Інклюзіўная адукацыя дае веру ў сябе

Адукацыя Важное

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Ва ўсіх краінах свету і ў любых сацыяльных групах грамадства ёсць людзі з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. Іх колькасць у свеце значная, і яна працягвае расці. У сувязі з гэтым на дапамогу прыходзіць інклюзіўная адукацыя. У яе аснову пакладзена ідэя, якая выключае любую дыскрымінацыю дзяцей і забяспечвае роўнае стаўленне да ўсіх людзей, ствараючы для іх адмысловыя ўмовы.

Варта адзначыць, што за апошнія дзесяцігоддзі ў нашай краіне прыйшло ўсведамленне таго, што кожнаму дзіцяці неабходна ствараць спрыяльныя ўмовы развіцця, якія ўлічваюць яго індывідуальныя адукацыйныя патрэбы і здольнасці. На асабістым вопыце я змагла прааналізаваць гэтае пытанне, працуючы ў рознаўзроставай групе дзіцячага сада.

Выключнае шчасце для чалавека – быць пры сваёй любімай справе. Я атрымліваю задавальненне, калі працую з дзецьмі, калі магу іх нечаму навучыць і навучыцца гэтаму ў іх. Як прыемна, калі дзеці задаюць дзясяткі пытанняў і атрымліваюць на іх адказы, у іх вачах з’яўляецца задавальненне. Але праходзіць некалькі хвілін – і яны зноў бягуць, каб даведацца пра нешта новае.

Інклюзіўнае навучанне дашкольнікаў з’яўляецца для мяне адным з асноўных напрамкаў педагагічнай дзейнасці, таму што па волі выпадку ў маёй групе ёсць дзеці з такімі патрэбамі. Падчас працы я зразумела, што да кожнага дзіцяці неабходна падыходзіць не з пазіцыі, чаго ён не можа ў сілу сваіх асаблівасцяў, а з пазіцыі таго, што ён можа, нягледзячы на тое ці іншае парушэнне.

Каб навучыць дзяцей, трэба самому шмат ведаць. Самаадукацыі было недастаткова. Узнікла пытанне аб прафесійнай падрыхтоўцы, якую ў даны момант я атрымліваю ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. З 2016 года на базе факультэта спецыяльнай адукацыі быў адкрыты Інстытут інклюзіўнай адукацыі, які ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў па наступных спецыяльнасцях: «Алігафрэнапедагогіка», «Тыфлапедагогіка», «Сурдапедагогіка», «Лагапедыя». Нягледзячы на тое, што інстытут адкрыты некалькі гадоў таму, адукацыя, якую атрымліваеш у яго сценах, адпавядае стандартам і адрозніваецца класічным універсітэцкім падыходам – спалучэннем фундаментальнасці, практычнасці і педагагічнай накіраванасці. Галоўная задача інстытута – сфарміраваць спецыяліста новай фармацыі, чалавека актыўнага і духоўна свабоднага, поўнага веры ў свае ўласныя сілы. Да выбару спецыяльнасці «Лагапедыя» я падышла свядома. Працуючы з дзецьмі, бачыла, якія маўленчыя праблемы ў дзяцей, і вырашыла: буду дапамагаць дзецям у авалоданні правільнай мовай.

На мой погляд, дзяцінства – гэта самая дзіўная краіна, дзе кожны дзень не падобны да папярэдняга, дзе кожнае імгненне – гэта пошук нечага новага, цікавага, дзе няма часу сумаваць, сварыцца і марнаваць час, дзе кожнае дзіця – гэта будаўнік будучага. А ўсе дарослыя гэтай краіны ў адказе за будучыню. Мяне натхняе на гэту працу народная мудрасць, якая гаворыць: «Калі хочаш, каб цябе памяталі год – вырасці кветкі, каб памяталі доўга – пасадзі дрэва, каб памяталі вечна – вучы дзяцей».

Вольга СКАЧКО, выхавацель дашкольнай адукацыі  ДУА «Дзіцячы сад № 3 г. Стоўбцы»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *