Маленькія цуды стваралі разам

Важное Моладзь Стаўбцоўшчыны

Рэспубліканская акцыя «Цуды на Ражджаство» завяршылася 9 студзеня.  ГА «БРСМ» падводзіць яе вынікі і называе самых актыўных удзельнікаў.

У гэтым годзе сярод актыўных удзельнікаў акцыі – Рубяжэвіцкая, Коласаўская, Нававёскаўская сярэднія школы, гімназія № 1 г. Стоўбцы і іншыя ўстановы. Сярод прадпрыемстваў і арганізацый варта вылучыць Стаўбцоўскія электрычныя сеткі, Стаўбцоўскую ЦРБ, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Раённы камітэт БРСМ вырашыў правесці конкурс, каб вызначыць пераможцаў сярод вучнёўскай і працоўнай моладзі.

– На Стаўбцоўшчыне ў ходзе акцыі «Цуды на Ражджаство» было здзейснена нямала добрых спраў, пачынаючы са збору падарункаў да Новага года і Калядаў і заканчваючы ўручэннем падзяк арганізацыям, установам і проста неабыякавым людзям, якія не засталіся ў баку ад праблем сучаснага грамадства, – зазначае першы сакратар раённага камітэта БРСМ Ягор Падольскі.

– Сёлета ў ходзе акцыі, сімвалам якой выступаюць чырвоныя рукавічкі, сабрана вялікая колькасць падарункаў для дзяцей. Былі асаблівасці ў арганізацыі гэтага працэсу?

– Для збору падарункаў для дзяцей-сірот, дзяцей з інваліднасцю і дзяцей, якія прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, падключыліся пярвічныя арганізацыі раёна. Акрамя таго, у гандлёвым цэнтры «Дабраном» у Стоўбцах 13 снежня 2019 года валанцёры руху «Добрае сэрца» з «пярвічкі» ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Стоўбцы» Дзмітрый Янушкевіч, Ульяна Мілашэўская і Данііл Казак раздавалі пакупнікам лістоўкі, якія запрашалі стаць удзельнікамі акцыі. Тут жа, у магазіне, былі ўсталяваныя адмысловыя скрыні для збору ахвяраванняў.

І ў гэты ж дзень, 13 снежня, валанцёры сумесна з супрацоўнікамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама ўручылі першыя падарункі выхаванцам дзіцячага сацыяльнага прытулку (на той момант там знаходзіліся 10 хлопчыкаў і дзяўчынак).

– Нашы валанцёры прыкметныя і за межамі раёна. 

– Разам з валанцёрам руху «Добрае сэрца» Палінай Высоцкай, памочнікам урача ДУ «Стаўбцоўскі РЦГіЭ», мы былі запрошаны ад Стаўбцоўскага раёна на абласную акцыю «100 калядных пажаданняў і добрых спраў, родная Міншчына!». Яна прайшла 16 снежня пад эгідай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама. Мы наведалі сацыяльныя ўстановы Мінскага раёна, дзе ўручылі падарункі дзецям, а на цэнтральнай плошчы аграгарадка Лясное ўпрыгожылі святочную ёлку.

Супрацоўнік раённага Цэнтра культуры Руслан Кім (у цэнтры) раздаваў падарункі разам з валанцёрамі СШ № 3 г. Стоўбцы Дзмітрыем Янушкевічам і Ульянай Мілашэўскай

– Чым запомніліся «Цуды на Ражджаство» на Стаўбцоўшчыне?

– Было арганізавана дзевяць выездаў у розныя сацыяльныя ўстановы і сем’і. Так, сумесна з раённай камісіяй па справах непаўналетніх, раённай арганізацыяй  Беларускага дзіцячага фонда і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама былі наведаны дзве сям’і, у аграгарадку Дзераўная і вёсцы Ячнае, у якія вернуты дзеці пасля знаходжання на дзяржаўным забеспячэнні. Гэта акцыя так і называлася – «Шчаслівае дзяцінства», удзел у ёй бралі Дзед Мароз і Снягурка з раённага Цэнтра культуры.

Не засталіся без падарункаў і дзеці, якія, на жаль, былі вымушаныя сустракаць святы ў сценах бальніцы. 25 дзяўчынак і хлопчыкаў з дзіцячага аддзялення сустракалі навагодніх персанажаў і актывістаў раённага камітэта БРСМ. Для многіх з іх, іх бацькоў такая сустрэча аказалася вельмі нечаканай.

Валанцёры атрада «БраДабрэі» СШ № 3 г. Стоўбцы наведалі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У рамках акцыі актывісты перадалі ім скрыню падарункаў з ДУА «Рубяжэвіцкая сярэдняя школа» разам з найлепшымі пажаданнямі. Акрамя таго, раённы камітэт БРСМ перадаў падарункі для дзяцей раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.

– У акцыі «Цуды на Ражджаство» шмат добра знаёмых, традыцыйных адрасоў. З’явіліся новыя?

– Так. Сумесна са сваімі калегамі з Нясвіжскага раённага камітэта БРСМ мы арганізавалі выязную акцыю ў Гарадзейскую дапаможную школу-інтэрнат. Перадалі яе выхаванцам некалькі скрыняў падарункаў, якія дапамогуць у вучобе і паўсядзённым жыцці. Акрамя таго, скрыня падарункаў перададзена Беларускаму дзіцячаму хоспісу ў аграгарадок Бараўляны.

Святы працягваюцца, таму мы вырашылі: будзем пакідаць падарункі пад ёлачкамі ў школах – для тых вучняў, якія маюць асаблівасці ў развіцці.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *