У Стоўбцах адкрылася выстава майстроў народнай творчасці “Сонцаварот”

Главное Культура

Традыцыйна кожны год на Стары новы год адкрываецца выстава майстроў народнай творчасці, якая носіць назву “Сонцаварот”. І сапраўды, сонца павярнула на вясну, гэтыя дні асвечаны калядным настроем, і выставе самы час запрасіць аматараў мастацтва да сябе ў госці.

Выстава гэта мае статус справаздачнай, яе задача паказаць, колькі майстроў ёсць на Стаўбцоўшчыне, чаго яны дасягнулі ў сваёй творчасці.

Прэзентацыя была адкрыта канцэртнымі нумарамі салістаў раённага Цэнтра культуры і ўступным словам яго дырэктара Валерыя Пугача.

Метадыст па традыцыйным мастацтве Цэнтра культуры Людміла Віцько падвяла вынікі дзейнасці народнага клуба майстроў народнай творчасці “Пралеска” за 2019 год. Умельцы Стаўбцоўшчыны паўдзельнічалі ў самых розных фестывалях і конкурсах, у ліку іх — са стасусам міжнародных, як “Казюкі” ў Гродне, “Александрыя запрашае майстроў”, “Славянскі базар”, арганізавалі падворак на абласным свяце ”Дажынкі”, і гэты спіс можна працягваць. На сучасны момант клуб “Пралеска” аб’ядноўвае 44 майстроў народных промыслаў у самых розных відах творчасці. На выставу “Сонцаварот” свае творы прадставілі 34 умельцы.

Пра кожнага з іх Людміла Іларыёнаўна знайшла адметнае слова, зрабіла характарыстыку творчасці, звярнула ўвагу на важныя моманты. Скарбам назвала творчасць разьбяроў па дрэве. Іх у нас у раёне чатыры – Леанід Сенька з Дзераўной, Валерый Чараднічэнка са Стоўбцаў, Алег Калевіч са Старога Свержаня, Уладзімір Трубіш з Пятрылавіч. Работы Валерыя Чарднічэнка, а таксама майстра сасновай дранкі Аліны Халявінскай, якая стаяла ў вытокаў стварэння клуба “Пралеска” і многія гады яго ўзначальвала, прадстаўлены на справаздачнай выставе лепшых майстроў Беларусі ў Мінску, арганізаванай Саюзам майстроў народнай творчасці рэспублікі. Акрамя Валерыя Фёдаравіча і Аліны Антонаўны членам Саюза майстроў Беларусі з’яўляецца і майстар лозапляцення Марына Беленькая з Янкавіч. Разьбяр па дрэве Уладзімір Трубіш вызначыўся тым, што на абласным конкурсе заняў І месца за самую маленькую лыжачку, меншую, чым адзін сантыметр, на якую майстар сумеў нанесці яшчэ і ўзор.

Ля калекцыі найпрыгажэйшых вырабаў з бісеру мы шмат добрага пачулі пра майстрыцу з Налібак Святлану Карніцкую, якая праслаўлена не толькі аўтарскімі творамі, але і ўменнем перадаць навыкі творчасці маладому пакаленню. Яе вучні – аўтары выдатных вырабаў пляцення з бісеру і ўладальнікі дыпломаў конкурсаў. Бісерапляценнем займаецца і стаўбчанка Святлана Козел, яе работы можна пабачыць на выставе.

Вольга Балабан з пасёлка Наваколасава і Кацярына Длугазіма з Новага Свержаня – аўтары прыгожых лялек, якія так і хочацца ўзяць у рукі.

Прызнаныя ў раёне майстры жывапісу Алег Новікаў, Святлана Калкоўская, Андрэй і Ірэна Зянько, Алена Валента, Яраслаў Найдзён радуюць сваімі мастацкімі палотнамі.

Адметным відам творчасці вызначаюцца Аляксандр Блатун з Новага Свержаня і Марына і Сяргей Беленькія з Янкавічаў – лозапляценнем. Акрамя Аліны Халявінскай, работы з сасновай дранкі прадставіў Юрый Трацяк з Задвор’я. Вялікую калекцыю твораў з папяровых трубачак падрыхтавала Юлія Бельская з Баханоў, яна першы раз удзельнічае ў гэтай выставе. Як і стаўбчанка Вераніка Ярмак са сваёй прыгожай калекцыяй вязаных рэчаў.

Звяртаюць увагу на выставе яркія з падсветкай работы стаўбчанак Таццяны Бюруковай і Таццяны Капскай, яны ўпершыню ўдзельнічаюць у выставе. Такой жа творчасцю — вырабам кветак з ізалону займаецца і Ганна Грамыка з аг. Слабада.

Прызнаны майстар беларускай лялькі Ганна Мартыненка з Шашкоў прадставіла на выставу і свае вязаныя цудоўныя дамскія сумачкі, а таксама вытанчаныя дэкаратыўныя падушачкі.

Добрай стартавай пляцоўкай для творчасці стала выстава і для стаўбчанкі Наталлі Навіцкай – яна падрыхтавала багатую калектыю работ лепкі з полімернай гліны, мылаварэння, разьбы па дрэве з выкарыстаннем лазернай тэхнікі. Стаўбчанка Людміла Несцярук майстар тэхнікі валяння з воўны, мае багатую калекцыю ўпрыгажэнняў і аксесуараў да адзення. Прыгожыя рэчы з фаамірана, якія можна прымяніць як упрыгажэнні для валасоў, вырабляе стаўбчанка Алена Кубрына. Майстар пляцення з джутавай ніткі і па вырабе беларускай лялькі стаўбчанка Марына Халецкая.

Сапраўдным упрыгажэннем выставы заўсёды з’яўляецца вышыўка. Непаўторныя рэчы ў Марыі Грамыка з Ячонкі, маці і дачкі Галіны Дошчачка і Іны Дрозд з Акінчыц, Надзеі Аляшкевіч, Ганны Рэва, Людмілы Віцько з аг. Слабада, якая яшчэ аднаўляе і такі рэдкі від мастацтва як пляценне беларускіх паясоў.

Хто наведае выставу “Сонцаварот”, якая будзе працаваць у раённым Цэнтры культуры на працягу двух тыдняў, пэўна ж, пагодзіцца з намі, што яна сапраўднае ўпрыгажэнне ражджэственскіх святых дзён.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота Ксеніі РУБІН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *