Сямейны капітал – рэальны кашалёк

Соцыум

З 1 студзеня 2020 года базавы памер сямейнага капіталу складзе 22,5 тысячы беларускіх рублёў і будзе штогод індэксавацца ў залежнасці ад тэмпаў росту спажывецкіх цэн. Таксама з новага года сродкамі сямейнага капіталу можна распарадзіцца датэрмінова.

Гэтыя сродкі могуць быць выкарастаны датэрмінова толькі на пэўныя мэты, у прыватнасці на будаўніцтва (рэканструкцыю) ці набыццё аднакватэрнага жылога дома, кватэры і пагашэнне запазычанасці па крэдытах, якія выдзелены на гэтыя мэты; на атрыманне на платнай аснове членам  (членамі) сям’і вышэйшай адукацыі I ступені, сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў дзяржаўных установах адукацыі; на атрыманне членам (членамі) сям’і платных медыцынскіх паслуг, якія аказваюць арганізацыі аховы здароўя.

Як адзначылі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, парадак выдзялення сямейнага капіталу рэгулюецца Палажэннем аб выдзяленні сямейнага капіталу, якое зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 345 ад 18 верасня 2019 года і іншымі дакументамі. Права на атрыманне сямейнага капіталу маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у Беларусі: матуля (мачаха) у поўнай сям’і, адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і, усынавіцель (удачарыцель). Гэта права можна выкарыстаць толькі адзін раз.

Важнай умовай з’яўляецца нараджэнне, усынаўленне (удачарэнне) трэцяга або наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2024 года ўключна пры ўмове, што з улікам народжанага або ўсыноўленага (удачаронага) дзіцяці (дзяцей) у сям’і выхоўваюцца трое і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Пры гэтым дата нараджэння ўсыноўленага (удачаронага) дзіцяці павінна быць не раней чым 1 студзеня 2015 года.

Пры прызначэнні сямейнага капіталу не ўлічваюцца дзеці, над якімі ўстаноўлена апякунства, у адносінах да якіх бацькі (адзін з бацькоў) пазбаўлены бацькоўскіх правоў, адабраныя з сям’і, памерлыя, а таксама тыя, ад якіх адмовіліся. Калі ў поўнай сям’і матуля (мачаха) не маюць права на прызначэнне капіталу, то данае права мае бацька (айчым) пры выкананні ўмоў, якія ўстаноўлены заканадаўствам.

Рэалізаваць права на прызначэнне сямейнага капіталу можна на працягу шасці месяцаў з дня нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга або наступных дзяцей.

Сродкі сямейнага капіталу (у тым ліку налічаныя працэнты) не перадаюцца ў спадчыну і вызваляюцца ад падаходнага падатку з фізічных асоб, на іх не можа быць звернута спагнанне.

Пасля спаўнення 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем (усынаўленнем, удачарэннем) якога сям’я набыла права на прызначэнне сямейнага капіталу, гэтыя сродкі могуць быць выкарыстаны ў Рэспубліцы Беларусь у поўным аб’ёме або па частках у безнаяўным парадку па адным або па некалькіх напрамках: паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, атрыманне медыцынскай дапамогі, атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, фарміраванне накапляльнай (дадатковай) пенсіі матулі (мачысе) у поўнай сям’і, аднаму з бацькоў у няпоўнай сям’і, усынавіцелю (удачарыцелю).

Сродкі сямейнага капіталу (у тым ліку налічаныя працэнты), па якія не звярнуліся ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы з заявай аб распараджэнні імі на працягу трох гадоў пасля спаўнення 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем якога сям’я набыла права на прызначэнне сямейнага капіталу, падлягаюць вяртанню ў рэспубліканскі бюджэт.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *