19 студзеня – Дзень выратавальніка

Апавяшчальнік. Служба 101, 112 Главное Пожарная безопасность Спецвыпускі «Праменя»

На пажары ці ў іншай надзвычайнай сітуацыі яны выратавалі не адно жыццё, у тым ліку дзіцячае

Кажуць, у жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу, а ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь атрымала прапіску добрая традыцыя – адзначаць па выніках года тых выратавальнікаў-пажарных, якія праявілі характар або якім удалося зрабіць нерэальнае. У знак павагі і ўдзячнасці іх заахвочваюць міністэрскай прэміяй. Яе ўладальнікамі сталі сёлета і 16 супрацоўнікаў Стаўбцоўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях: шэсць чалавек – за выратаванне людзей на пажарах, столькі ж – за паспяховае тушэнне агню, чатыры – за дапамогу пацярпелым у ДТЗ.

Мы пагутарылі з некаторымі з гэтых «хлопцаў з характарам» і даведаліся пра іх адносіны да прафесіі, жыццёвыя і карпаратыўныя каштоўнасці.

Юрый Янушэвіч, старшы пажарны

(У РАНС служыць з 2006 года, прыйшоў у прафесію па прыкладзе бацькі)

– На пажары патрабуецца аўтаматычная рэакцыя. Не выключэннем быў і той леташні пажар у кватэры па вуліцы Міру, калі неабходна было ратаваць траіх дзяцей і матулю. Адначасова тушылі ачаг у кватэры на чацвёртым паверсе і праводзілі эвакуацыю з верхняга, пятага, паверха. Паўсюдна было моцнае задымленне, таму спяшаліся абследаваць усе кватэры (у апараце, што за спіной, хапае сціснутага паветра на 30-40 мінут інтэнсіўнай работы). Кожная такая сітуацыя – складаная і нестандартная, вымагае зладжаных дзеянняў усяго каравула… І на разуменне стаўбчан мы спадзяёмся. Калі наша машына з уключанымі маячкамі імчыць да месца здарэння па вуліцах горада, то большасць удзельнікаў дарожнага руху саступае дарогу. І нам таксама, нягледзячы на аператыўны выклік, прадпісана рухацца ў адпаведнасці з правіламі дарожнага руху.

Віталь Кожыч, намеснік начальніка РАНС па аператыўна-тактычнай рабоце

(У РАНС пачынаў у 2004 годзе)

– Функцыі ў выратавальнікаў-пажарных відавочна пашыраюцца, і іх мы імкнёмся выконваць на высокім узроўні. Спраўляемся з тушэннем агню нават у аддаленых, малаперспектыўных населеных пунктах, дзе адсутнічаюць пажарныя вадаёмы, таму што маем на ўзбраенні аўтацыстэрны ёмістасцю 10 тон вады (для параўнання: раней магчымасці былі ў чатыры разы меншыя). Хацелася б садзейнічання ў органаў мясцовай улады ў набыцці спецыяльных касцюмаў і абсталявання для выдалення джаланосных насякомых (у 2019 годзе ў раёне зафіксавана 60 падобных выездаў). Тры выклікі былі звязаны з адловам змей, якія запаўзлі ў памяшканні. І ў гэтых выпадках нашы байцы дзейнічалі смела, не зважаючы на тое, што пакуль не маюць адмысловага аснашчэння. Сваімі сіламі, без выкліку вадалазаў, змаглі дастаць з возера ў Горках патанулага рыбака…

Павел Александровіч, начальнік каравула

– Калі надзвычайная сітуацыя здараецца днём і сігнал, як правіла, паступае да нас своечасова, то заўсёды ёсць шанцы для выратавання пацярпелага. Значна аблягчае работу аварыйна-выратавальны інструмент (цяпер ён гідраўлічны, шматфункцыянальны). Выручае сучасная тэхніка. Вось і на выратаванне жанчыны з дзецьмі ў пяціпавярховым доме па вуліцы Міру ў Стоўбцах быў накіраваны аўтапад’ёмнік вышынёю 25 метраў. На шчасце, гэта гісторыя закончылася добра. Аднак бывае і інакш. Нясцерпна балюча бачыць загінулых на пажары дзяцей… Кожны з нас не ў стане забыць свой першы выезд на пажар, дзе здарылася трагедыя… Разам з тым, у нашай службе цяжкасцяў няма, а ёсць свая спецыфіка. Пажаданне ў новым годзе – каб было найменш надзвычайных здарэнняў, якія здольны забраць усё: здароўе, жыццё, жыллё, нажытую маёмасць…

Кірыл Малевіч, пажарны

– З калегамі нам хапіла 15 мінут, каб патушыць ачаг і эвакуіраваць жанчыну з дзецьмі, хаця там, на месцы здарэння, здавалася, што часу прайшло значна больш. Дапамаглі аператыўна справіцца з задачай навыкі – іх мы адточваем падчас трэніровак, вучэнняў. І апараты са сціснутым паветрам значна «палягчэлі»: з пазамінулага года яны сталі важыць 6 кг замест 15 кг… Калі трэба ратаваць людзей, пра цяжкасці, як і пра гераізм, не думаеш. Проста шукаеш тых, каго трэба ратаваць (часцей за ўсё з-за дыму – навобмацак), і дзейнічаеш. Прыходзіцца бачыць рознае… Выгляд моцна абгарэлых людзей нагадвае фільм жахаў… Напэўна, да гэтага немагчыма прывыкнуць, але з псіхалагічнымі асаблівасцямі службы дапамогуць справіцца вытрымка, самакантроль эмоцый. Такія вось рабочыя моманты… Моладзь прыходзіць служыць і пачынае менавіта з гэтай навукі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *