Рэстаран «Нёман» папоўніўся маладымі паварамі

Главное Эканомiка

Вось такі скарб мае рэстаран «Нёман» Стаўбцоўскага філіяла  Мінскага аблспажыўтаварыства – маладых павароў.

І што адметна, усе яны – выпускнікі школ раёна. Аляксей Навіцкі і Максім Піскун (злева і справа на здымку)  закончылі сярэднюю школу № 3 г. Стоўбцы, Павел Клімко (у цэнтры) – выпускнік Засульскай сярэдняй школы.  Яны атрымалі накіраванне на вучобу ў Баранавіцкі тэхналагічны каледж Белкаапсаюза, Аляксей і Максім з’яўляюцца навучэнцамі гэтай установы. Павел Клімко – выпускнік адзначанага каледжа і паспеў ужо закончыць стацыянарна і Гомельскі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі па спецыяльнасці камерцыйная дзейнасць, эканаміст. Аднак па сваім жаданні ён працягвае працаваць поварам, хоць кіраўніцтва філіяла гатова прапанаваць яму месца працы па ўніверсітэцкім дыпломе. Павел стаў дастойнай зменай майстру-повару Таісіі Танаковай, якая пайшла на заслужаны адпачынак. Ён пацвярджае любоў да сваёй прафесіі поспехамі, мае ўжо пяты кваліфікацыйны разрад. І адкуль у яго такая любоў да поварскай справы? Павел гаворыць, што абедзве яго прабабулі былі паварамі, так што прафесія спадчынная.

Гледзячы, як працуе Павел, і яго малодшыя калегі Аляксей Навіцкі і Максім Піскун з перакананнем лічаць, што прафесія повара – для мужчын. Яны яе спасцігаюць з інтарэсам і радасным жыццёвым настроем. На той час, калі яны праходзілі вытворчую практыку, былі пераднавагоднія і ражджэственскія святы. Тады паварам даводзіцца шмат папрацаваць, прыкласці сілы, каб стварыць настрой іншым. І дапамога Аляксея і Максіма з удзячнасцю будзе ацэнена. Павел Клімко з’яўляецца для іх добрым прыкладам, як можна рэалізаваць сябе ў любімай прафесіі, якую можна назваць прэстыжнай – на сучасным рынку працы без работы не застанешся.

Дзякуючы Паўлу Клімко штат філіяла папоўніўся яшчэ адным маладым супрацоўнікам. Яго жонка Людміла – таксама выпускніца Гомельскага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі,  маркетолаг-эканаміст. Працуе ў фірменным магазіне «Марк Фармэль».

А наогул, у штаце Стаўбцоўскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства сярод 510 працаўнікоў 99 – маладыя людзі да 30 гадоў. Кіраўніцтва прымае меры, каб затрымаць іх у калектыве.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *