Прыярытэт – за прафілактычнай работай

Апавяшчальнік. Служба 101, 112 Важное Пожарная безопасность Спецвыпускі «Праменя»

Прыярытэты ў пажарнапрафілактычнай рабоце застаюцца за сем’ямі (шматдзетнымі і тымі, дзе дзеці прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы), састарэлымі, якія пражываюць адны, і, безумоўна, за асобамі, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі. Асобны напрамак дзейнасці – з моладдзю.

У мінулым годзе для вучнёўскай моладзі быў арганізаваны раённы злёт юных выратавальнікаў-пажарных, які ўпершыню набыў фармат двухдзённага форуму. Ён атрымаў добрыя водгукі як у дзяцей, так і ў педагогаў, і таму мяркуецца зрабіць яго традыцыйным. Нядрэнныя вынікі паказалі вучні Стаўбцоўшчыны ў школе бяспекі, палявым лагеры, на конкурсах вясёлых і знаходлівых, малюнкаў і іншых раённага і абласнога ўзроўняў. У сувязі з гэтым і райаддзелу па надзвычайных сітуацыях прысуджана трэцяе, прызавое, месца ў конкурсе прапаганды Мінскага абласнога ўпраўлення МНС (непасрэдна адказвае за гэты напрамак дзейнасці інспектар Вольга Салей).

– У сувязі з гэтым нельга не адзначыць якасную работу і з боку школ раёна, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, – выказвае задаволенасць супрацоўніцтвам начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын. Ён таксама падкрэсліў  эфектыўную работу аглядавых камісій пры сельвыканкамах, якая на працягу 2019 года набыла новы імпульс. Выратавальнікі працягваюць выступленні ў працоўных калектывах, сустрэчы на сельскіх сходах.

У РАНС сярод актуальных задач – пашырэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы пажарных аварыйна-выратавальных пастоў. На некаторых у бягучым годзе чакаецца абнаўленне і мадэрнізацыя будынкаў. Запланавана  атрымаць аўтацыстэрну для тушэння пажараў.

На гэтым тыдні тэхніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях (каленчаты пад’ёмнік, пажарна-помпавая станцыя, рукаўны аўтамабіль) была задзейнічана ў абласных вучэннях, якія праходзілі ў Нясвіжскім замку. Іх умовы максімальна адпавядалі баявым. Для адточвання прафесійных і баявых навыкаў пройдуць вучэнні ў 2020 годзе і на аб’ектах раёна: на падстанцыі 220 кВ «Стоўбцы» і цягавай падстанцыі станцыі Коласава, у Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў і Стаўбцоўскім хлебапрыёмным прадпрыемстве.

Кадравы састаў райаддзела ўкамплектаваны, своечасова рыхтуюцца кандыдаты для замены тых, хто выходзіць у адстаўку. Сярод выратавальнікаў-пажарных нямала людзей спартыўных, якія маюць дасягненні ў міні-футболе, шматбор’і выратавальнікаў, на спаборніцтвах за званне мацнейшага пажарнага. Дарэчы, гэтыя спаборніцтвы будуць уключаны ў агульнагадавую спартакіяду выратавальнікаў-пажарных Мінскай вобласці, таму заўсёды ёсць да чаго імкнуцца.

З нагоды Дня выратавальніка Валерый Ілюшын перадаў асабоваму саставу райаддзела, ветэранам пажарнай службы і членам іх сем’яў  пажаданні моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх пачынаннях!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *