААТ «Каганец», Васілій Лучык з ААТ «Вялікі Двор», Аляксандр Рачок з ААТ «Вішнявецкі-агра», Генадзій Доўнар з ТАА «СЖК «Налібакі», Баляслаў Цяўлоўскі з ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс».

Механізатары ААТ «Агранёманскі» Анатолій Шабуня, Казімір Дамброўскі і Арцём Дарашэвіч

Падзякавалі механізатарам і вадзіцелям за шчыраванне з пажаданнямі і ў далейшым дасягаць высокіх паказчыкаў в.а. начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Іван Загдай і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч. Дзякавалі сваім працаўнікам за плённую працу на палетках і дырэктары калектываў-пераможцаў.

Цікавую музычную праграму для перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці падрыхтаваў народны вакальны ансамбль «Дольніца» Горкаўскага сельскага дома культуры.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *