У 123 сем’ях з’явіліся першынцы

Соцыум

У 2019 годзе на Стаўбцоўшчыне нарадзіліся 355 дзяцей – 157 дзяўчынак і 198 хлопчыкаў, і гэта на восем менш, чым у 2018 годзе. 252 немаўляці зарэгістраваны ў Стоўбцах, сярод сельсаветаў найбольш іх зарэгістравана ў Рубяжэвіцкім (19), Старасвержанскім (14) і Заямнаўскім (11).

Цікава, якія імёны давалі бацькі сваім нованароджаным. Сярод мужчынскіх імён папулярнымі былі Арцём, Аляксандр і Аляксей. Па адным зарэгістраваны Альберт, Амір, Архіп, Уладзімір, Рыгор, Алег, Эльдар, Мірон, Ігнат і інш. Для дзяўчынак выбіралі такія імёны, як Ева, Мілана, Анастасія, Арына. Па адной  сустракаюцца Алёна, Вера, Дарына, Яўгенія, Злата, Карына, Яна, Эліна, Стэфанія і інш. Пералічыць усе складана, таму што летась для запісу дзяцей выкарыстана 67 мужчынскіх і 66 жаночых імён.

У мінулым годзе на Стаўбцоўшчыне зарэгістраваны тры двойні. Да 38 павялічылася колькасць рэгістрацый дзяцей у маці, якія не знаходзяцца ў законным шлюбе. Трое дзетак нарадзіліся ў мамаў ва ўзросце да 18 гадоў.

У 123 сем’ях раёна ў 2019 годзе з’явіўся першынец, у 119 сем’ях – другое па ліку дзіця. Радуе тое, што 74 сям’і, у якіх нарадзілася трэцяе дзіця, набылі статус шматдзетнай. А ў 29 сем’ях нарадзілася чацвёртае дзіця, у дзевяці – пятае, у адной – сёмае.

Кажучы пра нараджэнне дзяцей, нельга не сказаць і пра заключэнне шлюбаў. Іх колькасць у раёне ў параўнанні з 2018 годам фактычна засталася на адным узроўні і склала 227 рэгістрацый. 63 рэгістрацыі праведзены ва ўрачыстай абстаноўцы. У аддзеле ЗАГС зарэгістравана 20 шлюбаў з замежнымі грамадзянамі, сярод якіх дзевяць – грамадзяне Расійскай Федэрацыі, шэсць – Украіны, тры – Казахстана, па адным – Туркменістана і Польшчы.

Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб мужчын – 30 гадоў, жанчын – 28. Чатыром нявестам быў зніжаны шлюбны ўзрост. На момант заключэння шлюбу чатыром жаніхам і адной нявесце было больш за 60 гадоў. Для скасавання шлюбу ў аддзел  ЗАГС звярнуліся 40 сямейных пар, што на 12 больш, чым у 2018 годзе.

15 грамадзянам была выканана рэгістрацыя перамены прозвішча, уласнага імені і імя па бацьку.

У 2019 годзе на Стаўбцоўшчыне зарэгістраваны 693 смерці, і гэта на 38 менш, чым у папярэднім годзе. Сярэдні ўзрост памерлых: сярод мужчын – 68 гадоў, сярод жанчын – 78 гадоў. 111 чалавек сярод памерлых знаходзіліся ў працаздольным узросце.

Падводзячы вынікі работы органаў ЗАГС Стаўбцоўскага раёна, варта сказаць, што ўсяго ў 2019 годзе зроблены 1371 запіс актаў грамадзянскага стану.

Надзея КАРТУЗАВА, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *