Намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама правёў прыём грамадзян у Стоўбцах

Афіцыйна Главное

У раённым выканаўчым камітэце правёў прыём грамадзян намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Мікалай Рагашчук.

Са сваім пытаннем да Мікалая Міхайлавіча звярнулася жыхарка вёскі Найдзёнавічы Вольга Лебедзева. Жанчына не раз тэлефанавала кіраўніцтву раёна падчас прамых тэлефонных ліній наконт разбітага ўчастка дарогі ў вёсцы. У выніку зваротаў ДРБУ № 135, на балансе якога знаходзіцца дарога, ажыццявіла падсыпку. Аднак заяўніцу гэта не задаволіла.

– Восенню рухалася цяжкая тэхніка, вывозіла з поля бульбу і ўшчэнт разбіла дарогу. Засталіся глыбокія яміны, у іх цяпер стаіць вада, – выказвала сваю незадаволенасць Вольга Лебедзева і задавала пытанне: «Чаму не прывесці ў парадак гэтыя 80 метраў дарогі?»

Мікалай Рагашчук правёў разбор сітуацыі з удзелам прадстаўнікоў ДРБУ № 135 і прыватнага прадпрыемства «Сула-плюс», якое ўвосень вывозіла бульбу з поля праз вёску. Аказалася, што пад’ездаў да вёскі цэлых тры. І адзін з іх, пра які турбуецца жанчына, праходзіць акурат па лугавых землях ААТ «Шашкі».

Выслухаўшы ўсе бакі, Мікалай Рагашчук даў даручэнне прыняць меры па вяртанні лугавых земляў у севазварот.

– У вёсцы ёсць альтэрнатыўны пад’езд, ён знаходзіцца ў добрым стане. Частка яго заасфальтавана, частка – у гравійным пакрыцці, – удакладніў Мікалай Рагашчук. – Ім і трэба карыстацца. Разумею, што некаторыя дарогі наезджаныя даўно, але сёння немагчыма ўявіць, што кожнаму будзе дазволена ездзіць там, дзе яму зручней або дзе захочацца.

Акрамя таго, дадзена даручэнне прыняць меры да тых арганізацый, якія ажыццяўлялі праезд па лугавых землях.

Будучы ў раёне, Мікалай Рагашчук таксама азнаёміўся з работай такіх прадпрыемстваў, як Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат, Фрэор Рэфрыгерайшн, аграцэнтр Сула. Цікавасць выклікалі папярэднія вынікі іх работы за 2019 год і перспектывы развіцця ў 2020-м.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *