Моладзь выказалася за спартыўную пляцоўку

Важное Эканомiка

У Стоўбцах у мінулым годзе пачалі ствараць футбольна-баскетбольную пляцоўку. Сродкі на гэты «народны» аб’ект выдаткаваны з рахунку раённага суботніка. На даны момант спартыўная пляцоўка памерам 20х40 метраў на вуліцы Ленінскай, побач з інтэрнатам ПМК-233, фактычна адсыпана і агароджана. Набыта для яе і гумовае пакрыццё – яно чакае вясны.

За сродкі суботніка зроблена футбольна-валейбольная пляцоўка на вуліцы Ленінскай у Стоўбцах, побач з інтэрнатам ПМК-233

– Калі зменяцца ўмовы надвор’я, усе работы на ўвядзенні спартыўнай пляцоўкі ў эксплуатацыю будуць завершаны. З’явяцца побач і неабходныя пешаходныя сувязі, – удакладняе  намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака.

З амаль 103-х тысяч рублёў, што паступілі летась на рахунак раённага суботніка, на гэты аб’ект выдаткавана львіная доля – 62 тысячы 600 рублёў. З гэтай нагоды прайшла нарада, на якой старшынёй райвыканкама Дзянісам Колясенем была пастаўлена задача выканаць усе работы сіламі мясцовых арганізацый паводле сабекошту. «Гэта азначае, што выканаўцам работ былі кампенсаваны толькі кошт матэрыялаў і выдаткі на заработную плату», – падкрэслівае Аляксандр Цывака.

Як вядома, адсыпка спартыўнай пляцоўкі вялася з кар’ера ДЭУ-62 з прыцягненнем тэхнікі аўтапарка № 17 і дзвюх дарожных арганізацый – ДРБУ № 135 і ДЭУ-62. Вывезена 665 м3 пяску, а таксама 120 м3 пясчана-гравійнай сумесі. Падлікі паказалі, што абышоўся праект значна танней, чым мог бы на рынку паслуг. Названыя вышэй прадпрыемствы выконвалі работы паміж справай, не наносячы шкоду сваёй вытворча-гаспадарчай дзейнасці.

Падобны падыход дазволіў выдаткоўваць сабраныя на суботніку сродкі не толькі эканомна, але і гібка. Да прыкладу, Стаўбцоўскай ПМК была выраблена агароджа з профільнай трубы нестандартнай вышыні – 3х5 метраў (стандартная агароджа – 2х4 метры), што дазволіць мячу не вылятаць падчас гульні за межы пляцоўкі.

– Чаму сродкі ад суботніка былі накіраваны менавіта на стварэнне спартыўнай пляцоўкі? – цікавімся ў Аляксандра Цывакі.

– Спартыўная пляцоўка – гэта ключавы, але не адзінкавы аб’ект. З яго вызначэннем дапамагло апытанне, праведзенае сярод школьнікаў раёна ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме. Дзеці выказаліся за дадатковую футбольна-валейбольную пляцоўку ў Стоўбцах.

– Аляксандр Мікалаевіч, жыхарам раёна будзе цікава ведаць, куды размеркаваны іншыя сродкі ад суботніка?

– Акрамя стварэння спартыўнай пляцоўкі набыты спартыўны комплекс коштам тры тысячы рублёў і гульнявы грандкомплекс «Ромашка» коштам 20 тысяч рублёў. Ажыццёўлены мантаж абодвух за бюджэтныя сродкі – побач з ФАКам і ў парку «Дружба народаў» у Стоўбцах адпаведна. Прыемна бачыць, як гараджане карыстаюцца імі. Не засталіся без падтрымкі і сельскія жыхары. Скажу, што з агульнай сумы сельвыканкамам вылучаны сродкі, якія пайшлі на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, помнікаў загінулым у гады вайны і інш. У нас яшчэ ёсць невялікая сума – восем тысяч рублёў, якая будзе ўкладзена ў справу добраўпарадкавання райцэнтра.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *