У апошні дзень 2019 года была адкрыта пасля капрамонту левая частка моста праз раку Нёман на 12-м км аўтадарогі Р 2 Стоўбцы – Івацэвічы – Кобрын.
– Работы па капітальным рамонце выкананы ў поўным аб’ёме. На вясну пакінуты толькі сезонныя мерапрыемствы, якія звязаны з добраўпарадкаваннем і пафарбоўкай моста, – зазначае начальнік ДЭУ-62 Дзмітрый Ёдчык і дзеліцца навіной: – У бягучым годзе плануецца пачаць праектаванне работ па капітальным рамонце другой, правай, часткі моста.
Такая ўвага да гэтага дарожнага збудавання з інтэнсіўным транспартным патокам невыпадковая. Мост быў пабудаваны ў 1952 годзе і рэканструяваўся толькі ў 1991 годзе.
Капрамонт яго левай часткі працягласцю 150 метраў абышоўся ў 2 мільёны 100 тысяч рублёў. Сярод асноўных работ, якія былі выкананы спецыялізаванай арганізацыяй, – замена 12 балак пралётных збудаванняў і тратуарных блокаў, устаноўка бар’ернай і парэнчавай агароджаў, рамонт апораў і конусаў, устройства пешаходнай дарожкі працягласцю 120 метраў і вулічнага асвятлення. Акрамя таго, на мосце для папярэджання забруджвання водаў Нёмана нафтапрадуктамі выканана сістэма ачысных збудаванняў.
Як вынік – мост пасля капрамонту адпавядае еўрапейскім стандартам, і з яго зняты ўсе абмежаванні адносна нагрузкі.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара