Стаўбцоўшчына адзначыла Дзень Перамогі

Дзякуй, салдат! Нумары

НАВАСВЕРЖАНСКІ  «ДЭСАНТ»

У пярэдадзень Дня Перамогі да навасвержанскіх ветэранаў вайны наведаўся святочны «дэсант» у складзе старшыні Навасвержанскага сельвыканкама Анатоля Богдана і старшыні прафсаюзнага камітэта Навасвержанскага лесазавода Станіславы Пархімовіч, а таксама артыстаў мясцовага цэнтральнага Дома культуры.

У Новым Свержані засталося ў жывых толькі сем ветэранаў вайны, адзін вязень фашысцкага канцэнтрацыйнага лагера. Ніводнага з іх не прапусціў святочны «дэсант», парадаваў сваёй увагай. У ходзе міні-канцэрта ветэранам перададзены падарункі: ад раённага выканаўчага камітэта – радыёпрыёмнікі, а ад лесазавода – грашовая прэмія.       

У рамках святочнай праграмы ля сельвыканкама адбыўся мітынг і ўскладанне вянкоў да помніка загінуўшым землякам. Да прысутных звярнуліся шаноўныя ветэраны вайны – Анатоль Дзягель і Мікалай Багданкевіч. Па добрай традыцыі, чацвертакласнікаў Навасвержанскай школы ў гэтым памятным месцы прымалі ў піянеры. Чырвоныя гальштукі павязала ім кіраўніцтва ветэранскай арганізацыі сельсавета. Прыгожым акордам святочных мерапрыемстваў  стаў тэматычны канцэрт у цэнтральным Доме культуры, падрыхтаваны сіламі яго работнікаў і школы.

 

КАРАВАЙ – У ДОМ-ІНТЭРНАТ

Да Дня Перамогі работнікі тэрытарыяльнага цэнтра выехалі са святочнай праграмай у Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў, дзе пражываюць 15 чалавек, чый лёс абпалены вайной.

Кіраўніцтва ўстановы заўсёды з вялікім задавальненнем ідзе насустрач падобным прапановам і разам з ветэранамі гасцінна сустракае тых, хто прывозіць у дом-інтэрнат атмасферу свята. Па задумцы спецыяліста цэнтра Сяргея Есіса, сустрэчы ладзіліся не ў зале, а ў фае. Тут няма бар’ераў і ёсць магчымасць паразмаўляць з кожным бліжэй, як і належыць старым добрым сябрам. Выхаванцы Стаўбцоўскай школы мастацтваў Арцём Голуб, Дзіяна Іодзік, Ілона Прыёмка, Аксана Мар’юшыч, Кірыл Фянько пранікнёна чыталі вершы пра вайну. Яркім і феерычным быў выхад ансамбля мажарэтак. А папуры на тэму вядомых ваенных песень, музычныя нумары выканалі для шаноўных ветэранаў выкладчыкі школы – Людміла Канаплянікава-Доўнар, Сяргей Лубчанок, Алёна Міцкевіч, Ала Імамутдзінава, Таццяна Кот, Наталля Крывава, Ірына Карніцкая і Алена Бохан.

Мінутай асаблівага ўздыму і хвалявання стала сугучча галасоў ветэранаў і гасцей, калі загучалі знакамітыя «Кацюша», «Дзень Перамогі»… Спявалі ўсе разам, пакуль прасіла гэтага душа. Расчуленым ветэранам быў паднесены каравай. Яго прадаставіла ў падарунак прадпрыемства «Гном-сэрвіс».        

З удзелам названых артыстаў са Стаўбцоўскай школы мастацтваў, пры метадычнай падтрымцы хармайстра Навасвержанскага цэнтральнага Дома культуры Алы Янскай прайшло святочнае мерапрыемства і непасрэдна ў самім тэрытарыяльным цэнтры, дзе сабраліся на сваё адметнае «майскае» пасяджэнне члены клуба «Гады – не бяда». Сустрэча называлася «Свята са слязамі на вачах». Яна атрымалася надзвычай цёплай, утульнай, з гучнымі апладысментамі, таму што ўдзельнікі клуба – акурат тыя нераўнадушныя людзі, каго нярэдка імянуюць дзецьмі вайны.

Дзень Перамогі – наш агульны лёс і гісторыя.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ЗОРАЧКА ДЛЯ ВЕТЭРАНА

У рамках святкавання Дня Перамогі да ветэранаў вайны раёна наведалася моладзь з кветкамі і адметным сімвалам свята –  чырвонай зорачкай.

З 3-га па 11-га мая раённыя арганізацыі БРСМ і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Дзякуй за Перамогу!».

Як расказала в. а. першага сакратара раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская, сімвалам акцыі стала чырвоная зорачка з надпісам: «Дзякуй за Перамогу!». Зорачкі вучні рабілі сваімі рукамі і, наведваючы ветэранаў з віншаваннямі, прымацоўвалі гэтыя сімвалы да дзвярэй  дамоў. Для ветэранаў горада гэтую місію з задавальненнем выканалі вучні гімназіі № 1, у сельскай мясцовасці – члены БРСМ і піянерскай дружыны мясцовых школ.

Па традыцыі, у дзень 9 Мая актывісты гэтых грамадскіх маладзёжных арганізацый застылі ў ганаровай вахце памяці ля помнікаў героям. Ля аднаго з іх – помніка воінам-вызваліцелям горада і раёна, які знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і Казлова – прайшло ўрачыстае мерапрыемства з уручэннем членскіх білетаў БРСМ больш чым дваццаці вучням школы № 3 горада.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *